Радасць у дзіцячых вачах

Праца выхавальніка ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі цікавая, творчая, але даволі спецыфічная і шматгранная. У сваёй рабоце педагог-выхавальнік улічвае псіхалагічныя, узроставыя і індывідуальныя асаблівасці кожнага дзіцяці, яго схільнасці  і інтарэсы. Асноўнай задачай гімназіі з’яўляецца  не толькі ўзбраенне навучэнцаў ведамі па асновах  навук, але і фарміраванне гарманічна развітой асобы. Немалаважная роля ў гэтым адводзіцца выхавальнікам.

Вольга Анатольеўна Таліпская — педагог са стажам работы больш за 20 гадоў. У гімназіі № 3 Віцебска яна працуе з 1998 года. Вольга Анатольеўна —  выпускніца гэтай гімназіі, якая раней была сярэдняй  школай  № 1.  У 1997 годзе яна скончыла Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці “Педагогіка і методыка пачатковага навучання» (атрымала дыплом з адзнакай). Затым працягнула вучобу ў магістратуры Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці “Агульная педагогіка”. Мае дзве акадэмічныя ступені: бакалаўра педагагічных навук і магістра педагогікі.

У 2014 годзе  Вольга Анатольеўна выбрала для сябе пасаду выхавальніка. Яна лічыць, што адной з найважнейшых задач работы з дзецьмі ў групе прадоўжанага дня з’яўляецца забеспячэнне таго, каб гадзіны, вольныя ад выканання вучэбных заданняў, запаўняліся метадычна правільна, былі радаснымі, цікавымі для дзяцей і  служылі  дзейсным сродкам выхавання.

Вольга Анатольеўна валодае сучаснымі падыходамі да працэсу навучання і выхавання,  умее згуртаваць дзіцячы калектыў. Яна ўмела аналізуе работу з  выхаванцамі, знаходзіць рашэнні праз сістэму індывідуальнай працы з кожным з іх. У выхаваўчых мэтах яна ацэньвае поспехі дзяцей не ў параўнанні з поспехамі іншых, а супастаўляючы цяперашнія іх поспехі з мінулымі, адзначаючы развіццё і намаганні, прыкладзеныя дзецьмі для дасягнення станоўчых вынікаў у вучобе  і творчасці.

Адным з абавязковых заняткаў выхаванцаў у групе прадоўжанага дня з’яўляецца самападрыхтоўка. Вольга Анатольеўна імкнецца развіць і сфарміраваць у выхаванцаў устойлівую цікавасць да ведаў. Для дасягнення станоўчага выніку выхавальніца прапануе дзецям абапірацца на памятку, правіла, схему або табліцу. Перш чым праве­рыць заданне, выкананае дзецьмі, яна арганізуе ўзаемаправерку і самаправерку, што прывучае іх кантраляваць свае дзеянні. Паколькі тэмп працы выхаванцаў розны, дзецям, якія раней заканчваюць выкананне дамашніх заданняў, Вольга Ана­тольеўна прапануе віктарыны, задачы на кемлівасць, шарады, рэбусы.

Пасля разумовай дзейнасці дзецям абавязкова патрэбна рухальная актыўнасць на свежым паветры. Для гэтага штодня ў групе прадоўжанага дня праводзяцца заняткі на вуліцы. Сістэма заняткаў складаецца з экскурсій, прагулак, працоўных акцый, фізкультурна-аздараўленчых заняткаў, спартыўных гадзін і інш. Дзеці любяць таксама ўдзельнічаць у эстафетах, гульнях, спаборніцтвах. Штогод у нашай гімназіі право­дзіцца спартландыя з удзе­лам дзяцей і іх бацькоў. Усё гэта паляпшае адносіны ў сем’ях, умацоўвае здароўе, фарміруе пачуццё  адказнасці за каманду, выхоўвае ўзаемадапамогу.

Працуючы з дзецьмі,  Вольга Анатольеўна імкнецца  разві­ваць у іх пачуццё гордасці за сваю Ра­дзіму, любоў да роднай культуры, мовы, фарміраваць нацыянальную самасвядомасць. У сувязі з гэтым яна выкарыстоўвае ў сваёй працы інтэр­актыўныя гульні, праводзіць конкурсы калажаў, завочныя экскурсіі.

Паколькі сёлета наша краіна святкуе 75-годдзе перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, значная частка грамадска-патрыятычных мера­прыемстваў прысвечана менавіта гэтай тэме. У скарбонцы Вольгі Анатольеўны такія формы правядзення мерапрыемстваў, як літаратурна-музычная кампазіцыя “Беларусь памятае”, тэматычная гутарка “Дзеці вайны”, віктарына “Я памятаю! Я ганаруся!”,  выстава малюнкаў “Дзякуй дзеду за Перамогу”.

