Радзіма пачынаецца з цябе

- 11:49Адукацыйная прастора

Студэнтаў і навучэнцаў, педагогаў і вучоных, палітыкаў, прадстаўнікоў органаў улады і лідараў грамадскіх арганізацый з Беларусі і Расіі аб’яднаў у Віцебску фестываль моладзі памежжа “З чаго пачынаецца Радзіма?”. 

Віцебская і Смаленская вобласці не проста звязаны агульнай мяжой: у нас адна гісторыя і сучаснасць, агульная Саюзная дзяржава. Як будзе развівацца супрацоўніцтва двух рэгіёнаў беларуска-расійскага памежжа ў наступныя дзесяцігоддзі? Што трэба зрабіць, каб даўняе сяброўства заставалася непарушным, а культурна-эканамічныя сувязі пашыраліся і мацнелі? Адказы на гэтыя пытанні напрамую залежаць ад сённяшніх школьнікаў і студэнтаў.

Фота да матэрыялу: Радзіма пачынаецца з цябе.

Для моладзі і па ініцыятыве моладзі

Ідэя правядзення фестывалю нарадзілася на філфаку ВДУ, знайшла падтрымку ў кіраўніцтва спачатку ўніверсітэта, потым — абласной улады і выйшла на міжрэгіянальны ўзровень. Арганізатарамі форуму выступілі Віцебскі абласны Савет дэпутатаў, прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь, Смаленская грамадская арганізацыя “Расійскі саюз моладзі” і Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава пры садзейнічанні галоўнага ўпраўлення па адукацыі і галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама, Віцебскага абкама грамадскага аб’яднання БРСМ. Генеральным партнёрам фестывалю з’яўляецца турыстычная фірма “Ілва”.

Уладзімір Цярэнцьеў: “У нас з Расіяй шмат сувязей і на асабістым узроўні, і на ўзроўні рэгіёнаў”.

— Год малой радзімы ў Беларусі звязаны са многімі мерапрыемствамі і добрымі справамі, у тым ліку ў Віцебску і вобласці, у нашым універсітэце, — расказаў дэкан філалагічнага факультэта ВДУ, доктар філалагічных навук, прафесар Сяргей Нікалаенка. — Мы вырашылі правесці фестываль моладзі памежжа ў крыху непрывычным фармаце — без пляцовак, звязаных з мастацкай творчасцю. Паставілі мэту задзейнічаць найперш тую частку моладзі, якая здольна генерыраваць новыя яркія ідэі, канцэпцыі, праекты, як палепшыць жыццё сваёй радзімы, рэгіёнаў памежжа для будучых пакаленняў. Мы, якія ідзём не наперадзе, а побач з моладзю, павінны даць ёй магчымасць выказаць гэтыя ідэі і дапамагчы ўвасобіць іх у рэальнасць, каб юнакі і дзяўчаты ўпэўніліся, што іх чуюць, да іх прыслухоўваюцца, разам з імі будуюць будучыню.

На педагагічным складніку фестывалю як інавацыйнай форме выхавання і навучання зрабіў акцэнт рэктар ВДУ, кандыдат юрыдычных навук, дацэнт Аляксей Ягораў. Ён адзначыў, што сёння недастаткова даць будучаму прафесіяналу пэўныя веды, закласці інфармацыю ў галіне прыродазнаўчых, тэхнічных і гуманітарных навук. Дыскусійныя пляцоўкі форуму сталі адкрытай адукацыйнай прасторай для моладзі. Фестываль грунтуецца на дыдактычнай эўрыстыцы і мае выразны інтэлектуальны пасыл, спрыяе развіццю камунікацыі, дае ўдзельнікам магчымасць пазнаёміцца з выдатнымі асобамі, знайсці сяброў і аднадумцаў, набыць новы жыццёвы і прафесійны вопыт.

Насычаная праграма фестывалю ўключала адукацыйныя семінары і трэнінгі, круглыя сталы і дыскусійныя пляцоўкі, лекцыі і майстар-класы ад вядомых беларускіх і расійскіх спецыялістаў у розных галінах, а таксама культурна-забаўляльныя мерапрыемствы, спартыўныя спаборніцтвы, экскурсіі для іншагародніх удзельнікаў. Па словах старшыні Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Ула­дзіміра Цярэнцьева, дэбютны фестываль моладзі памежжа невыпадкова адбыўся менавіта ў Віцебску.

