Радасць быць настаўнікам

- 11:31Людзі адукацыі

Адкрытыя ўрокі для калег настаўніца матэматыкі Ганна Сцяпанаўна Мартысюк з Маларыцкай раённай гімназіі праводзіць часта. Заняткі заўсёды праходзяць цікава і на адным дыханні, з-за чаго атрымліваюць станоўчыя водгукі. Кожны раз перад пачаткам адкрытых урокаў педагог хвалюецца, хаця падстаў для гэтага няма. Настаўніца вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі працуе ўжо 32 гады, выдатна валодае методыкай выкладання прадмета, умее знайсці індывідуальны падыход да вучняў.

— Урокаў праведзена шмат, а ўсё роўна хвалюешся, нібыта толькi што пераступiў школьны парог і прыйшоў на першыя ў жыцці заняткі, — прызнаецца Ганна Сцяпанаўна пасля чарговага адкрытага ўрока.

У многіх педагогаў шлях у прафесію пачынаўся яшчэ ў дзяцінстве. Так атрымалася і ў Г.С.Мартысюк.

— Гэта сёння вучняў штодзень падвозяць на заняткі, а раней такога не было, — гаворыць настаўніца. — З-за аддаленасці сярэдняй школы ад дома я да яе заканчэння жыла ў інтэрнаце. Як паедзеш у панядзелак зранку на вучобу ў Велікарыту, так у суботу пад вечар толькі вернешся дамоў. Пасля падрыхтоўкі дамашніх заданняў мы ў інтэрнаце чыталі кнігі, газеты і часопісы, гулялі ў розныя гульні, у тым ліку ў школу. Я заўсёды ўяўляла сябе настаўніцай, заводзіла журнал, складала спіс класа, давала заданні, выстаўляла адзнакі. Любіла эксперыментаваць і праводзіць розныя доследы. Педагогам (і больш нікім!) вырашыла стаць яшчэ ў 1 класе. Пра іншыя прафесіі слухаць не хацела. З гадамі гэтае жаданне толькі ўмацавалася. Напэўна, таму, што на маім шляху сустракаліся выдатныя настаўнікі, людзі шчырыя, душой і сэрцам адданыя педагогіцы, якія добра разумелі і любілі сваіх вучняў. Такім жа настаўнікам хацелася стаць і мне.

Атрымліваць новыя веды будучаму педагогу заўсёды было цікава, вучоба давалася лёгка і прыносіла задавальненне. Асабліва падабалася матэматыка. У інтэрнаце дзяўчына ўсім рашала задачы. Калі ж нейкая з іх ніяк не рашалася, то не знаходзіла спакою: хадзіла і думала, як яе ра-шыць. І абавязкова знаходзіла рашэнне. Колькі тады было радасці!

Тагачасны дырэктар Велікарыцкай сярэдняй школы Сямён Піліпавіч Кузьміцкі параіў здольнай дзяўчыне паступаць на фізіка-матэматычны факультэт колішняга Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А.С.Пушкіна. Ганна прыслухалася да слоў дырэктара, які быў для яе аўтарытэтам. Здаўшы на выдатна ўступныя экзамены, дзяўчына стала студэнткай. Вучылася з задавальненнем, усюды паспявала.

Па размеркаванні прыйшла працаваць у сярэднюю школу № 2 Маларыты. Колькі было радасці, хваляванняў і неадольнага жадання працаваць! Хацелася хутчэй ісці на ўрокі і тлумачыць законы матэматыкі і фізікі. Свой першы ўрок алгебры ў 8 класе Ганна Сцяпанаўна памятае да сённяшняга часу, як і першы клас, у якім стала класным кіраўніком. Пачынаць маладому педагогу было цяжка, бо ў яе класе вучылася ажно 39 дзяцей. Улічваючы невялікую розніцу ва ўзросце з вучнямі, трэба было выпрацаваць правільную тактыку паводзін і заваяваць аўтарытэт. На дапамогу прыйшлі вопытныя калегі, якія падказвалі, раілі, давалі парады, да якіх настаўніца заўсёды прыслухоўвалася.

З першага дня прафесійнай дзейнасці Г.С.Мартысюк імкнулася стаць добрым настаўнікам, таму займалася самаўдасканальваннем, шукала новыя формы і метады работы. Да нястомнага самаразвіцця падштурхоўвалі першыя поспехі вучняў. Многія адказы на хвалюючыя пытанні Ганна Сцяпанаўна шукала ў педагагічных працах А.С.Макаранкі, В.А.Сухамлінскага, К.Д.Ушынскага, Л.М.Талстога, Я.А.Каменскага, І.Г.Песталоці, С.Т.Шацкага. А пасля грунтоўнага асэнсавання прачытанага прымяняла набытыя веды на практыцы.

За 32 гады работы нiводны дзень, праведзены ў школе, не прынёс Ганне Сцяпанаўне расчаравання. Усё атрымлівалася так, як i хацела: у вучняў — добрыя веды па матэматыцы, а ў яе — заслужаны аўтарытэт сярод калег, павага бацькоў.

— Каб быць добрым настаўнікам, трэба любіць прадмет, які выкладаеш, і любіць тых, каму штодзень даеш новыя веды, — лічыць Г.С.Мартысюк. — Толькі той, хто сам атрымлівае задавальненне ад сваёй працы, можа навучыць іншых. У кожнага педагога павінна быць дакладна акрэсленая мэта, ажыццявіць якую можна толькі штодзённай карпатлівай працай. Толькі з гадамі выпрацоўваецца майстэрства разумець і прымаць унікальнасць кожнага вучня. З цягам часу люблю сваю прафесію ўсё больш і больш.

Ганна Сцяпанаўна ўпэўнена, што настаўнік павінен быць прафесіяналам, справядлівым, цярплівым, абачлівым і цікавым для вучняў, умець павесці за сабой, гарэць любімай справай і запальваць ёй дзіцячыя сэрцы.

— Больш за ўсё мяне натхняюць добрыя і адкрытыя позіркі вучняў. Ад іх адчуваю неверагодную радасць і жаданне працаваць з новымі сіламі, — прызнаецца педагог.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.