Радуйцеся зіме!

- 14:00Адукацыйная прастора

З надыходам маразоў і з’яўленнем снегу навучэнцы гімназіі № 1 Зэльвы спяшаюцца ўдасканаліць свае спартыўныя навыкі ў зімовых відах спорту. З кожным днём усё больш і больш дзяцей можна ўбачыць на катку, лыжні, на заснежаных узгорках. Ва ўстанове адукацыі створаны ўсе ўмовы для актыўнага правядзення зімовых дзён. Зусім не абавязкова набываць спартыўны інвентар. У гімназіі можна ўзяць лыжы, канькі, клюшкі і шайбы напракат. А калі вы ці ваша дзіця толькі робіце першыя крокі ў зімовым спорце, вам прапануюць яшчэ і паслугі трэнера.

Зімовыя віды спорту з’яўляюцца выдатнай магчымасцю для фарміравання здаровага дзіцячага арганізма, гартавання і падтрымання добрай фізічнай формы. Заняткі спортам на свежым паветры зімой аздараўляюць дзяцей, запускаюць ахоўныя функцыі арганізма, паляпшаюць супраціўляльнасць хваробам.

Многія бацькі асцерагаюцца ўздзеяння нізкіх тэмператур на арганізм дзіцяці. Да таго ж хакей, катанне на санках, лыжах, каньках і асабліва цюбінгах не заўсёды можна назваць бяспечным. Каб засцерагчы сваё дзіця зімой і даць яму магчымасць праявіць сябе, быць актыўным, набыць новыя навыкі, неабходна прытрымлівацца пэўных правіл. Самы важны фактар — гэта цяпло. Шчыльныя шкарпэткі, шапка, рукавіцы або пальчаткі звядуць рызыку абмаражэння да нуля. Яшчэ адно важнае правіла, якое павінна засвоіць кожнае дзіця: катацца можна толькі ў спецыяльна адведзеных месцах. Варта пазбягаць замерзлых вадаёмаў і любых сумніўных ледзяных паверхняў.

Каб зацікавіць дзіця зімовымі відамі спорту, варта пачаць з сябе. Толькі асабістым прыкладам можна прывіць любоў да спорту. Скарыстайцеся перавагамі зімовага надвор’я, адкрыйце для сябе і для свайго дзіцяці новую актыўнасць. Падобнае правядзенне часу ніколі не прымусіць ні вас, ні дзіця сумаваць, яно ўвесь час будзе ў руху, у яго абавязкова будзе добры настрой, добры сон, даверлівыя адносіны ў сям’і.

Вольга ДРАЦЭВІЧ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце дзяржаўнай гімназіі № 1 Зэльвы.