Амаль увесь мінулы тыдзень беларуская сталіца жыла кнігай — у Нацыянальна-выставачным цэнтры “БелЭкспа” паспяхова адпрацавала ХХІ Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш. Менавіта яна, кніга, на працягу пяці дзён прэзентавалася, рэкламавалася, дарылася, прадавалася і знаходзіла шчаслівых гаспадароў. Можна толькі ўявіць, у колькі тысячах беларускіх кватэр за гэты час з’явіліся новыя кнігі, калі, па папярэдніх падліках, ХХІ ММКВК наведалі больш за 55 тысяч чалавек. А колькі людзей проста пакуль прыгледзеліся да кніжных навінак, пазнаёміліся з іх аўтарамі і вызначыліся ў прыярытэтах свайго чытання на найбліжэйшы час!
Падчас Мінскага кніжнага кірмашу было праведзена каля 200 мерапрыемстваў, і гэта былі не толькі традыцыйныя прэзентацыі, але і круглыя сталы, семінары, разнастайныя конкурсы для дзяцей, віктарыны, выступленні артыстаў і інш. Былі зладжаны і надзвычай знакавыя акцыі, такія, напрыклад, як выстава паштовых картак з калекцыі вядомага збіральніка і апантанца, лаўрэата прэміі “За духоўнае адраджэнне” Уладзіміра Ліхадзедава або сумесныя акцыі пісьменнікаў і мастакоў, пісьменнікаў і Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
Мы ўжо адзначалі ў папярэдніх артыкулах, прысвечаных ХХІ ММКВК, што сёлетні форум пазіцыяніраваўся яго арганізатарамі — Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь разам з ААТ “Белкніга” і ПК ТАА “Макбел” — як форум выдавецкіх праектаў. Сёння ж, пасля заканчэння падзеі, варта асабліва падкрэсліць, што прадстаўленыя на кірмашы праекты мелі найперш асветніцкі характар, былі накіраваныя на папулярызацыю нацыянальнай культуры, спорту, праяў духоўнага жыцця беларусаў. Згадаем у сувязі з гэтым прэзентацыі выдання “Кніжная культура. Ветка” (сумесны праект, рэалізаваны выдавецтвам “Беларуская Энцыклапедыя імя П.Броўкі” ў рамках пагаднення паміж Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь і Дэпартаментам сродкаў масавай інфармацыі і рэкламы Масквы), серыі кніг “Сугучча сэрцаў” (творчы праект Старшынства нашай краіны ў Садружнасці Незалежных Дзяржаў), дзвюх спартыўных энцыклапедый (“Энцыклапедыі беларускага хакея” і “Энцыклапедыі БФСА “Дынама”), новай кнігі серыі “Наш сучаснік” “Алег Навіцкі. Голас сэрца. Дзённік жонкі касманаўта” выдавецтва “Мастацкая літаратура”, шматлікіх кніг на краязнаўчую, гістарычную, мастацтвазнаўчую тэматыку. Як і заўсёды на ММКВК, была шырока прадстаўлена вучэбная літаратура ад выдавецтваў “Пачатковая школа”, “Народная асвета”, “Адукацыя і выхванне” і “Вышэйшая школа”. А ўжо для дзяцей на сёлетнім форуме быў наогул самы сапраўдны кніжны рай.
І ўсё ж самым галоўным вынікам ХХІ ММКВК, здаецца, можна назваць не арганізацыю выдавецкіх праектаў як такую (па вялікім рахунку, тыя ці іншыя праекты былі заўсёды), а менавіта той факт, што беларусы не перастаюць чытаць, а выдавецтвы не перастаюць іх радаваць усё новымі і новымі навінкамі. Такога чытацка-кнігавыдавецкага буму, як сёння, не было ні дваццаць гадоў назад, ні, мабыць, нават у савецкі час. У 2013 годзе беларускімі выдавецтвамі розных форм уласнасці было выпушчана 11 441 найменне кніг і брашур агульным тыражом 31,416 мільёна экзэмпляраў, у параўнанні з 2012 годам колькасць назваў павялічылася на 18,2%. На беларускай мове толькі ў дзяржаўных выдавецтвах пабачыла свет 224 назвы кніжак тыражом 0,67 мільёна асобнікаў. І ў сувязі з адзначаным вышэй — гэта зусім не сухія лічбы.
Пра дзве кнігі, якія на ХХІ ММКВК прыцягнулі ўвагу цеснай тэматычнай пераплеценасцю, уласна зместам і шыкоўным афармленнем, хацелася б тут сказаць асобна.
