Радасць душы для кожнага

Першы ў Беларусі інклюзіўны харавы калектыў “Радасць душы” быў створаны педагогам Аленай Іванаўнай Маславай на базе Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Кантакт” Цэнтральнага раёна Мінска. Сярод удзельнікаў хору 40% дзяцей і маладых людзей з інваліднасцю. Калектыў неаднаразова ўдастойваўся званняў лаўрэатаў і дыпламантаў рэспубліканскіх і міжнародных фестываляў і конкурсаў, як спецыяльных, так і агульных. Паспяхова рэалізаваная інклюзіўная практыка была адзначана ў мінулым годзе прэміяй Мінгарвыканкама. А сама кіраўнік і дырыжор хору А.І.Маслава ўзнагароджана прэміяй “Чалавек безбар’ернага асяроддзя — 2019” Міністэрства культуры і Мінскай абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання “БелТІЗ”.

Ідэя аб стварэнні сучаснага інклюзіўнага хору з’явілася ў Алены Маславай у перыяд работы ў філіяле музычнай школы мастацтваў № 19 Мінска на базе спецыяльнай сярэдняй агульнаадукацыйнай школы № 188 Мінска для дзяцей з парушэннямі зроку, дзе яна ў 2003 годзе заснавала хор “Аніма”. З часам ён быў удастоены ганаровага звання ўзорнага дзіцячага калектыву. У 2015 годзе педагог ажыццявіла мару — у Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Кантакт” Мінска стварыла інклюзіўны хор “Радасць душы”, удзельнікамі якога нароўні са звычайнымі дзецьмі сталі дзеці і маладыя людзі з абмежаванымі магчымасцямі (з парушэннямі зроку, апорна-рухальнага апарату, ментальнымі расстройствамі). Многіх здаровых дзяцей калектыў прываблівае тым, што ён даволі вядомы ў краіне, часта выступае з канцэртамі, мае трывалыя творчыя сувязі.

Салісты хору І.Курэц і М.Бабіч

“У харавы гурток, які быў адкрыты на базе цэнтра “Кантакт”, амаль у поўным складзе запісаліся і мае ўдзельнікі хору “Аніма”, — расказала Алена Іванаўна. — Сёння ў інклюзіўным хоры займаюцца 72 чалавекі, у тым ліку дзеці ад 4 да 6 гадоў. Прыходзяць і маладыя людзі да 31 года. Але асноўны творчы касцяк — школьнікі 10—15 гадоў. У цэнтр “Кантакт” уладкавалася і мая выпускніца музычнай школы мастацтваў Аліна Юркевіч, якая скончыла каледж мастацтваў. Яна працуе акампаніятарам і з’яўляецца маёй правай рукой, памочніцай у арганізацыйных справах.

Галоўны крытэрый адбору ў наш калектыў — жаданне займацца. Рамак і абмежаванняў не існуе, запрашаем усіх. Праслухоўванне пры залічэнні ў хор праводзіцца для таго, каб пазнаёміцца з магчымасцямі будучага выканаўцы, зразумець, які ў яго голас, ці можа ён саліраваць, наколькі развіты ў яго слых, пачуццё рытму. Так званых гудошнікаў, хто ўвогуле не ўмее перадаваць вышыню гукаў, амаль не бывае. Часам для таго, каб голас гучаў чыста і свабодна, спеваку неабходна пазбавіцца псіхалагічнай скаванасці. У той жа час не кожнае дзіця, якое прыходзіць на праслухоўванне, адразу можа ўключыцца ў работу калектыву. Хтосьці па сваіх фізічных магчымасцях не выстаіць рэпетыцыю або канцэрт. Тым не менш яшчэ не было такога, каб удзельнік нашага хору не развіў свае здольнасці. У адных атрымліваецца спяваць чыста з першых заняткаў, у другіх — праз месяц, а ў кагосьці толькі праз 2—3 гады. Але, як правіла, харысты-навічкі ў канцы першага года навучання спяваюць на справаздачным канцэрце. Пры гэтым некаторыя проста стаяць на сцэне разам з астатнімі і толькі адкрыва­юць рот. Яны спяваюць унутраным голасам, душой, а эмацыянальныя перажыванні перадаюць праз міміку. Сама прысутнасць на сцэне натхняе іх, матывуе, усяляе ўпэўненасць у сваіх сілах. Усе ўдзельнікі хору вучацца правільна паво­дзіць сябе на сцэне, сачыць за дырыжорам і, канечне, адчу­ваць кантакт з публікай. У рамках калектыву нам удаецца выхоўваць салістаў, ствараць ансамблі. У наступным годзе, напрыклад, плануем арганізаваць мужчынскую вакальную групу. Пашыраем і межы дзіцяча-юнацкага хору, запрашаем дарослых выканаўцаў, каб стварыць па-сапраўднаму паўнавартасны змешаны хор”.

Поўны тэкст матэрыяла чытайце ў Настаўніцкай газеце № 57, 25 мая 2019 года.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара і з архіва калектыву.