Радавацца мірнаму дню

- 9:49Год гістарычнай памяці

Для “Настаўніцкай газеты” цалкам лагічна ў Год гістарычнай памяці расказваць пра педагогаў, якія фарміруюць у вучняў пачуццё любові да Радзімы. Менавіта такія людзі стануць героямі рубрыкі “Захавальнікі памяці”.

Напярэдадні Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў завітаем у сярэднюю школу № 14 Маладзечна і сустрэнемся з выдатным чалавекам педагогам Ігарам Ігнацьевічам Арабеем.

У чым унікальнасць нашага героя? Па-першае, ён воін-інтэрнацыяналіст, удзельнік вайны ў Афганістане, кавалер ордэна Чырвонай Зоркі. Нягледзячы на цяжкае баявое раненне, вярнуўся да мірнай стваральнай працы і ўжо больш за 30 гадоў займаецца ваенна-патрыятычным выхаваннем моладзі — спачатку ў ваенкаматах, а потым і ў школе. Па-другое, у памяць пра сваіх баявых таварышаў, якія не вярнуліся з той неаб’яўленай вайны, ён стварыў школьны музей, які ў пачатку студзеня пацвердзіў званне народнага.

Па-трэцяе, нягледзячы на актыўнае грамадскае жыццё (акрамя кіравання музеем, трыма аб’яднаннямі па інтарэсах і выкладання прадмета “Дапрызыўная і медыцынская падрыхтоўка”, Ігар Ігнацьевіч з’яўляецца яшчэ і старшынёй савета раённай арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане), гэта адкрыты, шчыры і добразычлівы чалавек. За амаль дзве гадзіны нашай размовы ў яго словах не адчувалася ні ганарыстасці, ні выхваляння. Ды і героем ён сябе не лічыць. Хаця адзін толькі баявы ордэн Чырвонай Зоркі чаго варты! А ёсць жа яшчэ і ўзнагароды мірнага часу: медаль “За працоўныя заслугі”, шматлікія граматы, дыпломы.

Пра сённяшняе пакаленне

“Героі — гэта мае таварышы па службе, простыя хлопцы, якія адправіліся ў далёкі Афганістан выконваць інтэрнацыянальны абавязак і не вярнуліся дадому”, — лічыць Ігар Ігнацьевіч.

Вось пра гэтых простых хлопцаў і расказвае музей памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, створаны ў сярэдняй школе № 14 Маладзечна ў 2003 годзе. Распрацоўваючы яго канцэпцыю, Ігар Ігнацьевіч разам з калегамі вырашыў паказаць, што вайна — гэта трагедыя, гора, няшчасце. “Галоўнае, каб вучні задумаліся над важнасцю тэмы вайны і міру. Яны ж цяпер усе захоплены віртуальнымі гульнямі. Толькі перапынак — і адразу ў смартфон. А ў смартфоне што, асабліва ў хлопчыкаў? Пераважна стралялкі. Вы падумайце: дзеці забіваюць! Няхай і робяць гэта ў віртуальным свеце. Самае страшнае, што ад гэтага яны атрымліваюць задавальненне. Праз экскурсіі ў нашым музеі мы даём ім магчымасць зразумець, што вайна — гэта зусім не прыгожая карцінка і трэба берагчы мір”, — падзяліўся педагог.

Той бой не забыць

Папулярнымі з’яўляюцца экскурсіі накшталт “пра што паведаміў экспанат” або “гісторыя аднаго фотаздымка”. Пры афармленні экспазіцыі прытрымліваліся правіла: не размяшчаць на стэндах статычныя фотапартрэты, выключэнні зрабілі толькі для забітых салдат. Ігар Ігнацьевіч перакананы, што дынаміка фотаздымка дае магчымасць уявіць вайну такой, якая яна ёсць. “У Афганістане здымалі ў асноўным нампаліты. Гэта камсамольцы, начальнікі клубаў, дзе была фоталабараторыя. Для іх па штаце быў прадугледжаны фотаапарат. У мяне як лейтэнанта таксама быў фотаапарат “Вілія” з аўтаматычным экспанометрам, — расказвае педагог. — Аднак з Афганістана я прывёз толькі чатыры стужкі. Па-першае, яны былі ў дэфіцыце. Па-другое, усё ж такі не на адпачынак нас туды адпраўлялі”.

Менавіта фотаздымкі дамінуюць у экспазіцыі. Яны размешчаны на стэндах, а асобная сцяна наогул аформлена ў выглядзе вялікіх фотастужак, дзе кожны кадр — гэта момант ваенных будняў. Сярод экспанатаў і прыклады ўзбраення савецкіх салдат, але найбольш каштоўнымі з’яўляюцца пісьмы воінаў-афганцаў, іх узнагароды, ордэны і медалі, заваяваныя крывёй. Напрыклад, пасведчанне на ордэн Чырвонай Зоркі ўраджэнца вёскі Корсакавічы Маладзечанскага раёна Аляксандра Корзіка перадала мама салдата. Старшы сяржант Аляксандр Корзік служыў у 1-м батальёне 682-га мотастралковага палка, які амаль цалкам загінуў у баі 30 красавіка 1984 года. Пахаваны герой у Радашковічах. Пра кожнага з ураджэнцаў Маладзечанскага раёна, якія не вярнуліся з Афганістана, Ігар Ігнацьевіч стварыў асобную брашуру і відэаролік.

