Работа не дзеля птушачкі, а дзеля бяспекі

Хто нясе адказнасць за няшчасны выпадак з работнікам? Як правіла, над гэтым пытаннем ва ўстановах адукацыі задумваюцца толькі тады, калі гэтае здарэнне ўжо адбылося. Між тым дакладнае веданне і выкананне правіл аховы працы здольна не толькі даць адказ на гэтае пытанне, але і папярэдзіць многія няшчасныя выпадкі на вытворчасці, калі гэтая работа насамрэч праводзіцца не дзеля птушачкі, а дзеля бяспекі работнікаў.
На пытанні нашых чытачоў у гэтай сферы адказвае галоўны тэхнічны інспектар працы Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Марыя Леанідаўна ЛЯСУН.

— З сельскай школы да вас пытанне. На балансе нашай установы маецца школьны аўтобус, які выкарыстоўваецца для падвозу дзяцей да месца навучання і назад. Вадзіцеля аўтобуса прымае на работу дырэктар. Гэтак жа загадам дырэктара асобай, адказнай за выпуск на лінію школьнага аўтобуса і вадзіцеля, прызначаны загадчык гаспадаркі школы. Ці правамерна гэта? Усё ж такі для ажыццяўлення гэтых функцый неабходны пэўныя веды…
М.Л.:— Не, не правамерна. У службовыя абавязкі загадчыка гаспадаркі школы не ўваходзяць гэтыя функцыі, да таго ж ён не мае адпаведнай кваліфікацыі для выканання гэтых абавязкаў. У адпаведнасці з Міжгаліновымі правіламі па ахове працы на аўтамабільным і гарадскім электрычным транспарце, зацверджанымі пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны і Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь ад 4 снежня 2008 г. № 180/128, дырэктар школы, з’яўляючыся наймальнікам, абавязаны выпускаць на лінію тэхнічна спраўны транспартны сродак, што павінна пацвярджацца запісамі ў дарожным лісце асобы, адказнай за выпуск школьнага аўтобуса на лінію, і вадзіцеля.
Рашэнне аб допуску вадзіцеля да кіравання аўтобусам павінна прымацца службовымі асобамі кожны працоўны дзень. Для гэтага перад афармленнем дарожнага ліста з дазволам на выезд неабходна ацаніць стан вадзіцеля ў ходзе перадрэйсавага медыцынскага абследавання медыцынскім работнікам пры наяўнасці ў яго робатадаўцы ліцэнзіі на ажыццяўленне медыцынскай дзейнасці, у якую ўваходзяць работы і паслугі па аглядзе на допуск да працы. З гэтай мэтай школа або аддзел адукацыі, спорту і турызму павінны заключыць дагавор з установай аховы здароўя (з тэрытарыяльнай паліклінікай, бальніцай ці фельчарска-акушэрскім пунктам) на правядзенне перадрэйсавага медыцынскага абследавання вадзіцеля устаноў адукацыі. Што тычыцца выпуску на лінію школьнага аўтобуса ў тэхнічна спраўным стане, то адпаведны дагавор школе, якая мае статус юрыдычнай асобы, неабходна заключыць з раённым аддзелам адукацыі, спорту і турызму пры наяўнасці ў іх штаце механіка, які будзе выконваць гэтыя функцыі. Пры адсутнасці ў штаце аддзела адукацыі, спорту і турызму названай пасады або пры знаходжанні школы на аддаленай адлегласці ад раённага цэнтра, неабходна заключыць дагавор са спецыялізаванай арганізацыяй (аўтагаспадаркі тэрытарыяльных сельскагаспадарчых арганізацый) на выкананне гэтых абавязкаў спецыялістамі гаспадарак. Такія рашэнні часта прымаюцца на ўзроўні мясцовай выканаўчай улады.
Пры гэтым загадчык гаспадаркі школы абавязаны забяспечыць кантроль за своечасовым выкананнем арганізацыямі ўмоў заключаных дагавораў.

