Радзіма, радзімічы

Лічыцца, што этнонім “радзімічы” — балцкага паходжання і азначае “месцазнаходжанне”. Дзе было першапачатковае месцазнаходжанне радзімічаў? Дзе іх малая радзіма? Адкуль яны прыйшлі да берагоў Сожа? Навукоўцы даюць розныя адказы. Пакінем разгадку гісторыкам, а самі яшчэ раз, не спяшаючыся, з паўзай, прамовім: “…Радзімічы”. Мілагучная назва. Ці няпраўда? Яна адразу напаўняе душу цеплынёй, пяшчотай. Радзімічы, радзіма… А можа, слова “радзімічы” якраз і ўтварылася ад сугучнага “радзіма” і азначае людзей, якія любяць родны край? Калі так, то радзімічы — гэта не толькі прадстаўнікі славянскага племені, але і сённяшнія жыхары Чачэрскага раёна.

Нельга пакінуць, нельга забыць

Нарадзілася гэтая любоў у часы верхняга палеаліту. 24 тысячы гадоў назад, калі Беларускае Паазер’е яшчэ ўяўляла ледзяную пустыню, на высокіх берагах паўнаводнага Сожа, каля сучаснай вёскі Бердыж, ужо віравала людское жыццё. Чым прывабіла нашых прашчураў гэтая зямля, чаму яны не пайшлі далей на поўдзень, дзе клімат быў больш лагодным і не так адчуваўся ўплыў ледавіка? Магчыма, варта правесці паралель з нашым часам. Пасля аварыі на ЧАЭС, калі значную частку Чачэрскага раёна накрыла чорнае крыло Чарнобыля і многія вёскі былі выселены, далёка не ўсе жыхары пакінулі родны край. Многія проста пераехалі ў больш чыстыя населеныя пункты.

Як пакінуць маляўнічыя мясціны? Як пазбавіць сябе магчымасці любавацца поймай Сожа, якая кожную вясну падчас паводкі ператвараецца ў сапраўднае мора? Як адарваць сябе ад бацькоўскага парога, роднай зямлі? Маляўнічая прырода, багатая гісторыя, адметная этнаграфія, унікальная каменная ратуша канца XVIII стагоддзя з пяццю драўлянымі вежамі, Спаса-Праабражэнская царква-ратонда таго ж перыяду, стракатыя чырвона-белыя ручнікі, унікальная іканапісная школа, населеныя пункты з адметнымі назвамі — як усё гэта пакінуць? Як няпроста ўзгадваць усё гэта далёка ад малой радзімы.

Утульны горад

Утульны, акуратны, чысты — так можна ахарактарызаваць Чачэрск ХХІ стагоддзя, калі прыехаць у горад з боку Гомеля, выйсці на аўтавакзале і прагуляцца па яго цэнтральнай вуліцы да гарадской ратушы. Такімі ж словамі характарызавалі Чачэрск і ў канцы XVIII стагоддзя, калі ім валодаў Захар Чарнышоў. Пасля атрымання мястэчка Чачэрск ва ўладанне граф пачынае яго актыўную рэканструкцыю. Спачатку ўзводзіць дарогі, ратушу, тры царквы і касцёл, палац на Замкавай гары, таксама ў гэты час разбіваецца маляўнічы парк, уздоўж вуліц, якія адыходзяць ад ратушы, высаджваюцца ліпавыя алеі, а ўздоўж дарог — дрэвы ў адзін або два рады. У асноўным гэта былі бярозы, якія абаранялі дарогу ад разбурэнняў. Кацярына ІІ, калі праязджала Чачэрск, адзначала, што гэтыя дарогі настолькі прыгожыя, што падобны на сады.