— На фестывалі мы хочам прадэманстраваць, як памежныя раёны не толькі сябруюць, але і арганізоўваюць агульныя важныя справы, — падкрэсліў кіраўнік абласнога дэпутацкага корпуса. — Нашы народы звязвала і звязвае шматвяковая дружба, але мы імкнёмся, каб у нас была і агульная будучыня. У гэтым і ёсць сэнс новага фестывалю: пака­заць,  што, нягледзячы на наяўнасць у кожнага сваёй радзімы, моладзь не павінна забы­ваць, што продкі чыталі адзін і той жа буквар, разам змагаліся за мір і свабоду. Каб маладыя людзі пранеслі гэта праз сваё жыццё, выхавалі правільныя прынцыпы і светапогляд у наступнага пакалення.

Злёт маладых настаўнікаў

Старт фестывалю далі педагогі. Беларускія ўдзельнікі злёту маладых настаўнікаў і іх расійскія калегі са Смаленска, Бранска, Яраслаўля, Тулы, Арла, Валгаграда, Улан-Удэ, Томска, Омска, Энгельса разам з віцебскімі мала­дзёжнымі актывістамі і прадстаўнікамі кіраўніцтва вобласці далучыліся да працоўнай акцыі агульнарэспубліканскага праекта БРСМ “#ЗаДело!”. Гаспадары і госці горада прыбралі апалае лісце каля канцэртнай залы “Віцебск” і заклалі алею Дружбы ў парку імя Фрунзэ.

— Хочам зарадзіць на добрыя і карысныя справы моладзь не толькі Беларусі, але і Расіі, — агучыў агульныя намеры выконваючы абавязкі першага сакратара Віцебскага аблкама БРСМ Вячаслаў Хрол.

Фота да матэрыялу: Радзіма пачынаецца з цябе.Асноўная частка работы злёту праходзіла ў гімназіі № 8 Віцебска. Маладыя настаўнікі дзяліліся вопытам і абмяркоўвалі актуальныя тэмы сучаснай адукацыі. Экспертамі дыскусійных пляцоўвак сталі знакамітыя вопытныя педагогі: настаўнік матэматыкі гімназіі № 8 Віцебска, заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, кавалер ордэна Францыска Скарыны Міхаіл Волкаў, настаўнік гісторыі Цэнтра адукацыі для дзяцей з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі, фіналіст усерасійскіх конкурсаў інавацый у адукацыі (2018) і на лепшы ўрок гісторыі (2015), сузаснавальнік праекта Geek Teachers Глеб Ліхабабін, кандыдат псіхалагічных навук, дацэнт, загадчык кафедры псіхалогіі ВДУ Сяргей Багамаз.

Вячаслаў Хрол: “Нашы краіны — гэта наш агульны дом, у якім нам жыць. І рабіць яго лепшым таксама нам”.

Для сваіх маладых калег эксперты правялі майстар-класы “Сучасная методыка выкладання”, “Узаемадзеянне псіхолага-педагагічнай тэорыі і практыкі ў працэсе фарміравання інтэлектуальна развітой асобы”, “Трэнды адукацыі і лайфстайл сучаснага настаўніка”, “Дадаткі, якія мяняюць працу настаўніка”, “Самааналіз як умова прафесійнага самавызначэння навучэнцаў (студэнтаў)”.

— Я быў экспертам пляцоўкі “Сучасны ўрок”, — паведаміў Міхаіл Волкаў. — Калі чую выраз “сучасны ўрок”, перад вачыма ўзнікае асацыяцыя з прыгожым, шыкоўным тортам: глядзіш — так і хочацца яго паспытаць, пачынаеш есці, а ён нясмачны, у нечым, можа, нават і шкодны… Таму я паказаў сістэму, якая дае магчымасць прымяняць на ўроку эфект снежнага камяка, пры якім мінімум страт у якасці адукацыі і развіцці навучэнцаў. Прапанаваў тэму “Узаемадзеянне псіхолага-педагагічнай тэорыі і практыкі ў працэсе фарміравання інтэлектуальна развітой асобы”. І, здаецца, яна атрымалася.

