Рабства праз інтэрнэт: процістаянне

Не сакрэт, што інтэрнэт, гэтае шырокадаступнае дасягненне цывілізацыі, злачынцы нярэдка выкарыстоўваюць у сваіх мэтах. І не толькі для гандлю наркотыкамі, але і для гандлю жывым таварам, распаўсюджвання дзіцячай парнаграфіі і г.д. Як паведаміў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і процідзеянні гандлю людзьмі Міністэрства ўнутраных спраў Сяргей Фёдаравіч Коўтун, 90% з 47-мі мінулагодніх злачынстваў, звязаных з распаўсюджваннем дзіцячай парнаграфіі, былі здзейснены з выкарыстаннем інтэрнэту.

Але справа, канечне, не ў самой сусветнай павуціне, а ў процідзеянні любым злачынствам і іх прафілактыцы. Так, з 2012 года дзейнічае Закон Рэспублікі Беларусь “Аб процідзеянні гандлю людзьмі”. Уведзены інстытут Нацыянальнага дакладчыка па пытаннях процідзеяння гэтаму віду злачынстваў. У снежні мінулага года прыняты дапаўненні і змяненні ў Закон “Аб процідзеянні гандлю людзьмі”, раней пры Акадэміі МУС створаны вучэбны цэнтр падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі, перападрыхтоўкі кадраў у гэтай сферы і сферы міграцыі. З 1 сакавіка 2014 года ў нашай краіне ўступіла ў сілу адпаведная Канвенцыя Савета Еўропы. Беларусь, дарэчы, адзіная дзяржава, якая, не будучы членам гэтага савета, далучылася да канвенцыі.
Як жа дзейнічаюць праваахоўныя органы ў рамках заканадаўства? За 10 апошніх гадоў падраздзяленні па наркакантролі і процідзеянні гандлю людзьмі ліквідавалі 22 злачынныя арганізацыі і 83 арганізаваныя групы, асуджана больш за 2150 чалавек, выяўлена больш за 5100 пацярпеўшых. Летась у гэтай сферы выяўлена 563 злачынствы, 146 з іх адносяцца да цяжкіх і асабліва цяжкіх, устаноўлена амаль 100 пацярпеўшых. Дзевяць трафікёраў затрыманы летась пры спробе вывезці грамадзян Беларусі за мяжу.
У мінулым годзе таксама ўстаноўлена 81 ахвяра сексуальнай эксплуатацыі, выяўлена 320 фактаў вырабу і распаўсюджвання парнаграфіі, 116 злачынстваў, звязаных з педафіліяй. У нашай краіне, нагадаю, у 2008 годзе вылучаны асобны крымінальны артыкул за дзіцячую парнаграфію. За выраб і распаўсюджванне такой парнаграфіі прадугледжаны значна большыя тэрміны пакарання, чым за парнаграфію звычайную. Злачынца можа атрымаць да 13-ці гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. І максімальныя тэрміны прысуджаюцца не рэдка. Так, у 2013 годзе на вялікі тэрмін быў асуджаны жыхар аднаго з абласных цэнтраў, які ўступаў у сексуальныя адносіны са сваім сынам (пачынаючы з таго часу, як хлопчыку споўнілася шэсць гадоў), здымаў гэта на відэа, а здымкі выкладваў у інтэрнэт. Зразумела, пакаранне ён атрымаў за ўсе злачынствы, якія здзейсніў, а не толькі за распаўсюджванне дзіцячай парнаграфіі.
Зараз разглядаецца пытанне аб устанаўленні крымінальнай адказнасці за калекцыяніраванне дзіцячай панаграфіі і за грумінг — гэта з’ява, калі дарослыя выдаюць сябе ў інтэрнэце за дзяцей, уступаюць з непаўналетнімі ў кантакт, угаворваюць на здымкі і г.д. Напрыклад, не так даўно быў асуджаны акцёр аднаго з мінскіх тэатраў, які зарэгістраваўся ў сацыяльнай сетцы як 12-гадовая дзяўчынка, знаёміўся з рэальнымі дзяўчынкамі, перасылаў ім зусім недзіцячыя здымкі, угаворваў здымацца саміх. Такім чынам, мужчына здзяйсняў злачынствы, звязаныя з вырабам і распаўсюджваннем дзіцячай парнаграфіі, за што і асуджаны на вялікі тэрмін пазбаўлення волі. Праваахоўныя органы працягваюць і пашыраюць маніторынг інтэрнэту ў пошуках падобных зламыснікаў.
На прэс-канферэнцыі, якая нядаўна прайшла ў Нацыянальным прэс-цэнтры і была прысвечана процідзеянню гандлю людзьмі і нелегальнай міграцыі, выступіў начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксей Юр’евіч Бягун. Ён расказаў, што ў 2014 годзе затрымана 11 груп нелегальных мігрантаў (44 чалавекі), узбуджана больш за 50 крымінальных спраў за арганізацыю нелегальнай міграцыі, 238 крымінальных спраў за парушэнне тэрміну забароны ўезду ў Рэспубліку Беларусь, перакрыта 18 каналаў нелегальнай міграцыі.

Марына ХІДДЖАЗ.