Работа ў журналістыцы павінна быць прадметам гонару, паколькі яна цікавая і ўплывовая

Журналіст павінен вучыцца і развівацца заўсёды, дзе б ён ні працаваў. Такое меркаванне выказаў на сустрэчы з першакурснікамі факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта першы намеснік міністра інфармацыі Беларусі Павел Лёгкі.

“Да кожнага жыццёвага скрыжавання трэба падыходзіць у статусе прафесіянала, які здольны не проста добра рабіць сваю справу, але і развівацца. Гэта адзін з вызначальных фактараў для прафесіянала — здольнасць развівацца далей, “гарэць” сваёй справай”, — сказаў Павел Лёгкі.

Паводле яго слоў, работа ў сферы журналістыкі павінна быць прадметам гонару, паколькі яна цікавая і ўплывовая. Пры гэтым вельмі важна быць адукаваным, якасным спецыялістам, для чаго студэнтам трэба ў час вучобы выкарыстоўваць усе магчымасці, каб выйсці пасля заканчэння факультэта са значным багажом ведаў і ўменняў. Прафесіяналізм жа прыйдзе з вопытам.

Павел Лёгкі, які доўгі час працаваў у Расіі, адзначыў даволі высокі прафесійны ўзровень беларускіх журналістаў. “Можа, нейкія тэхналогіі да нас даходзяць пазней, можа, не заўсёды хапае сродкаў на нейкія суперсучасныя формы работы, але самае галоўнае — у нас адносна моцныя журналісцкія кадры, — лічыць ён. — І мне хацелася б, каб вы не падвялі нашу школу журналістыкі і сталі адукаванымі, якаснымі журналістамі, якія зробяць добрую кар’еру і заўсёды будуць ганарыцца тым, што калісьці скончылі журфак БДУ”.

Галоўны рэдактар газеты “СБ. Беларусь сегодня” Дзмітрый Жук звярнуўся да пачынаючых журналістаў як будучы наймальнік. Ён даў практычныя парады першакурснікам: дакладна разумець, як і чым жыве краіна, каб ведаць тэму, па якой вядзецца расказ; свабодна пісаць і гаварыць на рускай і беларускай мовах, валодаць англійскай, без чаго сёння не знайсці добрую работу; умець працаваць аператыўна. Ад журналістаў заўсёды будуць патрабавацца сумленнасць, адкрытасць, таленавітасць і, галоўнае, здаровая доля нахабства. Гэта тыя ўмовы, якія неабходны для поспеху ў прафесіі.