З любоўю да роднага слова, з павагай да класікаў беларускай літаратуры выступалі ўдзельнікі абласнога этапу Рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка”, што прайшоў на Міншчыне.
У раённых адборачных турах прыняло ўдзел больш за 1200 дзяцей з розных куткоў Міншчыны. На папярэднім — школьным — этапе ўдзельнікаў было яшчэ больш. Жывое прыгожае беларускае слова аб’яднала канкурсантаў з усіх раёнаў Міншчыны на абласным этапе, што прайшоў у Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі. 97 хлопчыкаў і дзяўчынак дэманстравалі сваё майстэрства дэкламавання літаратурных твораў, каб заваяваць права прадстаўляць вобласць на рэспубліканскім этапе конкурсу.
Сярод членаў журы былі людзі, якія добра ведаюць, што такое паэтычнае слова і творчасць: старшыня Мінскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Святлана Быкава, а таксама члены Саюза пісьменнікаў Бажэна Ганушкіна, Сяргей Клімковіч, Генадзь Аўласенка, аўтар навукова-папулярных і энцыклапедычных выданняў загадчык аддзела маркетынгу выдавецтва “Адукацыя і выхаванне” Дзмітрый Кашавар, дыктар і вядучая тэлеканала “Сталічнае тэлебачанне” Ірына Смольская, артыст тэатра і кіно выкладчык Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Ігар Сцяпанаў, супрацоўнікі МАІРА. Ацэньваць канкурсантаў давялося і таму, хто сам нядаўна дэкламаваў вершы на сцэне — пераможцу ІІ Міжнароднага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка” Віктару Шыману.
Удзельнікаў творчага спаборніцтва шчыра вітала рэктар МАІРА Святлана Уладзіміраўна Сітнікава, якая падкрэсліла, што арганізатары пастаралістя стварыць максімальна спрыяльныя ўмовы для раскрыцця творчага патэнцыялу дзяцей. Поспехаў юным чытальнікам пажадала і старшыня Мінскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Святлана Быкава.
— Мне надзвычай прыемна прысутнічаць сярод суквецця талентаў. Гэта сапраўдны талент — перадаць праз сябе, праз сваё выступленне думкі і пачуцці аўтара, — падзялілася эмоцыямі Святлана Анатольеўна і падкрэсліла выключную значнасць конкурсу. — Чалавек — духоўная істота. У духоўнасці — наша сіла, гэта галоўнае, што павінна быць у чалавеку. І кожны з вас пакладзе цаглінку ў падмурак чалавечай духоўнасці, кожны запаліць агеньчык, які будзе далей асвятляць наша жыццё.
Юныя чытальнікі сур’ёзна падышлі да выбару літаратурнага матэрыялу. Яны чыталі вершы народных паэтаў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Петруся Броўкі, Аркадзя Куляшова, Пімена Панчанкі, Ніла Гілевіча, прозу Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча. Прагучала шмат твораў, прысвечаных скарынаўскай тэматыцы. Найбольш часта гучаў са сцэны твор Янкі Сіпакова “Кантрабанда”.
Для ўвасаблення вобразаў з выбраных твораў канкурсанты выкарыстоўвалі розныя сродкі: музыку, касцюмы, рэквізіт. У выніку выступленні ператвараліся ў міні-спектаклі. Дзеці паказалі высокі ўзровень артыстызму, але не забывалі і пра галоўнае — глыбокае разуменне сэнсу твора і перадачу эмоцый. Кожны ўдзельнік усведамляў, што недастаткова проста вывучыць верш на памяць і выразна яго прачытаць. Было відаць, што дзеці прапусцілі праз свае сэрцы словы, якія прамаўлялі на сцэне. Яны чыталі вершы з асэнсаваннем, з пачуццём, чыталі не голасам, а душой. І канечне, журы было няпроста справіцца са сваёй задачай.
Канкурсанты спаборнічалі ў чатырох узроставых групах. Сярод малодшых школьнікаў пераможцам стаў Багдан Цахановіч, навучэнец сярэдняй школы № 2 Мар’інай Горкі. Для выступлення Багдан выбраў урывак з паэмы Якуба Коласа “Новая зямля”. Уразіла журы чытаннем верша “Калі ласка” Петруся Броўкі Эвеліна Дунчанка, навучэнка Заскавіцкага дзіцячага сада — базавай школы Маладзечанскага раёна. Дзяўчынка стала лідарам сярод навучэнцаў 5—6 класаў. Кацярына Чарнуха, навучэнка ясляў-сада — сярэдняй школы № 24 Барысава, выступіла з творам “Пачатак” Уладзіміра Скарынкіна і стала лепшай ва ўзроставай катэгорыі, дзе выступалі прадстаўнікі 7—8 класаў.
У старшай узроставай катэгорыі, дзе спаборнічалі навучэнцы 9—10 класаў, роўных не было Дар’і Раўтовіч, якая вучыцца ў сярэдняй школе № 1 Любані. Дзяўчына выступіла з творам Міколы Арочкі “Прамаўленні духу Скарыны”.
Свята жывога беларускага слова, якім, безумоўна, стаў конкурс “Жывая класіка”, працягнецца ў Полацку, дзе юныя чытальнікі чарговы раз дакажуць, што класіка жыве вечна, бо паэтычныя радкі не пакідаюць абыякавымі дзіцячыя сэрцы.
Дар’я РЭВА.
Фота Ірыны КАРНЕЙ.