Радзіма гульні — лета!

- 8:54Псіхалогія +

Здаецца, толькі сустракалі лета, а ўжо хутка настане апошні месяц любімай пары года. Аднак журыцца не будзем. Здараецца, што і адзін дзень цэлым жыццём падаецца, а ў нас увесь жнівень наперадзе. Як напоўніць яго значнымі і прыемнымі падзеямі? Як умясціць у гэты час важнае з задуманага? Ды і як зразумець, што ёсць самае-самае патаемна значнае? Калі спытаецеся ў мяне, то гэта яркія эмоцыі, звязаныя са зносінамі з дарослымі і дзецьмі, але не гэтак жа, як на рабоце, а па-іншаму — без глабальных мэт, без рэгламенту, толькі дзеля ўласнага задавальнення і цікавасці. Яркі прыклад такіх зносін — гульня. У гульні мы эмацыянальныя, шчырыя, заўсёды маладыя і прывабныя. У гульні мы можам пражыць тое, што не давядзецца ў жыцці. У гульні можна пераходзіць, паўтараць спробу, выпраўляць, эксперыментаваць. Гуляючы, мы строім адносіны, наладжваем іх, шліфуем, бачым партнёраў па гульні ў новым святле, нават робім глабальныя адкрыцці.

Дыялог з чытачом

Гуляйце летам, бо ў гэтую пару года заўсёды можна выкраіць на цудоўны занятак гадзіну-другую. Спадабаецца — значыць і на ўвесь год рэсурс гульні для вас застанецца актуальным. Калі ўсё яшчэ ёсць сумненні наконт важнасці прапанаванага занятку, то апішам дадатковыя бонусы, якія атрымлівае дарослы, гуляючы са сваімі ці чужымі дзецьмі: вы становіцеся эмацыянальна больш блізкім дзіцяці, зразумелым яму, аўтарытэтным для яго. Час, праведзены з вамі ў гульні, ніколі не будзе забыты. Магчыма, менавіта гэтыя ўспаміны стануць самымі цёплымі і рэсурснымі для вашага ці чыйгосьці дзіцяці. Для тых, хто збіраецца папраца­ваць у жніўні ў аздараўленчым лагеры або наведаць там сваё дзіця, ці навучыць перад ад’ездам на адпачынак сына або дачку, як хутчэй пазнаёміцца, пасябраваць, згуртавацца, будуць карыснымі нашы прапановы. Пагуляем?

Гульня “Хваля” стымулюе рухальную актыўнасць, згуртоўвае, дазваляе перажыць сумесны поспех.

Дзеці і дарослыя становяцца ў круг, бяруцца за рукі. Вядучы паказвае, як пускаюцца хвалі: падымае сваю руку, трымаючы руку суседа. Каб перадаць хвалю далей, суседу трэба падняць другую руку з рукой свайго суседа і г.д. Вядучы паступова паскарае рытм хвалі. Потым запускае сустрэчныя хвалі. Калі хваля вяртаецца да вядучага, ён можа перадаць яе далей ці спыніць. Як толькі вядучы заўважае, што цікавасць да гульні слабее, смех змаўкае, энергія ўдзельнікаў зніжаецца, хвалі спыняюцца рэзкім падыманнем і кіданнем рук уніз. Скончыце гульню апладысментамі.

Гульня “Грузім баржу” дазваляе гульцам актывізавацца, мабілізавацца, развесяліцца, дапамагае развіваць творчыя здольнасці, аператыўна рэага­ваць на раптоўныя змяненні сітуацыі. Гульня праводзіцца седзячы ці стоячы ў крузе.

Вядучы трымае ў руках мяч, расказвае правілы гульні і першым пачынае “пагрузку баржы”: “Уявіце сабе, што ў цэнтры нашага круга знаходзіцца баржа, а мы з вамі на ёй збіраемся ў незвычайны паход. Перад адплыццём баржы мы яе грузім, каб падрыхтаваць да падарожжа. На баржу можна грузіць што хочаш, дзіўныя для паходу рэчы і нават абстрактныя паняцці, такія як “фантазія” і “жыццялюбства”. Важна выконваць умову пры пагрузцы: кожны ўдзельнік называе тры словы, якія пачынаюцца на адну літару. Напрыклад, “сушки”, “сливы”, “скворечник”. Той, хто паспяхова “загрузіў баржу” (трыма словамі на адну любую літару), кідае мяч любому гульцу. Мяч — гэта перадача ходу. Той, хто ловіць мяч, працягвае загрузку баржы. Важна не паўтарацца ў словах. Будзьце ўважлівы да таго, што гру­зяць. Хто мае цяжкасці з пагрузкай і робіць паўзу ці той, хто паўтараецца, выбывае з гульні. Пераможцамі будуць самыя хуткія і ўважлівыя гульцы”.

Гульня “Дакраніся да касматага” дазваляе ўзбадзё­рыць гульцоў, разняволіць іх, развівае ўяўленне, фантазію, уменне думаць нестандартна.