— У нашым дзіцячым садзе, гэтак жа, як і ў іншых дашкольных установах і школах, адсутнічаюць кваліфікаваныя рабочыя па будаўнічых спецыяльнасцях, таму рамонтныя работы праводзяцца сіламі падрадных арганізацый. Ці будзе несці адказнасць загадчык ясляў-сада за гарантаванне патрабаванняў бяспечнага правядзення работ на тэрыторыі ўстановы адукацыі іншымі арганізацыямі?
М.Л.: — Загадчык ясляў-сада застрахуе сябе ад адказнасці за гарантаванне патрабаванняў бяспечнага правядзення работ пры належнай арганізацыі комплексу мерапрыемстваў для правядзення работ сіламі падраднай арганізацыі на тэрыторыі дашкольнай установы. Па-першае, у дагаворы, які заключаецца аддзелам адукацыі, спорту і турызму з падраднай арганізацыяй, акрамя ўмоў, устаноўленых заканадаўствам, павінны быць вызначаны абавязацельствы бакоў па гарантаванні бяспечных умоў працы работнікаў іншай арганізацыі на тэрыторыі ўстановы адукацыі.
Далей, у адпаведнасці з Інструкцыяй аб парадку навучання, стажыроўкі, інструктажу і праверкі ведаў працуючых па пытаннях аховы працы, зацверджанай пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь ад 28 лістапада 2008 г. № 175, загадчык абавязаны забяспечыць правядзенне ўступнага інструктажу з рэгістрацыяй у журнале рэгістрацыі ўводнага iнструктажу па ахове працы дашкольнай установы з усімі работнікамі падраднай арганізацыі, якія будуць выконваць работы на тэрыторыі ясляў-сада ў адпаведнасці з заключаным дагаворам.
Першасны iнструктаж на рабочым месцы з рэгістрацыяй у журнале рэгістрацыі інструктажу па ахове працы падрадчыка праводзіць кіраўнік работ падраднай арганізацыі пры ўдзеле кіраўніка або спецыяліста ясляў-сада.
Перад пачаткам выканання будаўніча-мантажных работ на тэрыторыі ясляў-сада загадчык сумесна з прадстаўніком падраднай арганізацыі абавязаны аформіць акт-допуск па форме, прыведзенай у дадатку А да тэхнічнага кодэксу ТКП 45-1.03-40-2006 “Бяспека працы ў будаўніцтве. Агульныя патрабаванні”. У адпаведнасці з актам-допускам, бакам неабходна распрацаваць мерапрыемствы, якія гарантуюць бяспеку правядзення работ. Адказнасць за выкананне мерапрыемстваў, прадугледжаных актам-допускам, нясуць кіраўнікі будаўнічай арганізацыі і дашкольнай установы.
Улічваючы, што правядзенне будаўніча-мантажных работ не з’яўляецца функцыяй установы адукацыі, то адказнасць за гарантаванне патрабаванняў бяспечнага правядзення работ ускладаецца на спецыялізаваную падрадную арганізацыю, а на яслі-сад — прадастаўленне адпаведнай тэрыторыі або памяшканняў для правядзення на іх работ сіламі іншай арганізацыі, а таксама ажыццяўленне кантролю. У выпадку, калі названыя мерапрыемствы не будуць своечасова і належным чынам арганізаваны, уся паўната адказнасці пры правядзенні работ падраднай арганізацыяй на тэрыторыі ясляў-сада ўскладаецца на кіраўніка дашкольнай установы адукацыі.

