Радасць творчасці — для ўсіх

Упершыню гран-пры Міжнароднага фестывалю-конкурсу дзіцячай і маладзёжнай творчасці “Вясёлка над Віцебскам” быў прысуджаны адразу двум удзельнікам.

Радасна і пераможна зазіхацела ў небе над Віцебскам рознакаляровая фестывальная вясёлка. За 9 гадоў больш за 6 тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак з розных краін свету адкрылі для сябе Беларусь і змаглі выступіць на вядучых сцэнічных пляцоўках Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” дзякуючы ўдзелу ў Міжнародным фестывалі-конкурсе дзіцячай і маладзёжнай творчасці. Сёлета ён сабраў рэкордную колькасць канкурсантаў — больш за 1,2 тысячы юных талентаў з Беларусі, Расіі, Латвіі, Літвы і Кітая.

“У чарговы раз яркія дзіцячыя выступленні ўпрыгожаць праграму Міжанароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, — гаворыцца ў прывітальным лісце міністра адукацыі Ігара Карпенкі да ўдзельнікаў і арганізатараў свята. — За час свайго існавання Міжнародны фестываль дзіцячай і маладзёжнай творчасці “Вясёлка над Віцебскам” заняў дастойнае месца ў ліку найбольш значных культурных мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў нашай краіне. Яго невычарпальная творчая энергія накіравана на эстэтычнае выхаванне падрастаючага пакалення, яднанне розных нацыянальных культур, развіццё духоўных і культурных сувязей.

З кожным годам фестываль прываблівае ўсё большую колькасць удзельнікаў, шчодра дорыць сваім гасцям яркія, незабыўныя ўражанні і прадстаўляе багатую, разнастайную і па-сапраўднаму святочную праграму.

Я ўпэўнены, што гэтая творчая падзея зноў адкрые цікавыя праекты і новыя імёны, будзе садзейнічаць развіццю творчага патэнцыялу юных талентаў і паўплывае на выбар іх далейшай прафесіі. І ўсё гэта стала магчымым дзякуючы ініцыятыўным, захопленым, вопытным педагогам, якія ўмеюць разгледзець і развіць таленты сваіх вучняў”.

— Ідэя лунала ў паветры, — расказвае прадстаўніца дружнай педагагічнай каманды, што стаяла ля вытокаў фестывалю-конкурсу, менеджар па спецпраектах турыстычнай фірмы “Ілва” Алена Паднябеснава. — “Славянскі базар у Віцебску” — з’ява ўнікальная. Напэўна, нідзе ў свеце няма такога свята: падчас яго ў горадзе праводзіцца больш за 100 разнастайных мерапрыемстваў, сапраўды можна атрымаць масу ўражанняў. Праграма міжнароднага фестывалю мастацтваў уключае конкурс юных выканаўцаў, і гэта цудоўна. Але ўдзел у ім — зорны час для нямногіх абраных, а колькі дзяцей марыць прыехаць і не проста пабачыць знакаміты фестываль, але і дзесьці праявіць сябе — паспаборнічаць, паўдзельнічаць у конкурсе, выступіць перад віцяблянамі і гасцямі горада на вялікай сцэне! Мне здаецца, мы знайшлі найбольш удалы фармат.

Першы адкрыты абласны фестываль-конкурс дзіцячай і маладзёжнай творчасці, фундатарамі якога выступілі галоўнае ўпраўленне па адукацыі Віцебскага аблвыканкама, Віцебскі гарадскі цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і турыстычная фірма “Ілва”, праходзіў на невялікай канцэртнай пляцоўцы ў культурна-гістарычным комплексе “Залатое кальцо горада Віцебска “Дзвіна”. Тады свята яшчэ не мела назвы. Яе ў літаральным сэнсе падказала неба: у момант адкрыцця канцэрта ў вышыні нечакана ўспыхнула вясёлка. Яна стала добрым знакам, сімвалам і талісманам фестывалю. І, між іншым, практычна штогод радуе сваім з’яўленнем яго ўдзельнікаў. Вясёлка — нябеснае адлюстраванне сутнасці вялікага свята, якое сёння ахоплівае літаральна ўсе жанры дзіцячай творчасці. Напачатку гэта былі харэаграфічнае, вакальна-харавое, фальклорна-этнаграфічнае, інструментальнае мастацтва, а цяпер далучыліся тэатральнае, выяўленчае, дэкаратыўна-прыкладное, фотамастацтва. Фестываль-конкурс штогод пашырае не толькі жанравыя, але і геаграфічныя межы, прырастае новымі краінамі-ўдзельніцамі — напрыклад, сёлета да іх ліку ўпершыню далучылася Кітайская Народная Рэспубліка. Некалькі гадоў назад упершыню на свята прыехаў дарослы самадзейны калектыў з Латвіі. Спачатку госці выступалі па-за конкурснай праграмай, аднак ім настолькі спадабаўся конкурс і яны спадабаліся журы і гледачам, такім шчырым было жаданне стаць удзельнікамі творчага спаборніцтва, што вырашана было ўвесці новую намінацыю. Так у палітры “Вясёлкі над Віцебскам” з’явіліся новыя фарбы, а дзеці і госці фестывалю атрымалі магчымасць пазнаёміцца з традыцыямі цудоўных песенных свят, якія ладзяцца ў Прыбалтыцы. І ўвачавідкі пераканацца, што ў дарослым жыцці можна не развітвацца з дзіцячым захапленнем, працягваючы займацца любімай справай у калектыве аднадумцаў. Меж для творчасці няма: “Вясёлка” аб’яднала навучэнцаў і студэнтаў, рабочую моладзь і людзей паважанага ўзросту. Цяперашнім летам самай юнай удзельніцы фестывалю-конкурсу споўнілася 4 гады, а яе старэйшым сябрам мінула за 70. Яшчэ адзін паказчык росту — павелічэнне кола арганізатараў. На гэты раз да іх далучылася Віцебская дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны, якая мае вялікі вопыт правядзення маштабных маладзёжных форумаў і выдатны клуб, дзе ў рамках “Вясёлкі над Віцебскам” праходзіў харэаграфічны конкурс. Дарэчы, калі гаварыць аб вялікай сцэне, зноў відавочнае пашырэнне фармату: у нашы дні выступленні канкурсантаў адбываюцца на вядучых канцэртных пляцоўках Віцебска. Удзельнікі свята імкнуцца данесці яго радасць і пазітыўную энергію да як мага большага кола гледачоў. Традыцыйнымі сталі выступленні артыстаў у сацыяльных установах. Праект прыжыўся некалькі гадоў назад з лёгкай рукі гасцей — танцавальнага калектыву з Латвіі. І цяпер удзельнікі конкурсу з Латвіі і Расіі далі дабрачынны канцэрт у Віцебскім доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў.

