Радасць пазнання

Сучаснае дзіця здзівіць цяжка, але ў сярэдняй школе № 7 Навагрудка гэта атрымліваецца дзякуючы новым формам работы. На працягу двух гадоў функцыянуе творчая майстэрня па праграмаванні і мадэляванні, арганізаваная сумесна з ТАА “Школа робататэхнікі” Мінска.

Вучні займаюцца ў двух групах па 12 чалавек, дзе пад кіраўніцтвам педагогаў збіраюць і праграмуюць спецыяльныя мадэлі робатаў з канструктара Lego. У гульнявой форме вывучаючы фізіку, матэматыку, асновы праграмавання, 3D-мадэляванне, будову камп’ютара, развіваюць даследчыя навыкі. Вучні атрымліваюць не толькі праграмныя веды, але і карысныя навыкі зносін. А галоўнае — вывучаюць новыя прафесіі. Работа з 1—2 класамі вядзецца па праграме LegoWedo, а з 3—4 класамі — па праграме Scratch 2.

У руках нашых навучэнцаў ужо “ажылі” робат-алігатар, робат-малпачка, не раз падымаўся ў паветра робат-верталёт. Усё гэта абуджае ў дзяцей радасць пазнання, творчае натхненне, камандны дух.

Андрэй ПАДЛІПСКІ,
настаўнік інфарматыкі сярэдняй школы № 7 Навагрудка.