“Старадаўнія будынкі, унікальныя збудаванні, падземныя хады, прывіды — горад прыхоўвае шмат таямніц. На Чачэршчыне стагоддзямі і нават тысячагоддзямі захоўваюцца сапраўдныя скарбы гісторыі. Найцікавейшае падарожжа ў мінулае здзейсніць той, хто пройдзецца па ціхіх вулачках горада або адправіцца ў аддаленныя куточкі раёна. На яго тэрыторыі захаваліся 38 помнікаў, якія маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, 16 з іх — у самім Чачэрску”, — такімі словамі запрашае ў родны край чытачоў “Настаўніцкай газеты” старшы навуковы супрацоўнік Чачэрскага гісторыка-этнаграфічнага музея Марына Пятроўна Кузьмянкова.

Мы невыпадкова пачынаем наша падарожжа з наведвання ўстановы культуры. З установамі адукацыі ў музея наладжаны даўнія сяброўскія адносіны. Ды і размешчаны музей у будынку той самай унікальнай ратушы. У яго фондах захоўваюцца ўсё тыя ж адметныя ручнікі, іконы, знаходкі з бердыжскай стаянкі першабытнага чалавека, прадметы працы і побыту радзімічаў. “На працягу навучальнага года, а найбольш у канікулярны перыяд, для навучэнцаў і педагогаў мы праводзім музейныя заняткі. Асаблівай папулярнасцю карыстаецца гістарычная квест-гульня. Калі стаіць добрае надвор’е, ладзяцца экскурс-паходы. Пра легенды горада і раёна, цікавыя факты з гісторыі расказваюць турыстычныя маршруты “Па слядах продкаў” і “Малое кола Чачэршчыны”, — паведамляе Марына Пятроўна.

Малое кола

Усе дарогі старажытнага свету, як вядома, вялі ў Рым. Усе вуліцы Чачэрска на працягу ўжо больш чым 200 гадоў вядуць да пяцівежавай ратушы. У яе будынка, які размяшчаецца каля сучаснага райвыканкама (вось такая своеасаблівая гістарычная пераемнасць), пакручасты лёс. У гады Вялікай Айчыннай вайны ў ратушы размяшчалася гестапа, у падвалах — турма, а пасля вайны — сельскагаспадарчы тэхнікум. Кожная эпоха ўносіла свае карэкціроўкі і ў архітэктуру будынка, хаця асноўныя яго рысы захаваліся ў першапачатковым выглядзе.

У 1974 годзе здарыўся пажар, практычна ўсе драўляныя перакрыцці былі знішчаны. Як кажуць, не было шчасця, ды няшчасце дапамагло. Пасля пажару падчас рэкан-струкцыі ратушы былі знойдзены тры падземныя хады ў паўразбураным стане. Адзін вёў да Замкавай гары, другі — у лес, трэці — да ракі Чачоры. Гавораць, хады былі такога памеру, што па іх мог праехаць нават конь з карэтай. Рамонт доўжыўся амаль 30 гадоў. У 2004 годзе адрэстаўрыраваны будынак быў урачыста адкрыты, а на наступны год у ім размясціўся гісторыка-этнаграфічны музей.

Да будаўніцтва чачэрскай ратушы мясцовыя дарогі вялі да Замкавай гары. Менавіта адсюль, як сведчыць шыльда на вялізным камені, у 1159 годзе пачынаўся Чачэрск. Першапачаткова гэта было паселішча радзімічаў, пра што гавораць тыповыя для радзіміцкіх курганоў знаходкі, у прыватнасці сяміпрамянёвыя вісочныя кольцы — жаночыя ўпрыгажэнні. На Замкавай гары археолагі таксама адкапалі і амулет-змеявік. З аднаго яго боку — выява змяі, сплеценай у клубок, што з’яўляецца паганскім сімвалам. З другога боку амулета — вобраз Маці Божай як сімвал хрысціянства. Замкавая гара насіла абарончую функцыю. Адну яе частку агібала рака Чачора (у ранейшыя часы значна больш паўнаводная і нават суднаходная), каля іншай часткі знаходзіўся ўмацаваны навакольны горад. Па перыметры быў драўляны частакол з вежамі-байніцамі.

