Радасць мая

- 17:26Нам пішуць

17 лютага 2018 года ў Мінску пры ўдзеле Беларускай праваслаўнай царквы прайшоў творчы фестываль-конкурс “Радасць мая”, у якім узялі ўдзел навучэнцы Старадварэцкага ясляў-сада — базавай школы. Конкурс — працяг серыі творчых мерапрыемстваў рэспубліканскага фестывалю сучаснай хрысціянскай культуры “Благовест”, уключаны ў шэраг дзяржаўных праграм супрацоўніцтва з БПЦ.

Канцэртная праграма конкурсу “Радасць мая” праходзіла пад дэвізам “Пра сям’ю, за сям’ю, для сям’і!” у 13 намінацыях: “Вакальная творчасць”, “Фальклорная творчасць”, “Літаратурны конкурс”, “Тэатральная творчасць” і інш. У складзе журы — беларускія паэты, празаікі, драматургі, народныя артысты Беларусі, заслужаныя дзеячы мастацтваў Рэспублікі Беларусь, дзяржаўныя і грамадскія дзеячы.

Конкурсныя работы павінны былі адпавядаць ідэалам хрысціянскай любові і маральнасці. Менавіта такім было выступленне вучаніц Старадварэцкага ясляў-сада — базавай школы Веранікі Кавальчук (7 клас), Алены Альховік (7 клас) у намінацыі “Вакальная творчасць” і Марыі Габрусевіч (5 клас) у намінацыі “Тэатральная творчасць”.

Марыя Габрусевіч прадставіла на фестывалі верш уласнага сачынення “Мая сям’я”. За творчасць і майстэрства ёй быў уручаны спецыяльны прыз арганізатараў конкурсу — зборнік вершаў “Я — не чужая”.

За вялікі ўклад у захаванне і развіццё традыцыйнай нацыянальнай культуры і духоўна-маральнага выхавання гледачоў усе нашы ўдзельніцы былі ўзнагароджаны дыпломамі і памятнымі падарункамі.

Ніна ЛЮДКО,
настаўніца рускай мовы і літаратуры
Старадварэцкага ясляў-сада — базавай школы.