— У нашай школе распрацаваны вялікі пералік работнікаў, якія так ці інакш выкарыстоўваюць у сваёй рабоце электрапрыборы (ксераксы, камп’ютары, тэлевізары, пыласосы, кінапраектар, мікрахвалеўкі і г.д.). Раней праверку ведаў на I групу па электрабяспецы праводзіў з імі інжынер-электрык аддзела адукацыі адзін раз у 3 гады з рэгістрацыяй у спецыяльным журнале. Як цяпер у сувязі са зменай заканадаўства праводзіць і афармляць праверку ведаў?
М.Л.: — Група I па электрабяспецы прысвойваецца неэлектратэхнічнаму персаналу, які выконвае работу, пры якой можа паўстаць небяспека паражэння электрычным токам.
З 1 чэрвеня 2014 г. на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь уведзены ў дзеянне Змена № 1 ТКП 181-2009 “Правілы тэхнічнай эксплуатацыі электраўстановак спажыўцоў”, у выніку чаго істотна змяніўся парадак прысваення неэлектратэхнічнаму персаналу I групы па электрабяспецы. Фактычна перастала існаваць паняцце “праверка ведаў неэлектратэхнічнага персаналу на I групу па электрабяспецы”. Асноўныя пытанні, з якімі павінен быць азнаёмлены персанал, што выконвае работу, пры якой можа паўстаць небяспека паражэння электрычным токам, неабходна ўнесці ў праграму ўводнага iнструктажу:
— уяўленне аб небяспецы электрычнага току, небяспекі набліжэння да токавядучых частак;
— практычныя навыкі аказання першай дапамогі пацярпелым.
З імі знаёміць работнікаў, вызначаных адпаведным пералікам, інжынер па ахове працы або спецыялiст, на якога ўскладзены гэтыя абавязкi, у ходзе правядзення ўступнага інструктажу па ахове працы. Наяўнасць групы па электрабяспецы ў інжынера па ахове працы спецыяльна для правядзення ўступнага інструктажу не патрабуецца. Вынікі інструктажу афармляюцца ў журнале рэгістрацыі ўводнага iнструктажу па ахове працы. Асобны запіс аб прысваенні I групы па электрабяспецы ў гэтым журнале не робіцца, спецыяльныя журналы для гэтай мэты таксама не вядуцца.

— З прафкама студэнтаў вас турбуюць. У апошні час студэнтаў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных устаноў адукацыі ўсё часцей прыцягваюць да работ пры арганізацыі грамадска-значных мерапрыемстваў і працоўных акцый па-за вучэбнымі заняткамі рашэннем органаў мясцовай выканаўчай і распарадчай улады: уборка тэрыторыі, сельскагаспадарчыя работы, удзел у падсобных работах на будаўнічых аб’ектах. Як неабходна арганізаваць іх работу, каб забяспечыць здаровыя і бяспечныя ўмовы працы?
М.Л.: — У адпаведнасці з патрабаваннямі Інструкцыі аб парадку навучання, стажыроўкі, інструктажу і праверкі ведаў працуючых па пытаннях аховы працы, зацверджанай пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь ад 28 снежня 2008 г. № 175, з навучэнцамі ўстаноў адукацыі перад пачаткам працоўнай дзейнасці па-за вучэбнымі заняткамі (студэнцкія атрады, лагеры працы і адпачынку, iншыя працоўныя аб’яднанні, сельскагаспадарчыя, будаўнічыя і іншыя работы) неабходна правесці навучанне па пытаннях працоўнага заканадаўства і аховы працы ва ўстановах адукацыі. Арганізацыі, якія прыцягваюць да работ студэнтаў, праводзяць іх навучанне, інструктаж, стажыроўку і праверку ведаў па пытаннях аховы працы.
Названыя работы павінны выконвацца навучэнцамі на падставе працоўных або грамадзянска-прававых дагавораў з абавязковым захаваннем работадаўцам і самімі работнікамі патрабаванняў заканадаўства аб ахове працы.
Пры правядзенні рэспубліканскіх суботнікаў, устаноўленых Урадам Рэспублікі Беларусь, або мясцовых суботнікаў, якія праводзяцца мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, навучэнцы прыцягваюцца да ўдзелу ў іх на падставе загаду ўстановы адукацыі аб правядзенні суботніка і ўдзеле ў іх навучэнцаў, які вызначае мэты правядзення і характар работ, а таксама асоб, адказных за арганізацыю бяспечнага правядзення работ на суботніку і навучанне патрабаванням бяспекі навучэнцаў з наступнай праверкай іх ведаў шляхам вуснага апытання.