У XVIII стагоддзі пры графе Захары Чарнышове на Замкавай гары будуецца драўляны палац у стылі класіцызму з элементамі псеўдаготыкі. У палацы сустракалі паважаных гасцей, праводзілі ўрачыстасці. Да нашага часу ён не захаваўся. Сёння над месцам, адкуль пачынаўся Чачэрск, узвышаецца помнік на брацкай магіле, дзе пахаваны воіны 169-й стралковай дывізіі, якія вызвалялі раён ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у лістападзе 1943 года, і партызаны. Каля помніка знаходзіцца мармуровая пліта на месцы пахавання балгарскай патрыёткі-партызанкі Ліліі Карастаянавай.

Не стаміліся? Тады працягнем нашу завочную прагулку. Ад Замкавай гары да гарадскога парку вядзе самая старажытная вуліца горада — Замкавая. Лічыцца, менавіта тут праходзіў знакаміты Кацярынінскі шлях, па якім, канечне ж, неаднойчы праязджала імператрыца. Гарадскі парк раскінуўся ўздоўж ракі Чачоры. На набярэжнай, у амфітэатры, пабудаваным у выглядзе гітары, праходзяць гарадскія святы. Ад парку да сядзібы Чарнышовых-Круглікавых вядзе завулак Садовы. Калісьці на яго месцы была аранжарэя. Гавораць, што графіня Соф’я Іванаўна Чарнышова-Круглікава любіла піць на летняй тэрасе чай з лімонамі, вырашчанымі ў гэтай аранжарэі. Захавалася і сядзіба, і тая самая тэраса.

Асобна варта сказаць пра Ганну Чарнышову (жонку Захара Чарнышова). Граф рэдка наведваўся ў Чачэрск, у асноўным для сустрэчы паважаных гасцей, таму кіравала краем, вяла яго гаспадарчае жыццё Ганна Радзівонаўна. Пасля смерці Захара Рыгоравіча ў жніўні 1784 года жанчына становіцца ўладальніцай Чачэрска. Графіня заснавала ў Чачэрску пансіён для высакародных дзяўчат, а таксама школу для бедных сельскіх дзяцей. Жанчына была з характарам. Захаваліся ўспаміны відавочцаў пра тое, як у 1812 годзе адзін французскі афіцэр увайшоў у пакоі графіні і запатрабаваў фуражу. Графіня нагадала госцю, з кім ён размаўляе, а потым загадала выгнаць прэч. Незвычайны прыём настолькі ўразіў французаў, што яны адразу ж пакінулі горад.

Аглядная прагулка па Чачэрску завершыцца каля Спаса-Праабражэнскай царквы-ратонды. У аснове храма кола — сімвал бясконцасці. Дыяметр будынка — 15 метраў, вышыня — таксама 15 метраў, 15 вокнаў на першым паверсе і 15 вокнаў на другім. Вось такая атрымліваецца шчаслівая лічба, бо, нягледзячы на розныя войны, гістарычныя перыпетыі, гэта адзіны на тэрыторыі Чачэрскага раёна храм, які дайшоў да нас аж з канца XVIII стагоддзя. Наогул, Чачэрск — горад-таямніца. Адной з такіх таямніц з’яўляецца паходжанне назвы горада. Па адной з версій, першымі жыхарамі былі чычакі — племя, якое прыйшло з вусця Чачоры. Самая распаўсюджаная версія тычыцца слова “воск”: “чэчэр” — так яно гучала на мове радзімічаў. А вось трэцяя версія — рамантычная. Нібыта сваю назву горад атрымаў ад ракі Чачоры, якую так назвала маленькая дачка Віцязя. Дзяўчынка параўнала раку з птушкай цяцёркай. Ёсць яшчэ іншыя версіі.

