Работа ідзе планамерна, у ёй стала менш фармалізму

- 11:08Інфармацыйная гадзіна

Камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва прапаноўваюць гібкія сцэнарыі для вырашэння праблем людзей. Такое меркаванне выказаў Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка.

У Беларусі дзейнічаюць цяпер амаль 150 камісій па садзейнічанні занятасці. Актыўны ўдзел у іх дзейнасці прымаюць і дэпутаты. “Работа ідзе планамерна, у ёй стала менш фармалізму, а вывучэнне праблемных жыццёвых сітуацый, у якіх аказваюцца людзі, дазваляе распрацоўваць гібкія сцэнарыі іх вырашэння. І вынікі не прымусілі сябе чакаць. Многія грамадзяне ўжо скарысталіся магчымасцю ўладкавацца на работу, прайсці перападрыхтоўку, адкрыць або вывесці з ценю свой бізнес. Толькі за першае паўгоддзе па дапамогу ў працаўладкаванні ў камісіі звярнуліся амаль 4 тысячы чалавек. І гэта, згадзіцеся, дастаткова пазітыўны сігнал”, — адзначыў спікер.

Стварэнне пастаянна дзеючых камісій прадугледжана дэкрэтам № 1, якім зацверджаны меры па садзейнічанні занятасці насельніцтва. “Дэкрэт дазволіў зрушыць справу з мёртвай кропкі. Калі раней органы ўлады рухаліся ў гэтым напрамку, скажам так, навобмацак, то цяпер у нас створана даволі стройная сістэма ўзаемадзеяння мясцовых адміністрацый, органаў занятасці, МУС, сацыяльных службаў, сістэмы адукацыі”, — падкрэсліў Уладзімір Андрэйчанка.