Вядучы называе якую-небудзь уласцівасць прадмета, гульцы на лік “раз, два, тры” павінны знайсці і дакрануцца да чагосьці, што адпавядае гэтай уласцівасці. Называцца можа колер (сіні), уласцівасць матэрыялу (калючы) ці нестандартныя прыметы, напрыклад: дакраніцеся да чагосьці зялёна-мяккага, кругла-халоднага ці пяшчотна-хрусткага. Роля вядучага перадаецца ўдзельніку, які замарудзіў ці зусім не знайшоў таго, што падыходзіць па ўмове.

Гульня “Чырвоная кнопка” — трэніроўка спрытнасці і хуткасці. Дазваляе зняць псіхалагічнае напружанне і стомленасць, падтрымаць узаемадзеянне гульцоў.

Па камандзе вядучага ўсе пачынаюць гуляць. Вядучы ўважліва сочыць за тым, што адбываецца. Гульня заканчваецца, калі большасць удзельнікаў выбывае. У кожнага ёсць чырвоная кнопка — гэта далонь (напрыклад, правай рукі). Чырвоную кнопку трэба абараняць ад дотыкаў іншых. Яе месца — за спінай (рука заводзіцца за спіну, далонь змяшчаецца на крыж). У гульцоў ёсць іншая свабодная рука (у нашым выпадку — правая), якой яны могуць дакранацца (саліць) да іншых гульцоў. Асалены гулец не мае права перамяшчацца. Ён можа толькі нахіляць тулава ва ўсе бакі, імкнучыся дакрануцца (асаліць) яшчэ да каго-небудзь. Згодна з правіламі, ніхто не можа стаяць на месцы, схаваўшы сваю чырвоную кнопку да сцяны. Гульцы ці рухаюцца па гульнявым памяшканні, ці круцяцца вакол сваёй восі. Можна крыху змяніць правілы, прапанаваўшы гульцам варыянт аднаўлення магчымасці перамяшчацца. Калі абезрухоўленаму ўдзельніку ўдасца, захаваўшы сваю чырвоную кнопку, асаліць 2—3 рухавых гульцоў, то трэба вярнуць яму права хадзіць па памяшканні.

Гульня “Лятучае слова” дазваляе канцэнтравацца на моманце “тут і зараз”, развівае аналітычныя здольнасці, уменне бачыць схаваныя ўзаемасувязі.

Вядучы кідае мяч, і пакуль ён ляціць, той, каму адрасаваны мяч, павінен назваць любое слова. Той, хто злавіў мяч, выбірае чалавека, якому ў сваю чаргу кідае яго. Адрасат павінен назваць сваё любое слова. Трэці, каму кінуты мяч, складае з гэтых слоў асэнсаваную фразу. Важна сачыць за тым, каб гульцы называлі словы і фразы менавіта ў момант палёту мяча. Калі ўдзельнік злавіў мяч і нічога не паспеў вымавіць, ён атрымлівае штрафное ачко ці выбывае з гульні.

Гульня “Знайдзі сваю пару” развівае ўменне наладжваць кантакт з дапамогай погляду, павялічвае гульнявую згуртаванасць.

Удзельнікі становяцца ў круг, глядзяць у падлогу, каб ураўнаваць шансы кожнага стварыць пару. На лік “раз” гульцы падымаюць вочы і глядзяць адно на аднаго. На лік “два” поглядам знаходзяць сваю пару. На лік “тры” аб’ядноўваюцца ў пары. Аб’яднацца — значыць узяцца за рукі. Вядучы эмацыянальна падтрымлівае гульцоў.

Гульня “Цудоўна, што ты тут” забяспечвае кожнаму ўдзельніку ўвагу, выслухоўванне станоўчага меркавання пра сябе.

З пар, утвораных у папярэдняй гульні (пастаўце іх па крузе), атрымаюцца знешні і ўнутраны кругі. Кожнай пары адводзіцца адна хвіліна на тое, каб партнёры падзяліліся сваімі ўражаннямі адзін пра аднаго. Гульцы характарызуюць станоўчыя якасці, якія заўважылі адзін у адным. Потым абодва кругі пачынаюць рухацца ў супрацьлеглых напрамках (10—15 секунд), пасля сігналу вядучага спыняюцца. З новымі партнёрамі адбываецца абмен кампліментамі. Вядучы праводзіць яшчэ дзве-тры дружалюбныя сустрэчы.

Лета застанецца ў вашых успамінах больш яркім, унікальным, асаблівым, святочным, калі вы ў яго запрасілі гульню, забаву, прыгоду. Жывіце гуляючы, жывіце з усмешкай, жывіце прыпяваючы. Калі часам не атрымліваецца, уявіце, што вы звязаны з Сусветам тонкай залатой ніткай, якая цягнецца да вас уверх, у бясконцасць. Яна пастаянна вас падтрымлівае і напаўняе энергіяй. Нават калі нітка часам абрываецца, яе заўсёды можна аднавіць, вызваліўшы гэтую залатую нітку ад перашкод, што ляжаць на яе шляху. Хто ведае, магчыма, менавіта гульня — тая сіла, якая дазваляе нам рабіць залатую нітку моцнай?!