— Мне ўпершыню давялося ўдзельні­чаць у форуме такога маштабу, і я вельмі задаволена, — падзялілася ўражаннямі настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 2 Смаленска Ганна Мачульская. — Найперш — кантынгентам, маімі калегамі, хто дзеліцца са мной інфармацыяй, напрацоўкамі, майстар-класамі. Я ўпершыню пабыла ў Віцебску і ў захапленні ад гэтага горада. Усе ўражанні і эмоцыі — з велізарным знакам “плюс”! Атрыманыя напрацоўкі збіраюся выкарыстоўваць у сваёй рабоце і разлічваю на далейшае супрацоўніцтва з тымі калегамі, з якімі пазнаёмілася.

Рабіць дабро: разам мы зможам больш

Дыскусійная пляцоўка “Благо твори” разгарнулася ў гімназіі № 2 Віцебска. Актывісты маладзёжнага валанцёрскага руху прадставілі ўласныя дабрачынныя праекты, абмяняліся вопытам па выкарыстанні новых форм і метадаў узаемадзеяння і падчас круглага стала з удзелам экспертаў абмеркавалі прапановы, як развіваць сумесныя валанцёрскія ініцыятывы. Майстар-клас для моладзі “З вопыту рэалізацыі малых грантаў” правёў спецыяліст па рабоце з валанцёрамі і па падрыхтоўцы рэагавання ў надзвычайных сітуацыях каардынатар валанцёрскіх праграм Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Дзмітрый Рачкоўскі.

Таццяна Паласкова: “Для больш актыўнай і эфектыўнай рэалізацыі дабрачынных праектаў у Беларусі і Расіі трэба аб’яднаць намаганні”.

— Прыемна, што ў наш прагматычны век так многа маладых людзей з сацыяльна актыўнай пазіцыяй, гатовых працаваць на карысц­ь грамадства, — пракаменціравала доктар палітычных навук, член эскпертна-кансультацыйнага савета па грамадска-гуманітарных праграмах пры федэральным агенцтве Рассупрацоўніцтва, старшыня міжрэгіянальнага грамадскага руху “Еўразійскі народны саюз” Таццяна Паласкова. — Усе ўдзельнікі прадставілі крэатыўныя, безумоўна, карысныя разнастайныя праекты. Больш за ўсё мяне ўразілі чатыры з іх. Першы рэалізоўваецца ў ВДУ імя П.М.Машэрава, дзе беларускія і туркменскія студэнты разам удзельнічаюць у аказанні дапамогі хворым і пажылым людзям у Віцебску. Другі прапанаваў валанцёрскі педагагічны атрад сярэдняй школы № 21 імя М.І.Рыленкава (Смаленск). Ён накіраваны на садзейнічанне правядзенню масавых тэатралізаваных паказаў, лялечных выстаў. Спадабаўся праект Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта “All inclusive. Усе ўключаны”. Будучыя юрысты, таксама студэнты ВДУ, прадставілі праект па гарантаванні бяспекі пры выездзе за мяжу (ім яшчэ б з замежнымі калегамі наладзіць кантакты — і  можна выйсці на больш высокі ўзровень). Расія мае больш за 100 цэнтраў навукі і культуры за мяжой. Гэта пляцоўкі з магчымасцю пражывання, вялікія сувязі, і мы гатовы прадаставіць нашы рэсурсы Беларусі. Думаю, што кіраўніцтва Рассупрацоўніцтва таксама прыме такую ідэю з цікавасцю.

Лідары наступнага дзесяцігоддзя

Будучыя палітыкі і дыпламаты засвойвалі адукацыйны кантэнт на дыскусійнай пляцоўцы ў Віцебскім абласным палацы дзяцей і мола­дзі. Вітаючы ўдзельнікаў дыскусійнай пляцоўкі “Рэгіянальнае супрацоўніцтва”, дырэктар палаца Дзмітрый Андрэеў акцэнтаваў увагу на тым, што менавіта ў падобным фармаце нараджаюцца вельмі цікавыя і важныя ініцыятывы, якія маюць доўгі працяг. Навучэнцы, студэнты і маладыя настаўнікі прадставілі сацыяльна значныя праекты міжрэгіянальнага ўзаемадзеяння па розных напрамках — ад творчага супрацоўніцтва настаўнікаў памежжа з мэтай удасканальвання адукацыйнага працэсу і павышэння цікавасці школьнікаў да гісторыі малой радзімы пры дапамозе асяро­ддзя праграмавання Scratch, ад супрацоўніцтва філалагічных факультэтаў Віцебскага і Смаленскага дзяржаўных універсітэтаў да арганізацыі маладзёжнага савета рэгіянальнага развіцця.