Сімвалічна, што “Вясёлка над Віцебскам” узяла пачатак у святым для многіх пакаленняў беларусаў месцы: арганізатары, удзельнікі і госці фестывалю-конкурсу разам з прадстаўнікамі ўлады 15 ліпеня ўсклалі кветкі да Вечнага агню ў мемарыяльным комплексе ў гонар савецкіх воінаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў Віцебшчыны. Урачыстае адкрыццё свята адбылося на плошчы Перамогі. Ад сябе асабіста і ад імя Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь герояў свята павіншаваў старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Ігар Марзалюк.

— Слова “фестываль” перакладаецца як “свята”, — адзначыў Ігар Аляксандравіч. — Вас чакаюць радасныя імгненні, цікавыя сустрэчы і новыя адкрыцці. Вы атрымліваеце шанс паказаць сваё мастацтва гледачам і высокаму журы, знайсці новых сяброў, выступіць на канцэртных пляцоўках фестывальнага Віцебска, далучыцца да дзівоснай атмасферы творчасці і дружбы і на доўгія гады атрымаць зарад натхнення. Для многіх удзельнікаў гэты фестываль можа стаць добрым стартам для новых творчых здзяйсненняў і перамог. Няхай кожны з вас возьме часцінку цеплыні, любові і радасці з цудоўнага беларускага горада!

На працягу 2 дзён доўжылася феерыя “Вясёлкі над Віцебскам”. Па-за конкурснай праграмай марафон творчых падзей уключаў займальныя экскурсіі па Віцебску, наведванне горада майстроў. Няпроста было працаваць журы, у якое ўвайшлі заслужаныя дзеячы культуры і мастацтваў, прафесіянальныя педагогі: узровень падрыхтоўкі канкурсантаў быў вельмі высокім. Гала-канцэрт лаўрэатаў і ўзнагароджанне пераможцаў фестывалю-конкурсу адбылося 17 ліпеня ў Віцебскай абласной філармоніі. Па выніках конкурсу і аднагалосным рашэнні журы гран-пры ўпершыню падзялілі два ўдзельнікі: кавер-група “Мажоры” з Наваполацка і харэаграфічны ансамбль “Сюрпрыз” з Сімферопаля. Уладальнікамі дыпломаў І ступені ў сваіх узроставых катэгорыях у намінацыі “Вакальна-харавая творчасць” сталі Дзмітрый Варгунін (Новасібірск), Елісей Касіч (Віцебск), Аліна Каўкель (Мінск), Віялета Шышкану (Мінск), Лізавета Няборская (Мар’іна Горка), Аляксандр Скрыпін (Свярдлоўская вобласць), узорная вакальная група эстраднай песні “Радасць” (Смаргонь), узорны ансамбль народнай песні “Святкі” (Мінск), група “Казкі” і дуэт Ганны Бараноўскай і Веранікі Дудалевай узорнага вакальнага калектыву “Рознакаляровая планета” (Віцебск), узорны вакальны ансамбль “Песенька” (Мінск), квартэт “Фантазія” (Паставы), дуэт “Адлюстраванне” (Мінск), народны хор ветэранаў (Слуцк); у намінацыі “Харэаграфічная творчасць” — народны калектыў дзіцячы тэатр балета “Падснежнік”, студыя ірландскага танца Will Dance Studio, дуэт Дэн Цзяааю и Лю Шуань (КНР); у намінацыі “Тэатральная творчасць” — майстэрня моды “Дэбют” (Віцебск), тэатр авангарднай моды Rom-moda, Анастасія Глобаж (Мінск), Марыя Шамава (Віцебск); у намінацыі “Мастацкае чытанне” — Марыя Кірык (Орша); у намінацыі “Інструментальная творчасць” — Глеб Бялевіч (Віцебск), Мікалай Сівалобцаў (Магілёў), Ганна Шпакоўская (Магілёў), Ангеліна Праневіч (Віцебскі раён), Дар’я Ізмайловіч (Наваполацк), Марк Каспяровіч (Смаргонь), інструментальны ансамбль лыжкароў “Калатушкі” (Полацк). Лепшымі ў жанрах выяўленчага мастацтва і дэкаратыўна-прыкладной творчасці прызнаны работы Соф’і Лявонавай (Растоў-на-Доне), Алісы Сяцко і Марыі Бізюк (Мінск). 11 калектываў і выканаўцаў адзначаны спецыяльнымі прызамі прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь. Спецыяльны прыз Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў уручаны народнаму хору ветэранаў (Слуцк), спецыяльны прыз Віцебскага аддзялення Беларускага фонду міру — Дзмітрыю Варгуніну (Новасібірск).

Таццяна БОНДАРАВА.