Знаёмства з малым колам Чачэршчыны працягнем у вёсцы Бабічы — мясцовым цэнтры ткацтва, адкуль па сялянскіх дамах, а таксама па розных музеях разышліся сотні ўнікальных стракатых чырвона-белых ручнікоў. Багатая калекцыя ўзораў народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва захоўваецца і ў Чачэрскім гісторыка-этнаграфічным музеі. Славяцца Бабічы і ўнікальнай іканапіснай школай, росквіт якой выпаў на ХІХ стагоддзе. У фондах гісторыка-этнаграфічнага музея захоўваецца больш за 100 абразоў таго часу.

Унікальная ікона Зосіма і Савація Салавецкіх, якія з’яўляюцца заступнікамі бортніцтва. На заднім плане абраза — выява чачэрскай Спаса-Праабражэнскай царквы. Усе іконы выкананы на адной або дзвюх дошках. Колеры цёмныя, стрыманыя. На мясцовую іканапісную школу, як ні дзіўна, паўплывалі італьянскія традыцыі, бо ў свой час распісваць толькі што пабудаваныя цэрквы граф Чарнышоў запрашае майстроў з Італіі.

Сляды продкаў

Знаёмства з адметнасцямі Чачэрскага раёна будзе няпоўным без наведвання маршруту “Па слядах продкаў”. Аўтамабілем, аўтобусам, веласіпедам, пехатой — каму як падабаецца. Галоўнае — адправіцца ў падарожжа з жаданнем спазнаваць багатую старажытную гісторыю краю, а таксама прытрымліваючыся пэўных правіл, паколькі частка маршруту праходзіць па тэрыторыі зоны адчужэння. Пачынаецца маршрут у Чачэрску і заканчваецца ў вёсцы Нісімкавічы. Экскурсійная праграма ўключае наведванне ўнікальных помнікаў археалогіі: бердыжскай стаянкі першабытнага чалавека і радзіміцкіх курганоў. Пра бердыжскую стаянку больш падрабязна нам паведамяць у Камуна-Ленінскім яслях-садзе — базавай школе — установе, якая знаходзіцца ўсяго за некалькі кіламетраў ад вёскі Бердыж. Нісімкавіцкія курганы — пахаванні плямён радзімічаў. Усяго на Чачэршчыне захавалася каля 400 курганоў, што з’яўляецца найбольшай колькасцю археалагічных помнікаў у Еўропе.

Краязнаўчае імя

Звесткі, якія мы атрымалі падчас завочнага падарожжа па “Малым коле Чачэршчыны” і “Па слядах продкаў”, — гэта толькі невялікая частка чачэрскіх таямніц. Больш падрабязна пра адметнасці малой радзімы штогод восенню ў будынку гарадской ратушы расказваюць вучні падчас раённай краязнаўчай канферэнцыі навучэнцаў і краязнаўцаў імя С.І.Атрошчанкі “Жыві, Чачэрская зямля!”. Канферэнцыю арганізуе і праводзіць аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Чачэрскага райвыканкама пры падтрымцы аддзела адукацыі, спорту і турызму. Непасрэдную падрыхтоўку і правядзенне мерапрыемства ажыццяўляе Чачэрскі гісторыка-этнаграфічны музей. Даследаванні прадстаўляюцца па напрамках “Летапіс роднага краю”, “Землякі”, “Культурная спадчына”, “Этнаграфія”, “Ваенная гісторыя”, “Археалогія”.

Імя Сяргея Іванавіча Атрошчанкі канферэнцыя носіць невыпадкова. З’яўляючыся намеснікам старшыні камісіі па справах непаўналетніх Чачэрскага райвыканкама, ён не толькі шчыра клапаціўся пра дзяцей, пазбаўленых бацькоўскай увагі, але і пра папулярызацыю багатай спадчыны роднага краю. Сяргей Іванавіч запальваў краязнаўчыя -агеньчыкі пазнання ў сэрцах кожнага, хто з ім сустракаўся. Такія ж самыя словы пра клопат, пра краязнаўчыя агеньчыкі ў сэрцах дзяцей можна сказаць і пра педагогаў-краязнаўцаў. Найбольш вопытным з’яўляецца былы дырэктар сярэдняй школы № 1 Чачэрска, а цяпер настаўнік гісторыі і працоўнага навучання гімназіі Чачэрска Мікалай Іванавіч Лагойкін.