— Дадзеная дыскусійная пляцоўка, напэўна, галоўная на фестывалі, таму што тут маладыя людзі прадстаўляюць грамадскасці і нашым паважаным экспертам рэальныя, у большасці выпадкаў дэталёва распрацаваныя праекты, якія могуць быць паспяхова рэалізаваны, — выказаў меркаванне намеснік кіраўніка прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь Леанід Макураў. — Важна, што ўжо сёння моладзь нацэлена на тое, каб размовы пра сяброўства і добрасусед­ства перавесці ў рэальную плоскасць. Фестываль дасць магчымасць наладзіць кантакты, абзавесціся знаёмствамі, якія ў перспектыве могуць выліцца ў сумесныя праекты, прычым не толькі гуманітарнага профілю, але і эканамічнага.

Франц Клінцэвіч: “Каб дапамагчы маладым лідарам у рэалізацыі праектаў, трэба падключыцца нам, прадстаўнікам органаў улады ў Смаленску і Віцебску”.

Экспертамі пляцоўкі выступілі прэзідэнт цэнтра падтрымкі і развіцця грамадскіх ініцыятыў “Крэатыўная дыпламатыя”, член Мала­дзёжнай грамадскай палаты Расіі Наталля Бурлінава і член Савета Федэрацыі Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі Франц Клінцэвіч. Праграма работы пляцоўкі прадугледжвала таксама круглы стол з удзелам экспертаў і семінар-практыкум ад Наталлі Бурлінавай. Вялікае значэнне такіх маладёжных мерапрыемстваў падкрэсліў Франц Клінцэвіч.

— Усе праекты рэальныя і маюць вялікі патэнцыял, — даў экспертную ацэнку сенатар верхняй палаты расійскага парламента (дарэчы, ён родам з Беларусі). — Маладыя лідары пазнаёміліся, і ў рамках Саюзнай дзяржавы знаёмства працягнецца. Дадзены рэгіянальны форум Віцебскай і Смаленскай абласцей лічу вельмі правільным і своечасовым. Фактычна гэта працяг Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі.

Месцам правядзення пляцоўкі медыя­праектаў “Калі скажуць слова “Радзіма” стаў ВДУ імя П.М.Машэрава. Конкурсныя прагляды і прэзентацыі суправаджаліся выступленнямі ганаровых гасцей, абмеркаваннем падчас круглага стала назапашанага вопыту, лекцыямі і майстар-класамі экспертаў у галіне кінаіндустрыі і СМІ “Малады журналіст ці блогер?”, “Праблемы маладых журналістаў” і “Малая радзіма ў аб’ектыве рэгіянальнага тэлебачання”. Усе ўдзельнікі, госці і эксперты фестывалю наведалі выставу дасягненняў універсітэта ў галіне навукі, адукацыі, спорту, культуры, а таксама фотавыставу работ, прадстаўленых на конкурс медыяпраектаў.

У рамках фестывалю прайшло ўзнагаро­джанне пераможцаў і прызёраў ІІІ Расійска-беларускага паэтычнага конкурсу “Магія пяра”. Запамінальнай старонкай знаходжання на зямлі Прыдзвіння для ўсіх стала экскурсійная праграма “Палёт над Віцебскам”. На ўрачыстай цырымоніі закрыцця фестывалю моладзі памежжа яго самыя актыўныя ўдзельнікі, пераможцы і прызёры конкурсаў атрымалі дыпломы, падарункі і каштоўныя прызы, сярод якіх сертыфікаты на вучэбную паездку “Прывітанне, Расія!”.

— Хвалююча стаяць на сцэне ВДУ не толькі таму, што я буду ўручаць узнагароды пераможцам і лаўрэатам, але і таму, што я выпускніца гэтага ўніверсітэта, — прызналася спецыяліст прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь адна з ініцыятараў правядзення фестывалю Наталля Іпаць­ева. — Менавіта сяброўства са студэнцкіх гадоў можа даць такія вынікі. Упэўнена, што дні, праведзеныя на конкурсных і дыскусійных пляцоўках, натхняць усіх прысутных на новыя здзяйсненні. Моладзь стварае і ўвасабляе, улюбляе ў сваю справу, вучыць і вучыцца быць дастойнай, імкнецца да вышынь і перамагае. Дзякуй моладзі памежжа за ўвасабленне ў жыццё нашага фестывалю! Мы зрабілі яго разам, а гэта значыць, ён будзе жыць.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.