Радавацца можна без алкаголю, а марыць — без наркотыкаў

- 11:05Навіны рэгіёнаў

У Магілёўскім прафесійна-тэхнічным ліцэі № 7 правялі бацькоўскі сход, на якім абмеркавалі формы арганізацыі занятасці навучэнцаў, прафілактыкі злачынстваў і шкодных звычак сярод падлеткаў.

На мерапрыемства былі запрошаны навучэнцы-першакурснікі, іх бацькі, прадстаўнікі адміністрацыі і педагагічнага калектыву ліцэя. Удзел у пасяджэнні прынялі таксама спецыялісты камісій па справах непаўналетніх гарвыканкама і раённай адміністрацыі, раённага аддзела ўнутраных спраў.
— Сённяшняя тэндэнцыя такая, што абсалютную большасць правапарушэнняў здзяйсняюць навучэнцы першых курсаў. Для эфектыўнай прафілактыкі гэтых супрацьпраўных дзеянняў, а таксама шкодных звычак сярод моладзі трэба скаардынаваць дзеянні сям’і, ліцэя і іншых зацікаўленых, — адзначыў, адкрываючы сход, дырэктар прафтэхліцэя № 7 Васіль Шадракоў.У навучальнай установе асаблівы ўпор робіцца на ахоп навучэнцаў карыснай занятасцю. Шляхам уключэння ў рознага роду аб’яднанні па інтарэсах, правядзенне мерапрыемстваў, акцый педагагічны калектыў ліцэя пераконвае моладзь: радавацца можна без алкаголю, марыць — без наркотыкаў, а мець зносіны — без інтэрнэту. У рамках плана міжведамаснага ўзаемадзеяння для навучэнцаў арганізоўваюцца сустрэчы з супрацоўнікамі органаў унутраных спраў. Шэраг праблем удаецца вырашаць дзякуючы функцыянаванню савета прафілактыкі ўстановы.
Па словах намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Наталлі Козылевай, хоць і рана яшчэ казаць аб станоўчай дынаміцы, вынік падобнай дзейнасці ёсць. Цалкам жа выкараніць праблему магчыма толькі агульнымі намаганнямі, таму бацькам навучэнцаў неабходна больш актыўна займацца іх выхаваннем.
На сходзе бацькам расказалі пра асаблівасці правядзення прафілактычнай работы, тыповыя правапарушэнні непаўналетніх і іх прычыны, наступствы ўплыву на арганізм дзяцей псіхатропных і наркатычных рэчываў, а таксама спосабы выяўлення іх ужывання падлеткамі. Інфармацыя аказалася карыснай не толькі для бацькоў, але і для саміх навучэнцаў, якім яшчэ нагадалі пра патрабаванні, што прад’яўляюцца да навучэнцаў устаноў прафтэхадукацыі. Акрамя ўсяго іншага, падлеткі мелі магчымасць падрабязней даведацца, у якіх гуртках і секцыях ім прапаноўваюць займацца. На другім паверсе ліцэя разгарнуліся інфармацыйныя стэнды, дзе былі размешчаны звесткі пра самі аб’яднанні па інтарэсах, час іх працы, ліцэйскія мерапрыемствы. Актывісты з ліку навучэнцаў раздавалі баць-кам і сваім аднагодкам памяткі, рэкамендацыі па прафілактыцы залежных паводзін.
Правядзенне падобных сходаў у ліцэі плануюць зрабіць рэгулярным, бо менавіта прамыя зносіны дазваляюць максімальна прыцягнуць увагу бацькоўскай грамадскасці да існуючых праблем.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.