Псіхалагічнае люстэрка

САДАВІННА-АГАРОДНІННЫЯ ЗАБАВЫ

У забаву ці гульню можна ператварыць практычна ўсё. І гэта цудоўна, бо само жыццё нагадвае нам гульню, а па вялікім рахунку, ёй і з’яўляецца. У гэтай глабальнай гульні ўдачлівыя ўсе, хто жыве. Мы жывём — значыць знаходзімся ў выйгрышы. Дык чаму б нам якраз зараз не ўбудавацца ў новы віток забаў і задавальненняў? Пагуляем з садавіной, спалучаючы і выбіраючы яе, надзяляючы новымі вясёлымі сэнсамі. Прапануем вам вельмі кароткі псіхалагічны тэст, які лёгка і проста выяўляе асноўныя ўласцівасці і рысы нашай асобы. Не стаўцеся вельмі сур’ёзна да вынікаў тэста, бо мы з вамі гуляем, эксперыментуем, весялімся. Тым не менш прыслухайцеся да свайго ўнутранага голасу і адкажыце ўсяго на два пытанні. Што вы палічыце за лепшае:

а) агурок ці памідор;

б) дыню ці кавун?

Апісанне выбару

Агурок і дыня

Часцей такі выбар робяць мужчыны. Прадстаўнікі гэтага тыпу сур’ёзныя і мужныя, мэтанакіраваныя і лёгка дасягаюць пастаўленай мэты. Яны рэдка трапляюць пад нечый уплыў. Часта гэта спартсмены і аматары падарожжаў. Жанчына з такім мужчынам адчувае сябе як за мурам. Адказнасць прадстаўніка групы распаўсюджваецца і на сямейныя адносіны. Менш моцным бокам “агурочна-дыннага” мужчыны лічыцца недастатковая рамантычнасць, таму, калі чакаеце ад яго кветак ці завушніц, проста так і скажыце. Жанчыны гэтага тыпу часта становяцца кіраўнікамі на рабоце, але ў сямейным жыцці могуць быць бездапаможнымі, як дзеці. Гатуюць не вельмі добра, не любяць мыць бялізну і посуд. Аднак у асобе такой жанчыны мужчына знойдзе вернага і разумеючага сябра.

Памідор і кавун

“Памідорна-кавуновыя” лю­дзі вясёлыя і актыўныя. Яны вызначаюцца камунікабельнасцю, але не заўсёды роўныя ў зносінах: выбуховасць іх характару нярэдка прыводзіць да канфліктаў. Мужчыны гэтага тыпу — гурманы, аддаюць перавагу тапачкам і халату перад заплечнікам і спальным мяшком. Жанчыны “памідорна-кавуновага” складу эмацыянальныя, лю­бяць жывёл і дамашні ачаг, з імі побач заўсёды цёпла і ўтульна. Яны шчырыя, не ўмеюць пляткарыць і плесці інтрыгі, гавораць тое, што ду­маюць: шчырасць і прастадушнасць — галоўная псіхалагічная якасць “памідорна-кавуновых” людзей.

Агурок і кавун

Людзі такога складу часта адчуваюць душэўную збянтэжанасць. Знешне яны спакойныя і стрыманыя, але ўнутры ў іх тоіцца напружанне. Пра такіх мужчын часам можна сказаць: у ціхім балоце чэрці вядуцца. З “агуркова-кавуновым” чалавекам часта жывеш, як на вулкане: не ведаеш, што будзе заўтра і якую ідэю ён выношвае. “Агуркова-кавуновыя” жанчыны не ўчыняюць скандалаў з-за дробязей, але, назапасіўшы крыўды, здольны перабіць увесь посуд у доме. Прадстаўнікі гэтага тыпу — людзі-творцы, умеюць і любяць разважаць, сярод іх часта сустракаюцца вучоныя і вынаходнікі.

Дыня і памідор

Калі вам блізкія менавіта гэтыя плады — вы ўраўнаважаны, тактоўны, спакойны чалавек, валодаеце ўнутраным тактам і пачуццёвасцю. Вы любіце прыгожыя рэчы і маеце выдатны густ. “Дынна-памідорныя” мужчыны часта становяцца мастакамі, музыкантамі. Яны вельмі ўважлівыя да сябе, эгацэнтрычныя, жорстка абараняюць свае інтарэсы. Творчасць блізкая людзям гэтага тыпу. “Дынна-памідорныя” жанчыны ўлюблівыя, уражлівыя. У каханні яны палкія і пастаянныя. З іх атрымліваюцца адданыя, пяшчотныя і клапатлівыя жонкі.

Святлана РАДЗЬКОВА.