Як і належыць, наша сустрэча з педагогам-краязнаўцам, педагогам-музейшчыкам адбылася сярод экспанатаў. Паколькі музейны пакой гімназіі знаходзіцца на рэканструкцыі, у руках Мікалая Іванавіча замест указкі была… сякера. Па словах педагога, у абноўленым пакоі будзе паказаны быт сялян і мяшчан. Каб наведвальнікі як мага паўней акунуліся ў атмасферу сялянскай хаты і мяшчанскага дома ХІХ стагоддзя, варта стварыць адпаведны антураж. А без сякеры, а таксама электралобзіка, малатка, рубанка гэтага не зробіш. Дзясяткі ўнікальных экспанатаў захоўваюцца ў фондах музейнага пакоя гімназіі, дзясяткі краязнаўчых экспедыцый за дзясяткі гадоў сваёй настаўніцкай працы здзейсніў Мікалай Іванавіч Лагойкін па Чачэрскім краі, у першую чаргу у родную вёску Асінаўку. Пасля аварыі на ЧАЭС вёска была выселена, аднак прадметы побыту землякоў, прадстаўленыя ў экспазіцыі, нагадваюць пра далёкае дзяцінства, маладосць, пра часы, калі ў вёсцы віравала жыццё, пра часы, якія, на жаль, ужо ніколі не вернеш.

Усяго Мікалай Іванавіч працаваў над стварэннем трох музейных пакояў. Першы — у вёсцы Воранаўцы Кармянскага раёна, дзе пачынаўся настаўніцкі шлях нашага суразмоўніка; другі — у Роўкавіцкай сярэдняй школе Чачэрскага раёна, а трэці — у гімназіі Чачэрска. Пасля рэканструкцыі пакоя тут размесціцца зусім новая, па-сутнасці чацвёртая створаная настаўнікам экспазіцыя. Музейнай справай у сярэдняй школе № 1 Чачэрска актыўна займаецца настаўніца гісторыі Наталля Міхайлаўна Перавознікава.

Арыгінальныя назвы

Камуна-Ленінскі яслі-сад — базавая школа ў аграгарадку Вазнясенскі… Як гучыць! У гэтых назвах пераплялася ўся гісторыя ХХ стагоддзя. Наведваючы Чачэрскі раён, грэх не з’ездзіць і не пазнаёміцца больш падрабязна з гэтымі тапонімамі. “Адкуль такія назвы? Калісьці тут было некалькі вёсак. У 1922 годзе, калі пачалі раздаваць былыя графскія землі, частка жыхароў Чачэрска пераехала ў нашу мясцовасць і пасялілася ўздоўж Сожа. Так узнікла вёска Селянін. Потым была створана камуна і калгас імя Леніна, а на ўзгорку, на самым высокім месцы наваколля, узнік Вазнясенскі. Пасля Чарнобыля вёскі пачалі злівацца, за населеным пунктам засталася назва Вазнясенскі, а за школай — Камуна-Ленінская”, — з такога аповеду пачынае знаёмства са школай дырэктар установы Ганна Яўгенаўна Хрысціна.

Арыгінальная назва — гэта не адзіны сюрпрыз, які чакае гасцей на тэрыторыі Камуна-Ленінскай школы. Наступны пункт знаёмства — веласіпеды. Каля школьнага ганка, пад графіці, якое сведчыць пра тое, што Чачэрску ў 2014 годзе споўнілася 855 гадоў, размяшчаецца цэлая велапаркоўка. Менавіта на гэтым транспарце настаўнікі разам з вучнямі вывучаюць родны край. З некаторымі асаблівасцямі велападарожжаў па Чачэршчыне знаёміць настаўнік гісторыі і геаграфіі Уладзімір Анатольевіч Мохараў.

