Радуюць і дзеці, і педагогі

- 14:29Планёрка ў рэгіёне

Сёння госцем нашай суботняй планёркі стаў начальнік аддзела па адукацыі Івацэвіцкага райвыканкама Брэсцкай вобласці Ігар Мікалаевіч КУІС, з якім мы падводзім папярэднія вынікі навучальнага года.

— У гэтым годзе нашы дзеці і педагогі парадавалі сваімі дасягненнямі і поспехамі, — пачаў гаворку Ігар Мікалаевіч. — Было многа цікавых мерапрыемстваў, конкурсаў, спаборніцтваў. Вельмі шмат мерапрыемстваў прысвечана Году малой радзімы. Для ўстаноў дашкольнай адукацыі значнымі сталі фестываль педагагічных ідэй “Каб мова родная гучала”, раённая выстава дзіцячых атласаў на беларускай мове. Рыхтуецца раённы фестываль педагагічных работнікаў устаноў дашкольнай адукацыі “Вясёлка талентаў”. У раёне праводзіцца вельмі шмат мерапрыемстваў спартыўнай накіраванасці. Сур’ёзная ўвага ўдзяляецца алімпіяднаму руху.

Ствараюцца ўмовы для фарміравання даследчай культуры навучэнцаў і педагогаў. У гэтым навучальным годзе дзевяць прадстаўнікоў 9—11-х класаў сталі дыпламантамі III этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, двое з іх прынялі ўдзел у заключным этапе алімпіяды па гісторыі і працоўным навучанні. У даследчай канферэнцыі “Дзеці. Творчасць. Інтэлект” на абласным узроўні таксама 9 дыпломаў з 9 прадстаўленых работ.

Традыцыйным стала правядзенне ў раёне свята ўшаноўвання адораных навучэнцаў. Не за гарамі выніковая атэстацыя, выпускныя экзамены, цэнтралізаванае тэсціраванне. Вельмі хочацца, каб усе пазлы склаліся ў адну яркую і дзейсную карціну з агульнай назвай “Якасць адукацыі раёна”.

— Што цікавага плануеце на летнія канікулы?
— Актыўна ідзе падрыхтоўка да аздараўленчай кампаніі 2019 года. Плануем значна пашырыць сетку аздараўленчых лагераў з дзённым і кругласутачным знаходжаннем. Гасцінна адчыніць дзверы для дзяцей нашага раёна і іншых рэгіёнаў дзіцячы аздараўленчы лагер “Дубравушка”. Традыцыйна будуць функцыянаваць валанцёрскі лагер “Пошук”, профільны лагер для высокаматываваных навучэнцаў “Выдатнік”, “Ветразь”, дзе будуць праводзіцца заняткі па інтарэсах турыстычна-краязнаўчай накіраванасці, спартыўнай, прававой і іншыя. Усяго плануем аздаравіць каля дзвюх тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак.

— Хочацца спытаць пра акцэнты ў арганізацыі ўзаемадзеяння з сям’ёй. Што ў прыярытэце ва ўстановах адукацыі ў вашым раёне? Як арганізоўваеце работу ў шосты школьны дзень?
— Узаемадзеянне сям’і і школы заснавана на сучасных падыходах і ўяўляе сабой дыягностыку і вывучэнне сям’і, асветніцкую працу, дзейнасць бацькоўскага актыву, уключэнне бацькоў у выхаваўчы працэс, падрыхтоўку вучняў да самастойнага жыцця. У цяперашні час у шосты школьны дзень праводзяцца мерапрыемствы для бацькоў (сямейныя клубы, бацькоўскія ўніверсітэты, кансультацыі настаўнікаў). Нашы педагогі асаблівую ўвагу ўдзяляюць фарміраванню светапогляду вучняў, іх грамадзянскай пазіцыі, выхаванню патрыятычных пачуццяў і сямейных каштоўнасцей.

Шмат зроблена ў кантэксце Года малой радзімы, атрымаў развіццё валанцёрскі рух. У сярэдняй школе № 4 Івацэвіч працягвае дзейнічаць ваенна-патрыятычны клуб “Нашчадкі”, у сярэдняй школе № 3 рэалізоўваецца праект бізнес-кампаніі “Вернісаж”. Кожная ўстанова адукацыі з улікам інтарэсаў удзельнікаў адукацыйнага працэсу, патэнцыялу сацыякультурнай сферы мае сваю сістэму арганізацыі шостага школьнага дня і самастойна вызначае мерапрыемствы, інфармацыя пра якія размяшчаецца на інтэрнэт-сайтах, інфармацыйных стэндах.

Поўны тэкст матэрыяла чытайце ў Настаўніцкай газеце № 50,
4 мая.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.