Вольга Анатольеўна прымае ўдзел у гімназічным інавацыйным праекце “Выкарыстанне праектнай дзейнасці ў пачатковых класах для асэнсавання беларускай мовы як нацыянальнай культурнай каштоўнасці”. У рамках праекта сумесна са сваімі выхаванцамі вучыць вершы, скорагаворкі, праводзіць фізкульхвілінкі, рухавыя гульні на роднай мове. Яна таксама падрыхтавала творчы праект “Міні-тэатр” (тэатралізацыя казкі “Дзедава рукавічка”), які прэзентавала навучэнцам 1—2 класаў. Вольга Анатольеўна лічыць, што трэба засяроджваць увагу на прыгажосці і меладычнасці нашай роднай мовы падчас чытання беларускіх  казак і вывучэння беларускіх традыцый і свят.

Нельга забываць і пра экалагічнае выхаванне. Віктарына “Знаўцы прыроды”, КВЗ “ Птушкі — нашы сябры”, інтэлектуальны конкурс “Пра зялёныя лясы і лясныя цуды”, гульня “У свеце лекавых траў”, працоўная акцыя “Зберажом у чысціні нашу Зямлю” — гэтыя і іншыя мерапрыемствы прыцягнулі ўвагу і зацікавілі выхаванцаў Вольгі Анатольеўны. Таксама штогод у гімназіі № 3 праводзіцца экалагічная дэкада, падчас якой вучням прапаноўваюцца экалагічны квест  “Родны край”, экалагічная гульня “Мы — сябры прыроды”.

Кожны тыдзень Вольга Ана­тольеўна праводзіць заняткі цыкла “Падарожжа па старонках любімых кніг і гісторый”, дзе чытае і абмяркоўвае з дзецьмі літаратурныя творы і аналізуе ўчынкі герояў. Вольга Анатольеўна ўмела арганізоўвае віктарыны, конкурсы чытальнікаў, складае з дзецьмі крыжаванкі, рэбусы, загадкі. Казкі — любімы літаратурны жанр  выхаванцаў Вольгі Ана­тольеўны, таму яна прапануе ім творчыя заданні: змяніць сюжэт любімай казкі, увесці ў яго нешта новае, незвычайнае, прыдумаць працяг, паспрабаваць самім скласці казку. А з якой цікавасцю дзеці інсцэніруюць казкі, пераўвасабляючыся ў любімых герояў, голасам і жэстамі перадаючы характар кожнага героя!

З мэтай павышэння ўзроўню прафесійнага майстэрства ў гэтым годзе Вольга Анатольеўна распрацоўвала тэму “Фарміраванне адказных і бяспечных паводзін выхаванцаў групы прадоўжанага дня шляхам вывучэння правілаў дарожнага руху”. Праз гульню дзеці да­сканала вывучаюць гэтыя правілы. 

Вольга Анатольеўна пастаянна павышае сваю кваліфікацыю: працуе з метадычнай літаратурай, наведвае адкрытыя ўрокі калег. Сваім вопытам яна  дзеліцца з педагогамі гімназіі, раёна, прымае актыўны ўдзел у рабоце кафедры настаўнікаў пачатковых класаў і выхавальнікаў, выступае на метадычных аб’яднаннях. Вольга Анатольеўна аказвае садзеянне маладым педагогам-выхавальнікам. На працягу 5 гадоў яна з’яўляецца кіраўніком  раённага метадычнага аб’яднання выхавальнікаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Яна пастаянны член журы раённага конкурсу прафесійных дасягненняў “Педагагічная панарама”. За сваю  шматгадовую плённую працу Вольга Анатольеўна мае падзякі і ўзнагароды.

Прытрымліваючыся жыццёвага прынцыпу “Лепшы спосаб выха­ваць дзіця — зрабіць яго шчаслівым”, Вольга Анатольеўна шукае і ўвасабляе ў жыццё самыя складаныя і цікавыя ідэі. Выбраная прафесія выхавальніка — адна з самых важных. Яна прыносіць радасць і захапленне, асабліва калі бачыць вочы сваіх выхаванцаў, якія глядзяць на яе з любоўю, зацікаўленасцю і павагай.

Вольга БАГАСЛОЎСКАЯ,
настаўніца геаграфіі і біялогіі гімназіі № 3 Віцебска  імя А.С.Пушкіна.
Фота  з архіва гімназіі.