Адна з іх — гэта першы том чатырохтомных “Нарысаў гісторыі культуры Беларусі”, выпушчаны выдавецтвам “Беларуская навука” пад эгідай Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Над томам “Культура сацыяльнай эліты ХІV — пачатку ХХ ст.” працаваў вялікі калектыў аўтараў, у тым ліку такія вядомыя ў акадэмічных колах навукоўцы, як А.І.Лакотка, І.У.Чаквін, С.А.Шыдлоўскі, С.А.Мілючэнкаў, Б.А.Лазука і інш. Яны зрабілі без перабольшання каласальную справу. А галоўнае — плён атрымаўся сапраўды цалкам новым словам у айчыннай гістарычнай і мастацтвазнаўчай навуцы, а не пройдзеным традыцыйным матэрыялам. Справа ў тым, што раней, канкрэтней — у савецкай навуцы, культура беларускай эліты мінулых стагоддзяў калі і вывучалася, дык разбэрсана, з аглядкай на класавы падыход і, адпаведна, бояззю ўзнімаць многія аспекты. Асобна даследавалася народная архітэктура, сельскагаспадарчая тэхніка, промыслы і рамёствы, касцюм, ткацтва і гэтак далей. Усе гэтыя пытанні, натуральна, тычыліся найперш сялянства. Культура ж магнатаў і шляхты, гэта значыць панства, фактычна не трапляла ў поле зроку даследчыкаў, але яна таксама была народнай, звязанай як з гарадскім, так і з сельскім побытам. І калі яшчэ вёска неяк прысутнічала ў ранейшых этнаграфічных, мастацтвазнаўчых даследаваннях, то горада там наогул не было. Гэты прабел і запаўняюць аўтары тома.
А яшчэ яны пішуць: “…айчынная гісторыя культуры — гэта не толькі падзвіжніцкая дзейнасць Еўфрасінні Полацкай і дойліда Іаана, Кірылы Тураўскага і Францыска Скарыны. Гэта мецэнацтва і асветніцкая дзейнасць Сапегаў і Радзівілаў, Сангушак і Энгельгартаў, Храптовічаў і Агінскіх, творчасць Напалеона Орды і Станіслава Манюшкі, М.Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, авангардыстаў М.Шагала, К.Малевіча, В.Кандзінскага. Пра іх шмат напісана і сказана, але нам неабходна ведаць прадметны і духоўны свет, у якім яны жылі, стваралі, ведаць не толькі гісторыю, але і культурны феномен, што даў чалавецтву гэтыя імёны. (…) …сёння з дваццацігадовай дыстанцыі ўтварэння сучаснай суверэннай Беларусі неабходна новая канцэпцыя гісторыі культуры. Яна дыктуецца сучаснымі ўмовамі рэпрэзентацыйнасці краіны, фарміраваннем яе нацыянальнага аблічча, стварэннем формаў прадстаўнічай культуры, пратаколам дзяржаўных цырыманіялаў, актаў, мерапрыемстваў, патрабаваннем захавання гісторыка-культурнай спадчыны, музеефікацыі помнікаў гісторыі і культуры, развіццём турызму”.
Дарэчы, пра турызм. Аўтары выдання ўпэўнены, што ў выніку рэканструкцыі ў розных рэгіёнах Беларусі сядзіб вядомых нацыянальных дзеячаў культуры, навукі і мастацтва гэтыя мясціны набылі б з часам трывалыя турыстычныя брэнды, звязаныя з імёнамі Х.Суціна, П.Лежэ, І.Дамейкі і іншых дзеячаў. Але ж каб займацца той жа рэканструкцыяй, трэба найперш ведаць, як быў арганізаваны побыт прадстаўнікоў эліты мінулых стагоддзяў, іх культурнае жыццё. Пакуль пахваліцца мы можам падобнымі візітнымі карткамі, якія лёгка пералічваюцца пальцамі адной рукі, — сядзібамі Н.Орды, Т.Касцюшкі, М.К.Агінскага ды А.Міцкевіча.
У том “Культура сацыяльнай эліты ХІV — пачатку ХХ ст.” увайшлі наступныя раздзелы: “Генезіс, структура і функцыі сацыяльнай эліты”, “Магнацкія і шляхецкія маёнткі”, “Матэрыяльная культура сацыяльнай эліты”, “Шляхецкі касцюм”, “Зброя, даспехі і вайсковы строй”, “Традыцыі харчавання”, “Семантыка і сімволіка старажытных паркаў”, “Прыватнаўласніцкі тэатр”, “Вытворчыя пабудовы панскіх сядзіб”, “Транспартныя сродкі”, “Традыцыі агародніцтва беларускай шляхты”, “Жывёлагадоўля ў маёнтках”, “Мемарыяльныя помнікі”. Усе яны чытаюцца з захапленнем, падобным на тое, якое бывае падчас чытання рамантыка-гістарычнай літаратуры кшталту твораў Уладзіміра Караткевіча.
