Радавацца адкрыццям

- 9:58Выхаванне, Выхаваўчая работа

Адпачываць у археалагічным летніку, а потым замяніць рыдлёўку на смартфон і правесці частку канікул у лагеры для юных блогераў…

Спазнаваць жыццё

Такія эксперыменты на працягу аднаго лета звычайна характэрны для падлеткаў, якія спрабуюць знайсці справу па душы, шукаюць сваё месца ў гэтым вялікім свеце. Але спазнаваць жыццё і радавацца адкрыццям варта не толькі ў юным узросце!

На працягу васьмі гадоў Ірына Яўгенаўна Радзецкая арганізоўвае для вучняў сярэдняй школы № 2 Слоніма археалагічныя летнікі. Сёлета пасля традыцыйнай 9-дзённай працы на раскопе педагог вырашыла паспрабаваць сябе ў новым амплуа: асвоіць навуку стварэння якаснага кантэнту.

— Як педагогу мне было цікава арганізаваць работу лагера іншай спецыфікі, бо археалагічны мае турыстычна-краязнаўчы профіль, а вось “Альтруіст” — сацыяльна-педагагічны. Да таго ж як звычайнаму карыстальніку смартфонаў мне захацелася палепшыць якасць фота- і відэаматэрыялу, які я размяшчаю ў сацыяльных сетках, — падзялілася Ірына Яўгенаўна.

Якасны кантэнт

План работы блогерскай змены “Альтруіста” распрацавала педагог-арганізатар Вольга Куліна.

— Сучасныя дзеці надзвычай цікаўныя, таму важна стварыць умовы для развіцця іх творчага патэнцыялу, заваявання імі новых вяршынь, здзяйснення яркіх адкрыццяў, — адзначыла Вольга Уладзіміраўна.

Не важна, у якім летніку ты працуеш: археалагічным, спартыўным альбо юных блогераў. Галоўнае, каб твае выхаванцы кожны дзень рабілі адкрыцці.

Рэалізоўваецца змена ў форме сюжэтна-творчай гульні “Блогерская студыя”. На працягу кожнага тэматычнага дня блогеры-пачаткоўцы атрымліваюць новыя заданні, выконваючы якія напаўняюць свае сацыяльныя старонкі цікавым, пазнавальным, забаўляльным кантэнтам. Трап­ляючы ў лагер, хлопчыкі і дзяўчынкі становяцца членамі блогерскай студыі SlonimSсhool2Bloggers і прадстаўляюць дзве сацыяльныя сеткі: Instagram і TikTok.

— На час змены школьнікі ў гульнявой форме атрымліваюць дадатковыя навыкі, неабходныя для якаснага напаўнення сваіх сацыяльных старонак кантэнтам. Падчас выканання заданняў дзеці разумеюць, што не варта сядзець на месцы, не варта баяцца цяжкасцей, трэба марыць, імкнуц- ца спазнаць сябе, навакольны свет, развівацца, рэалізоўвацца ў любімай справе, імкнуцца знайсці сваё прызванне і справу па душы, — паведаміла Вольга Уладзіміраўна.

Важнае значэнне ў рабоце лагера надаецца патрыятычнаму выхаванню. Так, у рамках рэспубліканскай акцыі “Мары нараджаюцца — мары здзяйсняюцца!” для школьнікаў праве­дзена самапрэзентацыя “Перазагрузка. Я пачатковец-блогер”, цырымонія ўзнагаро­джання “БлогерСфера 1.0”. Таксама на працягу змены запланаваны мерапрыемствы, прымеркаваныя да Года гістарычнай памяці.

Ёсць знаходка!

На думку Ірыны Яўгенаўны, не важна, у якім летніку ты працуеш: археалагічным, спартыўным альбо юных блогераў. Галоўнае, каб твае выхаванцы кожны дзень рабілі адкрыцці. Канечне, у археалагічным лагеры такія адкрыцці больш відавочныя. Знайшоў, скажам, крамянёвы наканечнік або рэшткі посуду — можаш смела крычаць: “Ёсць знаходка!” А якія адкрыцці чакаюць у лагеры юных блогераў?

— У “Альтруісце” адпачываюць у асноўным вучні 5 класа, многія ў лагеры нао­гул упершыню. Адкрыццём з’яўляецца ўжо сам рэжым дня і ўменне нала­дзіць зносіны з людзьмі, з якімі іх пасялілі ў адным пакоі. Некаторыя, дзякуючы нашаму лагеру, першы раз адправіліся на экскурсію, прычым на дызель-цягніку. Яны наогул не ведалі, што ёсць такі від цягнікоў. Важным з’яўляецца знаёмства з камп’ютарнымі праграмамі для апрацоўкі фота і відэа. Паколькі інфарматыка пачынаецца з 6 класа, для многіх асвойванне такіх праграм таксама адкрыццё, — паведаміла дырэктар лагера “Альтруіст”.

