Радзіма, творчасць, натхненне

Дзень моладзі стаў адной з самых яркіх і запамінальных старонак XXVII Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”.

У мінулую суботу горад вітаў маладых і крэатыўных. Лейтматывам свята сталі вядомыя і блізкія кожнаму беларусу коласаўскія радкі: “Мой родны кут, як ты мне мiлы”. Старт Дню моладзі даў арт-парад “Беларусь у сэрцы маім!”, у якім прынялі ўдзел больш за 700 юнакоў і дзяўчат. Сёлета традыцыйнае шэсце змяніла фармат: арганізатары вырашылі не рабіць падзел па рэгіянальным прынцыпе. Дэманструючы сваё майстэрства, па вуліцы Леніна прайшлі ўдзельнікі лепшых маладзёжных аб’яднанняў — велатрэалісты, ролеры, брэйк-дансісты, капслейшчыкі, графіцісты, аніматары, хадулісты, акцёры вулічных тэатраў, мастакі бодзі-арт, аўтааматары, музыканты і прадстаўнікі танцавальных школ. Сярод апошніх, дарэчы, — уладальніца тытула “Першая віцэ-каралева Вясна” XXVII Міжнароднага міжвузаўскага конкурсу грацыі і артыстычнага майстэрства Марыя Салаўёва: прыгажуня парадавала іскрамётнай лацінай. У рамках патрыятычнай акцыі “Мы памятаем і ганарымся!” моладзь разам з прадстаўнікамі абласной улады ўсклалі кветкі і вянкі да Вечнага агню мемарыяльнага комплексу ў гонар савецкіх воінаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў Віцебшчыны.


Затым эпіцэнтр падзей змясціўся на плошчу Перамогі, дзе адбылося ўрачыстае адкрыццё свята. Шчырае прывітанне і найлепшыя пажаданні яго удзельнікам даслаў міністр адукацыі Ігар Карпенка. “За апошнія гады дні моладзі сталі традыцыйнымі. Яны спрыяюць развіццю творчага дыялогу паміж моладдзю розных краін, з’яўляюцца выдатнай магчымасцю праявіць свае таленты, прадставіць новыя ідэі і творчыя ініцыятывы. Перакананы, што Дзень моладзі будзе несці сваю місію, якая садзейнічае міжнароднаму культурнаму ўзаемаўзбагачэнню, — гаворыцца ў прывітальным лісце, які зачытаў намеснік начальніка ўпраўлення па справах моладзі галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Мікалай Носаў. — Падтрымка таленавітай і адоранай моладзі, садзейнічанне развіццю рэалізацыі маладзёжных сацыяльна значных ініцыятыў — не толькі прыярытэтныя напрамкі дзяржаўнай палітыкі, гэта стратэгічныя мэты нашай дзяржавы”. Другі сакратар Цэнтральнага камітэта грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” Алег Дзікун уручыў падзякі абласным і мінскай гарадской арганізацыям БРСМ за падрыхтоўку да свята.

Фінал маладзёжнага фестывалю “Агонь танца” таксама змяніў фармат з конкурснага на фестывальны: 300 пераможцаў рэгіянальных творчых марафонаў выступілі ў феерычным гала-канцэрце і падарылі гледачам незабыўныя ўражанні і сапраўдную асалоду. Актыўную і ініцыятыўную, а галоўнае спартыўную моладзь на свяце пакалення-next чакалі незвычайныя сюрпрызы ад арганізатараў. Віцебскія спартсмены Федэрацыі сілавога экстрыму запрасілі ўсіх жадаючых на неафіцыйны турнір асілкаў у рамках фестывалю маладзёжных субкультур і здаровага ладу жыцця. Прэтэндэнтам на званне “Самы моцны на Дні моладзі” і Кубак ад арганізатараў прапанавалі паўдзельнічаць у нестандартных выпрабаваннях па сілавым экстрыме, жартоўных і займальных конкурсах — напрыклад, пранесці чамадан вагой 80 кілаграмаў і падняць мех з бульбай.

На пляцоўцы побач паставіць рэкорд напярэдадні ІІ Еўрапейскіх гульняў — 2019 у Мінску рыхтаваліся скейтбардысты, удзельнікі другога этапу адкрытага чэмпіянату Belarus Skateboard Сhallenge. А гасцям меркавалася даць пратэсціраваць электраскейты… На жаль, не спраўдзілася: свае карэктывы ўнёс неспадзяваны моцны дождж. Затое іх суседзяў надвор’е не збянтэжыла: пляцоўка, на якой разгарнуліся Рэспубліканскі спартыўны турнір па варкаўце сярод моладзі “Наша сіла” і турнір па сілавым экстрыме на Кубак Беларусі сярод гарадоў, сабрала дзясяткі спартсменаў і ў разы больш гледачоў. Прыцягвала ўвагу пляцоўка, дзе футбалісты віцебскай каманды, а таксама нацыянальнай зборнай Беларусі, арганізавалі майстар-клас па інтуітыўным футболе. Майстар-класамі і фотазонамі з нацыянальным каларытам, фотасушкай і фотагалерэяй, бодзі-артам прываблівала інтэрактыўная экспазіцыя “Беларусь — крыніца натхнення”. Сумаваць не даводзілася і на фестывалі дваровых гульняў “Альтэрнатыва”: тут моладзь чакалі старыя добрыя “гумкі” і “класікі”, лазертаг, гіганцкія “твістэр” і боўлінг, скачкі праз скакалку даўжынёй больш за 4 метры. Завяршыў свята фінал рэспубліканскага конкурсу “Бітва дыджэяў “Беларусь і Я”, пераможца якога прадставіць Беларусь на фестывалі “Моладзь — за Саюзную дзяржаву” ў Растове-на-Доне.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.