Работа кожнага дня

- 9:39Планёрка ў рэгіёне, Суразмоўца, Суразмоўца

З начальнікам упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Крупскага райвыканкама Уладзімірам Рогавым гаворым аб творчасці ў рабоце і ўменні цаніць кадры.

— Уладзімір Іванавіч, ведаю, што яшчэ нядаўна вы былі дырэктарам Хацюхоўскай школы імя Ула­дзіміра Кавалёнка, якую ў свой час самі скончылі. Напэўна, гэта асаблівая адказнасць — перш за ўсё перад сваімі ж настаўнікамі?

— Ваша праўда, я вярнуўся да многіх з тых педагогаў, якія вучылі мяне. Трэба было апраўдаць іх надзеі, і ў той жа час паказаць сябе, не згу­біцца. Але ў мяне ўжо быў вопыт работы метадыстам і першым сакратаром раённага камітэта БРСМ, і гэты арганізацыйна-метадычны вопыт, бясспрэчна, дапамог. Тры гады майго дырэктарства, лічу, былі даволі паспяховымі для нашай установы адукацыі. Не буду хаваць:  вядома ж, хваляваўся. 600 педагогаў, 2367 вучняў і 760 выхаванцаў дашкольных устаноў адукацыі — пагадзіцеся, гэта ўжо зусім іншы ўзровень адказнасці.

— Сваю школу пакінулі на моцныя плечы?

— Так, у гэтым навучальным годзе сюды прыйшоў працаваць малады дырэктар, гісторык, які пераехаў да нас у Крупскі раён з іншай мясцовасці. Дарэчы, такі ж малады дырэктар, і таксама гісторык, у нас у Нацкай сярэдняй школе. Людзі яны творчыя, неабыякавыя, і гэта станоўча адбіваецца на рабоце.

А наогул, наша Крупшчына багатая на традыцыі, на знакамітых людзей — гэта касманаўт Уладзімір Кавалёнак, алімпійская чэмпіёнка Кацярына Карстэн, пісьменнік Васіль Зуёнак. А яшчэ ў нас вельмі маляўнічая прырода. Так што педагогам ёсць чым падсілкоў­ваць творчы пачатак у рабоце.

— І за межамі Крупскага раёна вядомы ваш тэатр мініяцюр, створаны ў Цэнтры дзіцячай творчасці…

— Мы ім вельмі ганарымся. Апошні спектакль “Асвенцім. Запіскі мёртвага дома” прымаў удзел у міжнародным фестывалі “Бай фэст” і атрымаў дыплом ІІ ступені. Гэты спектакль, дарэчы, мы паказвалі і на сцэне раённага Дома культуры.

Сумесна з раённым камітэтам прафсаюза мы пачалі праект “Алея памяці ветэранаў педагагічнай працы”. Такая алея ўжо закладзена — у памяць пра тых педагогаў, якіх ужо няма з намі, але якім будзем удзячны заўсёды.

Перакананы, у кожнай установе адукацыі сёння на першым месцы павінна быць работа па патрыятычным выхаванні нашых дзяцей. Музеі, музейныя пакоі — гэта само сабой. Важная жывая і карысная, цікавая дзецям работа кожнага дня. Мы, напрыклад, працягваем супрацоўніцтва з Уфой, там таксама ёсць школа імя Уладзіміра Кавалёнка. А мінулым летам пяці нашым дзецям пашчасціла пабываць у міжнароднай аэракасмічнай школе! Былі сустрэчы з касманаўтамі, была відэасувязь з міжнароднай касмічнай станцыяй, праводзілася алімпіяда на тэму творчых даследчых праектаў. Нашы дзеці занялі ўсе прызавыя месцы! Сёлета мы ўжо самі чакаем гасцей з Расіі…

У нас у раёне ёсць і такая цікавая практыка: праводзіць саветы ці нарады на базе ўстаноў адукацыі — па пэўнай тэматыцы. Гэта заўсёды карысна і цікава для калег.

— Прызнайцеся, Уладзімір Іванавіч, не шкадуеце, што не пайшлі па навуковым шляху, бо, ведаю, збіраліся ў студэнцтве?

— Сапраўды, былі такія думкі, але прайшоў студэнтам практыку ў ліцэі № 2 Мінска і вырашыў спыніцца на педагагічнай практычнай рабоце. Дарэчы, большасць маіх аднакурснікаў сёння працуюць ва ўстановах адукацыі Мінскай вобласці настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры. І сваю цяперашнюю работу я лічу вельмі творчай.

Кацярына РУМЯНЦАВА. 
Фота аўтара.