І ўсё ж самыя запамінальныя адкрыцці выхаванцы Ірыны Яўгенаўны здзяйсня­юць у археалагічным лагеры. За восем летніх археалагічных сезонаў шчодрая слонімская зямля раскрыла шмат таямніц!

— У 2020 годзе каля вёскі Папкі мы выявілі адразу сем археалагічных помнікаў. Яшчэ раней у Масілавічах паднялі каля 300 экспанатаў жалезнага веку. А ў мінулым годзе ў Парэччы нам пашчасціла знайсці ўжо каля тысячы экзэмпляраў. Сёлета праводзілі раскопкі ў Новадзявяткавічах, даследавалі берагі рэчкі Грыўды, — дзеліцца археалагічнымі дасягненнямі педагог. — Усё, што было зной­дзена, мы ўрачыста пад роспіс, са складаннем актаў перадалі ў школьны музей. Але самым плённым было археалагічнае лета 2018 года: каля слонімскага Спаса-Праабражэнскага сабора было паднята каля 5 тысяч прадметаў, шмат з іх унікальныя, сустракаюцца ў адзінкавых экзэмплярах. Напрыклад, наканечнік са слановай косці ў выглядзе галавы дракона.

Інфармацыя пра тое, што вучні падчас археалагічных раскопак знайшлі ўнікальны прадмет, хутка разляцелася па школе. Таму жадаючых адпачыць у археалагічным летніку і таксама знайсці нешта ўнікальнае становіцца больш. Напрыклад, у мінулым годзе планаваўся адпачынак 15 дзяцей, а ў выніку лагер прыняў 25. Сёлета павінна было быць 30, а адпачывалі 34.

— У археалагічны летнік запісваюцца матываваныя дзеці. Некаторыя пасля заканчэння школы паступа­юць на гістарычныя факультэты УВА. У мінулым годзе ў нас была змена пакаленняў. Вучні, з якімі я право­дзіла першы лагер, выпусціліся, таму мы з калегамі хваляваліся, ці спадабаецца новенькім, ці захочуць яны такі ж адпачынак гэтым летам, бо, па сутнасці, гэта цяжкая праца ў раскопе пад спякотным сонцам на працягу 9 дзён. Ды і працаваць даводзіцца сярод лесу, камароў. Калі лагер не палатачны, то кожны дзень да раскопу трэба ісці пехатой, а гэта некалькі кіламет­раў. Але хваляванні аказаліся дарэмнымі. Усе, хто адпачываў у мінулым годзе, прыйшлі да нас і сёлета, — паведаміла Ірына Яўге­наўна.

Самае галоўнае пры арганізацыі археалагічнага лагера — гэта не толькі ат­рымаць дазвол і адкрыты ліст ад Акадэміі навук, але і знайсці зацікаўленага навуковага кіраўніка, а таксама падтрымку з боку ўлады. Ірыне Яўгенаўне пашчасціла і ў першым, і ў другім выпадку. Дзякуючы дэпутату Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Але Мікалаеўне Сопікавай, а таксама Аляксандру Міка­лаевічу Максімовічу, была паспяхова праве­дзена першая археалагічная змена. Сёлета яна стала ўжо восьмай. Цяпер раскопкі право­дзяцца пад кіраўніцтвам супрацоўніка Інстытута гісторыі НАН Беларусі Алега Юр’евіча Ткачова.

— Наш першы навуковы кіраўнік неяк прызнаўся, што ў пачатку асабліва не верыў у паспяховае супрацоўніцтва, бо папярэднія яго юныя памочнікі не тое што капаць, нават хадзіць ленаваліся. З намі яму пашчасціла, — з усмешкай адзначыла Ірына Яўгенаўна. — Археалагічная праца не абмяжоўваецца толькі летняй зменай. Па выніках раскопак на працягу навучальнага года школьнікі пішуць даследчыя работы, выступаюць на канферэнцыях.

Выдатны прыклад

Навукоўцам-археолагам пашчасціла не толькі са слонімскімі школьнікамі. Ім па­шчасціла ў першую чаргу са слонімскімі педагогамі, бо з актыўных, жыццярадасных дарослых дзеці заўсёды бяруць прыклад.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара і з архіва І.Я.Радзецкай.