Падчас экскурсій абавязкова зачытваюцца пісьмы салдат, успаміны іх родных. Уласнымі ўспамінамі падзяліўся і кіраўнік музея, хаця, па яго словах, той, хто прайшоў Афган, не любіць прыгадваць гэты час.

“Першае, што ўспамінаю, — гэта сум па Радзіме. Мы з нецярпеннем чакалі пісьмы ад родных. Калі дастаўлялася пошта, для нас гэта была значная падзея. Прыгадваецца сяброўства. Людзі, якія глядзелі смерці ў вочы, хто зазнаў армейскага ліха, становяцца роднымі, разумеюць адзін аднаго з паўслова. Калі мы пачалі ствараць ветэранскую арганізацыю, то ніякага загаду зверху не было. Тыя, хто прайшоў Афган, неяк самі згуртоўваліся ў калектывы. Таму і ў стварэнні музея ўдзельнічала шмат воінаў-афганцаў, для нас гэта была агульная справа”, — расказаў Ігар Ігнацьевіч.

Прыгадаў педагог і бой, падчас якога ён атрымаў цяжкае раненне. Адбылося гэта ў паўночным Кундузе. Была пастаўлена задача ачысціць дарогі ад мін, і лейтэнанта Арабея як артылерыйскага карэкціроўшчыка прыставілі да сапёраў. Пасля выканання задання ён накіраваўся ў Кундуз на заставу, якой камандаваў. Як толькі прыбыў, яму паведамілі, што кіламетраў за восем ідзе бой, салдаты селі ў БТР і адправіліся на тое месца. Было гэта ў студзені 1987 года. Трапілі ў сапраўднае пекла. Душманы стралялі і з кулямёта, і з гранатамёта. Ігару Ігнацьевічу выбіла вока, прабіла рот, была пашкоджана правая рука. Нягледзячы на цяжкае раненне, ён лічыць, што яму яшчэ пашчасціла, бо пасля бою знайшлі 17 цел забітых таварышаў. Загінуў вадзіцель-механік, а сувязіст быў цяжка паранены. З імі Ігар Ігнацьевіч ехаў у БТРы.

“Галоўнае, каб вучні задумаліся над важнасцю тэмы вайны і міру. Яны ж цяпер усе захоплены віртуальнымі гульнямі. Толькі перапынак — і адразу ў смартфон. А ў смартфоне што, асабліва ў хлопчыкаў? Пераважна стралялкі. Праз экскурсіі ў нашым музеі мы даём ім магчымасць зразумець, што вайна — гэта зусім не прыгожая карцінка і трэба берагчы мір”.

Юныя наследнікі

Пасля быў цэлы год у шпіталях, потым вяртанне ў Беларусь, работа ў ваенкаматах, а з 2002 года — у сярэдняй школе № 14 Маладзечна. Ужо 20 гадоў ва ўстанове адукацыі пад кіраўніцтвам Ігара Ігнацьевіча вядзецца актыўная работа па ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі.

На базе музея працуюць тры аб’яднанні па інтарэсах (“Юны экскурсавод”, “Памяць” і “Наследнікі”), у якіх займаюцца 56 вучняў 5, 6, 8 і 10 класаў. Тут яны развіваюць свой творчы патэнцыял, даследчыцкія навыкі, праводзяць экскурсіі. Што цікава, з 56 школьнікаў толькі 5 хлопчыкаў, астатнія дзяўчынкі. Яны вельмі актыўныя, некаторыя займаюцца яшчэ і танцамі, спевамі. Ігар Ігнацьевіч рады, што дзеці цікавяцца ваеннай гісторыяй, развіваюць патрыятычныя якасці.

Дзеля гэтага і ствараўся музей памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Дзякуючы заняткам у аб’яднаннях па інтарэсах, вучні не толькі вывучаюць ваенную гісторыю, але і знаёмяцца з культурай і традыцыяй народаў Афганістана, займаюцца даследчай дзейнасцю. Разам са сваім кіраўніком яны рэгулярна ўдзельнічаюць у конкурсах грамадзянска-патрыятычнай тэматыкі, становяцца іх пераможцамі.

Дзень памяці

Па традыцыі 15 лютага Ігар Ігнацьевіч прыме ўдзел у мітынгу, прысвечаным Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Разам з баявымі таварышамі, школьнікамі, калегамі, прадстаўнікамі грамадскіх арганізацый, органаў улады ён ускладзе кветкі да гарадскога мемарыяла, каб ушанаваць памяць пра землякоў, якія загінулі на Афганскай вайне. У гэты ж дзень ва ўстановах адукацыі пройдуць урокі мужнасці. У сярэдняй школе № 14 Маладзечна галоўным выступоўцам, безумоўна, будзе Ігар Ігнацьевіч Арабей. Шчыры, добразычлівы чалавек, сапраўдны прыклад патрыятызму.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.