Радасць ярчэйшая ўдвая

У Віцебску пасля капітальнага рамонту з мадэрнізацыяй 1 верасня адкрылася гімназія № 2.

Старэйшая ўстанова адукацыі абласнога цэнтра сустрэла новы навучальны год у новым сучасным і прыгожым абліччы. Завершаны маштабныя ўнутраныя аддзелачныя работы, рамонт харчаблока і абедзеннай залы, значна прырасла вучэбна-тэхналагічная база. Будынак фактычна атрымаў другое нараджэнне: радасныя для настаўнікаў, навучэнцаў і бацькоў перамены бачны ва ўсім — ад дызайну памяшканняў да тэхналагічнага абсталявання кабінетаў і лабараторый.

— Дзень ведаў — асаблівае свята для ўсіх пакаленняў. У нас яно сёлета азнаменавана набліжэннем 100-гадовага юбілею і завяршэннем капітальнага рамонту, — адзначыў дырэктар гімназіі Канстанцін Кісялёў. — За апошнія гады па выніках работы мы ў ліку вядучых устаноў адукацыі рэспублікі, а цяпер знешні адметны, камфортны, бяспечны і эстэтычна прывабны выгляд гімназіі стаў адпавядаць унутранаму зместу па ўсіх параметрах.

Ганаровымі гасцямі ўстановы адукацыі 1 верасня сталі начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома, член Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Васіль Чэкан, кіраўнік адміністрацыі Чыгуначнага раёна Юрый Панфілаў, начальнік аддзела па адукацыі адміністрацыі Чыгуначнага раёна Віцебска Дар’я Бялан і дырэктар будаўнічай кампаніі “Ромбуд” Сяргей Багдасараў. Гаспадары свята віталі іх традыцыйным хлебам-соллю, яркай канцэртнай праграмай і экспрэсіўным вершаваным апавяданнем пра новае аблічча альма-матар. Пераканацца ў справядлівасці пачутага і дапоўніць яго ўласнымі ўражаннямі ўсе ахвотныя, у тым ліку бацькі, змаглі падчас экскурсіі.

Гімназія № 2 Віцебска ажыццяўляе навучанне па эканамічным (матэматыка і англійская мова на павышаным узроўні), інфармацыйна-тэхналагічным (матэматыка, інфарматыка і англійская мова на павышаным узроўні), гісторыка-філалагічным (англійская мова, гісторыя Беларусі і грамадазнаўства на павышаным узроўні) і філалагічным (англійская мова і руская мова на павышаным узроўні) напрамках і дае магчымасць вывучэння сямі замежных моў: англійскай, кітайскай, нямецкай, французскай, іспанскай, польскай і шведскай. Установа адукацыі актыўна супрацоўнічае з партнёрамі з Расіі, Вялікабрытаніі, Германіі, Іспаніі, Францыі, Польшчы, Швецыі, Кітая, Лацінаамерыканскім культурным цэнтрам у Рэспубліцы Беларусь пад патранажам Пасольства Венесуэлы, займае вядучыя пазіцыі па рабоце з высока матываванымі навучэнцамі, яе прадстаўнікі штогод становяцца пераможцамі не толькі заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, рэспубліканскага конкурсу работ навучэнцаў даследчага характару (канферэнцыі), але і міжнародных алімпіяд і конкурсаў. Артыкул пра гімназію апублікаваны ў Міжнароднай энцыклапедыі “Лепшыя людзі Беларусі, Расіі, Украіны, Казахстана”, па выніках 2015 года яна была занесена на рэспубліканскую Дошку гонару.

Як паведаміў Дзмітрый Хома, сёлета з абласнога бюджэту дадаткова на падрыхтоўку да новага навучальнага года было накіравана 5 млн рублёў. Сродкі выдзелены на паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі, у прыватнасці тых, што вынікамі сваёй работы заслужылі павышаную ўвагу ў частцы ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы. У Віцебску гэта тычыцца ў першую чаргу гімназій №№1, 2 і 8, якія ў залежнасці ад патрэб самі вызначалі, на што ў першую чаргу выдаткаваць атрыманыя грашовыя рэсурсы.

— Мы паставілі мэту, каб у кожным раёне, у тым ліку ў Віцебску, былі школы будучыні, — падкрэсліў Дзмітрый Леанідавіч. — Гэтая работа будзе працягнута, як і прыярытэтная падтрымка тых педагагічных калектываў, што вынікова працуюць.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.