Радасць творчасці

- 11:55Якасць адукацыі

Не перастаю здзіўляцца таму, як лёгка могуць фантазіраваць навучэнцы, ярка і эмацыянальна праяўляць сябе ў гульні і творчасці. Творчасць і фантазія цесна пераплятаюцца паміж сабой і спрыяюць развіццю творчага ўяўлення. Асабліва гэта ярка выяўляецца на факультатыўных занятках па выяўленчым мастацтве, якія дзеці наведваюць з вялікай цікавасцю. Тут яны атрымліваюць шмат інфармацыі пра навакольны свет, знаходзяць свой любімы спосаб самавыяўлення, які дазваляе мацней праяўляць індывідуальныя пачуцці, што выліваецца ў своеасаблівыя арыгінальныя работы.

Лепшыя работы навучэнцаў у якасці заахвочвання адбіраюцца на выставы, якія традыцыйна праводзяцца ў канцы кожнай вучэбнай чвэрці ў фае бібліятэкі нашай гімназіі. І як задаволены бацькі, калі дзеці за руку прыводзяць іх сюды і расказваюць пра тое, як яны выконвалі свае работы. Тут без фотаздымкаў на памяць не абыходзіцца. Многія з работ экспануюцца на гарадскіх і раённых выставах. А зусім нядаўна работа “Мы заваёўваем Сусвет!” атрымала 1-е месца на раённым конкурсе малюнкаў “Пра навуку”. Дыпломам ІІІ ступені раённага этапу Рэспубліканкай выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Саматканы цуд” была ўзнагароджана работа “Запрашаем у Беларусь” і г.д.

А дасягаюцца гэтыя вынікі шляхам вялікай падрыхтоўчай работы з навучэнцамі. Не ўсе работы ў іх атрымліваюцца адразу. Але для таго, каб мэта была дасягнута, трэба абавязкова праяўляць цярплівасць, акуратнасць і стараннасць.

На факультатыўных занятках у час практычнай работы навучэнцаў стараюся растлумачыць ім, як важна прадумваць фон, колер і размяшчэнне прадметаў на малюнку, прапаную ўспомніць, што асабліва ярка захавалася ў памяці аб тым, што яны хочуць намаляваць. Гэта спрыяе развіццю ў дзяцей зрокавага ўспрымання і фантазіі, дае ім магчымасць адчуць радасць творчасці, у працэсе якой можна ажыццявіць уласныя задумы. Стараюся сачыць за тым, каб падабраныя навучэнцамі малюнкі не былі складанымі, адпавялалі іх узросту па тэматыцы і ў той жа час задавальнялі іх у творчых адносінах.

Вялікае значэнне для развіцця творчых здольнасцей навучэнцаў малодшых класаў мае маляванне на тэмы казак. Казачныя вобразы развіваюць уяўленне, фантазію, выдумку. Так, перш чым пачаць ілюстраванне беларускай народнай казкі “Як курачка пеўніка ратавала”, тлумачу паняцці “ілюстрацыя”, “ілюстратар”, “графіка”, “гратаж”, расказваю, кім і ў якой манеры выкананы ілюстрацыі да казкі, як яны скампанаваны, як паказаны галоўныя героі; нагадваю, што герояў можна апранаць.

Для таго каб навучэнцы набывалі ўменне кампазіцыйна правільна будаваць малюнак, часта выкарыстоўваю на факультатыўных занятках гульнявыя элементы. Напрыклад, дыдактычная гульня “Складзі зубраня-хакеіста”. Зубраня з’яўлялася талісманам чэмпіянату свету па хакеі, які праводзіўся ў Беларусі ў 2014 годзе. Гульня заключалася ў тым, каб навучыць дзяцей з разрозненых частак складаць цэлы прадмет, параўноўваючы, знаходзіць кожнай частцы сваё месца. Спачатку прааналізавалі фігуру зубраняці, параўналі асобныя часткі з геаметрычнымі фігурамі. Потым паказваліся дэталі, з якіх можна скласці фігуру зубраняці, прапаноўвалася кожнаму паспрабаваць гэта зрабіць самастойна. Навучэнцы складалі зубраня па ўзоры на малюнку. Гульню можна праводзіць у выглядзе спаборніцтва паміж асобнымі навучэнцамі. Пераможцаў спаборніцтва заахвочвала прызамі.

Для развіцця творчых здольнасцей навучэнцаў вялікае месца адводжу знаёмству з творамі мастацтва. Напрыклад, паказваючы карціны віцебскага мастака А.А.Чміля, звяртаю ўвагу дзяцей на адлюстраванне мастаком беларускай прыроды. На занятках з маўклівым успрыманнем карцін адначасова ціха гучыць музыка, блізкая да сюжэта і настрою.

Вялікую дапамогу ў рабоце аказвае камп’ютар. Амаль на кожных занятках выкарыстоўваю мультымедыйныя прэзентацыі, аўдыяматэрыялы, кіна- і мультфрагменты, апавяданні пра мастакоў і іх карціны.

Заўсёды пасля выканання заданняў, аналізуючы работы навучэнцаў, прыходжу да высновы, што кожная з іх вызначаецца індывідуальнасцю і своеасаблівасцю вырашэння.

Такім чынам, факультатыўныя заняткі па выяўленчым мастацтве ў малодшых класах захопліваюць навучэнцаў, пашыраюць іх кругагляд, прывіваюць любоў да выяўленчага мастацтва і развіваюць творчыя здольнасці.

Інеса ПАНІЗОВІЧ,
кіраўнік факультатыву па выяўленчым мастацтве гімназіі № 5 Віцебска.