Радавацца жыццю

- 11:42Людзі адукацыі

Для метадыста Цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі Бабруйска Святланы Іванаўны Максімовіч турызм — больш чым захапленне, прафесія. І ў гэтым чытачы “Настаўніцкай газеты” маглі неаднаразова пераканацца. Матэрыялы нашага пазаштатнага аўтара чытаюцца на адным дыханні, аповед пра падарожжы напоўнены яркімі ўражаннямі. Інакш і не можа быць, бо турызм для педагога — гэта лад жыцця, стан душы, стрункамі якой яна глыбока адчувае прыгажосць роднага краю.

А родны край Святланы Іванаўны — гэта мясціны, дзе Свіслач сустракаецца з Бярэзінай. Менавіта тут з мэтай рэалізацыі грамадскай ініцыятывы па стварэнні Свіслацка-Бярэзінскага нацыянальнага парку Святлана Іванаўна разам з калегамі і навучэнцамі, а таксама прадстаўнікамі Бабруйскай рай(гар)інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя пачала праводзіць экспедыцыі для маніторынгу тэрыторый. Вось з такіх карысных спраў пачыналася работа ў цэнтры турызму. Адначасова распрацоўваліся і гульнявыя краязнаўчыя мерапрыемствы, якія дазваляюць масава далучыць дзяцей да турыстычна-края­знаўчай дзейнасці.

Традыцыйнымі ў цэнтры сталі квесты, конкурсы на веданне гісторыі знакамітай бабруйскай крэпасці, экскурсіі з элементамі гульні “Партызанскімі сцяжынкамі” ва Усакінскім лесе Клічаўскага раёна. Дзеці гуляюць і ў той жа час пазна­юць прыга­жосць роднага краю. На думку Святланы Іванаўны, сучасныя вучні перанасычаны інфармацыяй і пасіўна атрымліваць веды на занятках аб’яднанняў па інтарэсах турыстычна-края­знаўчага профілю яны будуць неахвотна. А вось у гульнявой форме інфармацыя лёгка засвойваецца.

— 25 верасня споўнілася 30 гадоў, як я працую ў Цэнтры турызму і краязнаў­ства дзяцей і моладзі Бабруйска. Захапленне турызмам у мяне ўмацавалася дзякуючы цудоўнаму калектыву, у першую чаргу былому дырэктару Андрэю Мікалаевічу Болатаву. Сённяшні кіраўнік Леанід Леанідавіч Семчанка, а таксама загадчык аддзела турызму Дзмітрый Леанідавіч Руновіч дапамагаюць рэалізоўваць усе мае задумы. Шмат краязнаўчых мерапрыем­стваў мы распрацавалі разам са Святланай Аксенць­еўнай Семчанка. Асяроддзе вельмі моцна ўплывае на фарміраванне чалавека, і мне пашчасціла праца­ваць у такім цудоўным калектыве. Наогул, любоў да турызму, паходаў у мяне яшчэ з юнацтва. Я зачытвалася кнігамі Тура Хеердала, Жака-Іва Кусто, захаплялася падарожжамі, нават хацела быць вулканолагам, таму і паступіла на геафак БДУ. Пасля заканчэння ўніверсітэта была накіравана ў Бабруйскае бюро падарожжаў, а потым выпадкова (з цягам часу аказалася, што выпадковасцей не бывае) трапіла на дзіцячую турыстычную базу, як раней называлася наша ўстанова. Працавала і ў аддзеле краязнаўства, была яго загадчыкам, намеснікам дырэктара цэнтра, цяпер метадыст у аддзеле турызму, — дзеліцца Святлана Іванаўна Максімовіч.

Турыстычная дзейнасць педагога насычаная, цікавая. Самы любімы від турызму — водны. Па словах Святланы Іванаўны, сучасных дзяцей лёгка далучыць да водных паходаў. “Напрыклад, пешаходны турызм — гэта дзясяткі кіламетраў з рукзаком на плячах. На вадзе таксама трэба працаваць, аднак, ва ўсялякім выпадку, рукзак ты вязеш. Вада пазбаўляе чалавека негатыўных эмоцый, даволі хуткая змена пейзажу актыўна аднаўляе сілы. Водныя  паходы па рэках Беларусі адносна бяспечныя, паколькі тыя плаўсродкі, якія мы сёння выкарыстоўваем, дазваляюць адчу­ваць сябе на вадзе ўпэўнена нават навічку. Водныя турызм яшчэ і дысцыплінуе навучэнцаў, яны ведаюць, што на вадзе трэба строга прытрымлівацца тэхнікі бяспекі”, — дзеліцца Святлана Іванаўна.

Водны турызм не толькі фарміруе ў навучэнцаў станоўчыя рысы характару, але і дапамагае ў вучобе. Юныя турысты спазнаюць свет, атрымліваюць веды, прычым не адцягнутыя. У паходзе дзеці замяраюць і хуткасць плыні ракі, вывучаюць расліны, знахо­дзяць адказы на пытанні кшталту “Якія дровы лепш гараць?”, “У якім выпадку вада закіпае лепш, у якім — горш?”. Фізіка, хімія ў турыстычным паходзе становяцца па-сапраўднаму прыкладнымі навукамі.

— Работа з дзецьмі — гэта свята. Ёсць, канечне, і цяжкасці. Сучасных навучэнцаў, напрыклад, складана адцягнуць ад камп’ютараў, гаджэтаў, ім цяжка пера­адольваць свае слабасці. Добра памятаю, як адзін з маіх самых псіхалагічна ўстойлівых і фізічна падцягнутых выхаванцаў, калі адправіўся ў першы водны паход, сказаў пасля некалькіх кіламетраў, што падарожжа яму ўжо надакучыла і ён хоча выйсці на бераг. У сённяшніх дзяцей няма ўстойлівасці да пераадолення цяжкасцей. Як вучыць іх гэтаму? Ёсць розныя спосабы: дзесьці — словам, дзесьці — жартам, дзесьці — пераключыць увагу дзяцей, стварыць паўзу, момант адпачынку, у залежнасці ад сітуацыі. І, канечне, правесці размовы. Цяжкасці заўсёды будуць, іх трэба ўмець пераадольваць. Свет цудоўны! Мая задача — даць маладому пакаленню магчымасць убачыць прыгажосць не толькі ў прыродзе, архітэктурных помніках, але і ў сабе, — падзялілася педагог.

Турызм, які для Святланы Іванаўны з’яўляецца не проста захапленнем, прафесіяй, але і ладам жыцця, станам душы, якраз і вучыць дзяцей (дарослых таксама) пераадольваць цяжкасці, заўважаць прыгажосць, радавацца жыццю.

Ігар ГРЭЧКА.