— Ці павінен быць ва ўстанове адукацыі пакой прыёму ежы для работнікаў? Калі так, то чым ён павінен быць абсталяваны?
М.Л.: — Артыкулам 30 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб ахове працы” і артыкулам 231 Працоўнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь прадугледжана абсталяванне наймальнікамі санітарна-бытавых памяшканняў для работнікаў, у тым ліку памяшканняў для прыёму ежы. Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 7 лютага 2012 г. № 127 пасля правядзення адпаведнага маніторынгу ўстаноўлена, што рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання, аблвыканкамам і Мінскаму гарвыканкаму неабходна прыняць меры па стварэнні юрыдычнымі асобамі ўсіх форм уласнасці ўмоў для харчавання работнікаў шляхам арганізацыі работы аб’екта грамадскага харчавання (сталовая, кафэ, буфет) ці абсталявання памяшкання для прыёму ежы. Таксама рэкамендавана наймальнікам і прафсаюзным арганізацыям уключаць у калектыўныя дагаворы пытанні стварэння ўмоў для харчавання работнікаў і патаннення яго кошту.
Калі ў вашай установе адукацыі адсутнічаюць аб’екты грамадскага харчавання, то наймальнік абавязаны забяспечыць для работнікаў абсталяванне памяшкання для прыёму ежы. У адпаведнасці з ТКП 45-3.02-209-2010 “Адміністрацыйныя і бытавыя будынкі. Будаўнічыя нормы праектавання”, плошчу пакоя прыёму ежы варта вызначаць з разліку 1 кв.м на кожнага наведвальніка, але не менш за 12 кв.м. Пакой прыёму ежы павінен быць абсталяваны рукамыйнікам, стацыянарным кіпяцільнікам, электрычнай плітой, мікрахвалевай печчу і халадзільнікам.
Варта адзначыць, што ў калектыўным дагаворы можа быць прадугледжана абсталяванне памяшкання для прыёму ежы і пры наяўнасці ва ўстанове адукацыі аб’екта харчавання.

— Ці абавязкова прызначаць адказнага за цеплавую гаспадарку ў школе, і хто гэта павінен быць?
М.Л.: — Так, неабходна. У адпаведнасці з ТКП 458-2012 “Правілы тэхнічнай эксплуатацыі цеплаўстановак і цеплавых сетак спажыўцоў”, дырэктар школы загадам абавязаны прызначыць асобу, адказную за цеплавую гаспадарку ў школе. Пры выкарыстанні цеплавой энергіі толькі для патрэб ацяплення і гарачага водазабеспячэння такую адказнасць кіраўнік мае права ўскласці на спецыяліста, які не мае адпаведнай адукацыі, але які прайшоў навучанне ў аб’ёме названых правіл і праверку ведаў у камісіі аддзела адукацыі, спорту і турызму з абавязковым удзелам прадстаўніка органа дзяржаўнага энергетычнага нагляду.
Як правіла, такая адказнасць ускладаецца ў школе на намесніка дырэктара па гаспадарчай рабоце ці загадчыка гаспадаркі. Падставай для прызначэння загадам асобы, адказнай за цеплавую гаспадарку ў школе, павінна быць выдадзеная на рукі кіраўніку выпіска з пратакола праверкі ведаў яго намесніка па гаспадарчай рабоце. Арганізацыю цэнтралізаванага навучання асоб, адказных за цеплавую гаспадарку ўсіх падведамасных устаноў адукацыі, павінен забяспечыць аддзел адукацыі, спорту і турызму па ўзгадненні з прадпрыемствам Дзяржэнерганагляду.

Падрыхтавала Алена МАРКЕВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.