Мяркуецца, што другі том прадоўжыць “элітную тэму”, прычым асаблівая ўвага аўтараў будзе скіравана на адметнасці культуры не толькі цэнтраў гарадоў, але і прадмесцяў, адлюстраванне ў духоўнай культуры прыроднага асяроддзя, а таксама выяўленне знакаў, сімвалаў і так званай тэксталогіі культуры гарадоў. Трэці том будзе прысвечаны вясковай культуры, але гэтая “традыцыйная” тэма будзе даследавацца з сучаснага пункта гледжання — у еўрапейскім кантэксце і з акцэнтам на нацыянальную адметнасць. І, нарэшце, у чацвёртым томе аўтары плануюць засяродзіцца на багатай нематэрыяльнай культурнай спадчыне беларусаў. Будзем з нецярплівасцю чакаць выхаду ўсіх чатырох кніжак.
А другое выданне, якое анансавалася вышэй, — гэта таксама ёмістая кніга “Сармацкая культура беларускай шляхты ў ХVІ — ХVІІІ стагоддзях” даследчыцы Л.Я.Клімуць, што пабачыла свет у выдавецтве “Беларусь”. Аўтар падкрэслівае, імкнучыся быць аб’ектыўнай: “Менавіта асаблівая роля шляхты ў Рэчы Паспалітай наклала адбітак і на яе ідэалогію, якая набыла выразны шляхецкі характар па сутнасці і так званы “сармацкі” — па форме, па назве племені сарматаў, ад якіх нібыта і паходзіла мясцовая феадальная эліта. Шляхецкая ідэалогія значна ўплывала на палітычную сістэму Рэчы Паспалітай і беларускіх зямель у яе складзе, адкрываючы на розных этапах то пазітыўную, то негатыўную ролю. Гэтая ідэалогія мянялася, развівалася і праяўлялася ў розных сферах жыцця. Як гістарычная з’ява сарматызм меў вялікае значэнне для палітычнага і грамадскага жыцця і культуры”.
У поле зроку даследчыцы трапілі такія пытанні, як “Сармацкія ідэалы, іх зараджэнне і развіццё ў грамадскай думцы Рэчы Паспалітай”, “Публічныя і бытавыя праявы шляхецкай сармацкай ідэалогіі”, “Рэпрэзентацыя ідэй сарматызму праз мастацтва Рэчы Паспалітай”. Гэтыя раздзелы выдатна дапаўняюцца спісам гістарычных асоб, пералікам каралёў польскіх і вялікіх князёў літоўскіх, багатым спісам літаратуры (215 найменняў!) і адмысловай лінгвістычнай экзотыкай — слоўнікам сармацкіх тэрмінаў. У якасці прыкладу: ці ведаеце вы, што такое рынграф або каструм далорыс? І я не ведаў, пакуль не зазірнуў у слоўнік і прачытаў, што рынграф — гэта адзін з сімвалаў шляхецкага стану, выглядаў як авальная пласціна з латуні ці серабра, якую насілі на грудзях. А каструм далорыс (замак болю) — гэта катафалк, які быў шыкоўна аформлены для пахавальнай цырымоніі. Такая цырымонія доўжылася ў ХVІ — ХVІІ стагоддзях некалькі дзён, ладзілася ў палацы або касцёле. Ролю дэкарацыі выконвалі балдахіны, гербавыя шчыты, калоны, алегарычныя фігуры і запаленыя свечкі. Відавочна, сарматаў і хавалі чыста па-сармацку — з фанабэрыяй і паказушным бляскам.
Вось так два вышэйназваныя выданні сустрэліся мне на ХХІ Мінскай кніжнай выставе-кірмашы — і я быў вельмі рады гэтым сустрэчам. Вяртаючыся да тома “Культура сацыяльнай эліты ХІV — пачатку ХХ ст.”, працытую яшчэ адзін невялікі сказ з уводзін — для доказу сваёй радасці. “Культура робіць нашу краіну яшчэ больш моцнай і прывабнай, а народ і кожны дом — багацейшымі маральна і духоўна”. Хіба ж з гэтым не пагодзішся…