— Чарнобыль наклаў свой адбітак не толькі на лад жыцця мясцовых жыхароў, але і на спосабы вывучэння роднага краю. Мы жывём у забруджанай зоне, і лясы жорстка кантралююцца. Перамяшчацца можна толькі па дарогах. Як правіла, чатыры разы на год у нас праводзяцца велапрабегі. Адлегласці невялікія — 15, 20 км, бо ў паход хочуць адправіцца вучні рознага ўзросту: і 9, і 3 класа. Набыць веласіпеды і спецыяльную форму нам дапамаглі нашы італьянскія і нямецкія партнёры, — паведамляе Уладзімір Анатольевіч.

На школьным падворку — і веласіпедная паркоўка (дакладней, дзве), і прыгожыя клумбы з кветкамі, і бярозы вакол помніка, пастаўленага ў памяць пра вёскі Ленінскага сельсавета, выселеныя ў выніку аварыі на ЧАЭС. Непадалёк дубок, пасаджаны ў гонар юбілею Якуба Коласа. Знаходзіцца каля школы і прыгожы яблыневы сад. А яшчэ за некалькі кіламетраў — знакамітая бердыжская стаянка першабытнага чалавека. Хоць вывучэнне роднага краю вядзецца вучнямі пад кіраўніцтвам Уладзіміра Анатольевіча па розных напрамках (і этнаграфія, і падзеі Вялікай Айчыннай вайны, і вывучэнне жыцця юнага партызана-героя Грышы Падабедава), усё ж перавага аддаецца старажытнай гісторыі. Прадметы побыту першабытных людзей і радзімічаў складаюць асноўную калекцыю прадметаў школьнага музейнага пакоя, актыўна выкарыстоўваюцца гэтыя прадметы і на ўроках гісторыі, выхаваўчых мерапрыемствах.

Бердыжская стаянка была адкрыта ў 1926 годзе Канстанцінам Палікарповічам на схіле высокага правага берага ракі Сож ва ўрочышчы Калодзежкі. Усяго за гады раскопак там знойдзена звыш 3 тысяч адзінак, у тым ліку больш за 2 тысячы касцей, большасць з якіх належала маманту. Знойдзены таксама рэшткі шарсцістага насарога, мядзведзя, паўночнага аленя і інш. Прылады працы створаны з так званага сожскага валуннага крэменю. Многія з іх знойдзены вучнямі, а некаторыя школьнікі нават стварылі іх самі. Так, выпускнік Улад Кандрацьеў зрабіў своеасаблівую сякеру з косці жывёліны. Асабліва каштоўнымі знаходкамі з’яўляецца камень у выглядзе кіпцюра птушкі, а таксама выявы жалуда.

На сёння тэрыторыя стаянкі забруджана радыенуклідамі і знаходзіцца ў зоне адчужэння, таму археалагічныя работы там не праводзяцца. Тэрыторыя ахоўваецца, і праезд магчымы толькі па спецыяльных прапусках. Нягледзячы на пэўныя перашкоды, краязнаўчая работа ў Камуна-Ленінскім яслях-садзе — базавай школе працягваецца.

Выпрабаванне любоўю

Шмат стагоддзяў мінула з таго часу, калі на высокіх берагах Сожа пасяліліся радзімічы. Адкуль яны прыйшлі ў гэты край, дакладна невядома. Не скажуць дакладна навукоўцы і пра паходжанне назвы славянскага племені. Лічыцца, што яна мае балцкія карані. А калі не балцкія, калі “радзімічы” ўтварылася ад слова “радзіма”? Гэтая версія таксама мае права на існаванне. Цалкам верагодна, што радзімічы — гэта тыя, хто любіць сваю радзіму, бо любоў да маляўнічага Пасожжа прайшла ў жыхароў Чачэршчыны выпрабаванне і часам, і ліхалеццямі.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.