Радзіме любай прысвячаецца

Вынікі абласнога конкурсу “Спадчына малой радзімы. Віцебшчына ў мініяцюры” падвялі ў Верхнядзвінску

Цікавы і самабытны рэгіянальны праект нарадзіўся на Полаччыне і з’яўляецца працягам мінулагодняга раённага гісторыка-краязнаўчага праекта (конкурсу) “Полацк вачыма дзяцей, або Горад у мініяцюры”. Абласны конкурс быў прысвечаны Году малой радзімы і праходзіў у рамках святкавання 80-годдзя Віцебшчыны. Ініцыятарамі яго правядзення выступілі галоўнае ўпраўленне па адукацыі аблвыканкама і абласная арганізацыя рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”; агульнае кіраванне ажыццяўляла галоўнае ўпраўленне па адукацыі аблвыканкама, арганізацыйнае і метадычнае забеспячэнне заключнага этапу — абласны Палац дзяцей і моладзі.

—Конкурс уяўляе сабой цыкл асобных самастойных мерапрыемстваў, накіраваных на вывучэнне, збор матэрыялаў і рэканструкцыю архітэктурных гісторыка-культурных аб’ектаў Віцебскай вобласці, — расказала першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Алена Багдановіч. — Прыярытэтныя задачы, якія мы ставілі перад сабой, — гэта фарміраванне ў моладзі грамадзянскай пазіцыі, развіццё цікавасці да гісторыі Віцебшчыны, архітэктурных аб’ектаў рэгіёна і культуры роднага краю, далучэнне навучэнцаў да нацыянальных каштоўнасцей, паглыбленне тэарэтычных ведаў і практычных навыкаў краязнаўчай работы.

Да ўдзелу былі запрошаны як асобныя педагогі і творчыя групы, так і калектывы ўстаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай адукацыі, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Ім было прапанавана стварыць макеты самых пазнавальных архітэктурных аб’ектаў сваіх гарадоў і раёнаў. Палажэнне аб конкурсе прадугледжвала разнастайныя формы падрыхтоўкі, адна з іх — праз арганізацыю на базе ўстаноў адукацыі з улікам інтарэсаў і ўзросту навучэнцаў часовых калектываў, якія ажыццяўлялі сваю дзейнасць пад кіраўніцтвам педагагічных работнікаў гэтых устаноў адукацыі. Падчас летніх канікул падобныя часовыя калектывы працавалі на базе дзіцячых аздараўленчых лагераў.

Яркай справаздачай аб праведзенай рабоце сталі незвычайныя выставы, што адкрыліся па ўсёй вобласці ў школах, гімназіях, ліцэях, каледжах і нават дзіцячых садах. Варта адзначыць, што творчая ініцыятыва ўдзельнікаў значна пашырыла рамкі конкурсу ўжо на першым яго этапе. Напрыклад, у яслях-садзе № 110 Віцебска можна было азнаёміцца з архітэктурнымі мініяцюрамі сучаснага “Білева”, прычым не толькі знаёмых усім мясцовым жыхарам будынкаў — названай установы адукацыі, магазіна “Веста”, кандытарскай фабрыкі “Віцьба”, сярэдняй школы № 46 Віцебска, макетамі жылых дамоў, але і з экспанатамі-ілюстрацыямі будучыні гэтага маладога мікрараёна абласнога цэнтра: макетамі тэатра, дзіцячай паліклінікі. Шматлікіх наведвальнікаў прываблівалі фотазона і тэматычныя майстар-класы. Іншымі словамі, атрымаўся выдатны варыянт цікавага і карыснага адпачынку для ўсёй сям’і.

Непасрэдна конкурс падзяляўся на два этапы, якія ў сваю чаргу складваліся з двух тураў кожны. Як паведаміла начальнік аддзела выхаваўчай работы галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Вольга Дарожка, на папярэднім туры навучэнцы і педагогі вызначалі цікавы гісторыка-культурны аб’ект з прапанаванага прыкладнага пераліку або на ўласны выбар і збіралі аб ім усю даступную гісторыка-краязнаўчую інфармацыю, у тым ліку фотаздымкі, малюнкі, чарцяжы, гістарычныя апісанні. Па выніках гэтай работы ўдзельнікі конкурсу да 10 чэрвеня рыхтавалі праект-абарону архітэктурнага аб’екта з абавязковым суправаджэннем мультымедыйнай прэзентацыяй.

Другі — асноўны — тур доўжыўся да 15 верасня: канкурсанты ва ўстанове адукацыі вывучалі новыя тэхнікі выканання, рыхтавалі неабходныя матэрыялы і інструменты, а потым выраблялі макеты архітэктурных аб’ектаў згодна са сваім праектам. Захоўваючы прапорцыі, трэба было стварыць прывабную архітэктурную мадэль шырынёй не менш за м2 і вышынёй ад 1 м 80 см да 2 м 80 см. Матэрыял для вырабу выбіралі самі ўдзельнікі. Адзіным абавязковым патрабаваннем тут была ўстойлівасць да ўздзеяння вільгаці, каб дазволіць дэманстрацыю макетаў як у закрытых памяшканнях, так і на вуліцы. Пасля папярэдняга адбору лепшыя работы адправіліся на абласны этап конкурсу.

— Напачатку меркавалася, што кожны раён (установа адукацыі) да 25 верасня прадставіць на конкурс па тры макеты архітэктурных аб’ектаў з абавязковым экскурсійным суправаджэннем, — адзначыла загадчык сектара патрыятычнай і краязнаўчай работы аддзела турызму і краязнаўства Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі Алена Ягоранка. — Але на практыцы канкурсанты настолькі актыўна далучыліся да праекта, карпатліва, старанна і адказна падышлі да збору гісторыка-краязнаўчага матэрыялу, настолькі творча і па-майстэрску выканалі свае работы, што ў шэрагу выпадкаў мы мусілі павялічыць колькасць удзельнікаў другога этапу. Зразумела, гэта пэўным чынам ускладніла задачу журы, затое заключны тур конкурсу стаў, на маю думку, адной з найбольш значных восеньскіх падзей на адукацыйнай прасторы Віцебшчыны.

Усе макеты, якія прайшлі ў фінал, былі выстаўлены на пляцоўцы “Спадчына малой радзімы. Віцебшчына ў мініяцюры” падчас правядзення абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў сяла “Дажынкі-2018”. Госці святочнага Верхнядзвінска высока ацанілі як самі экспанаты, так і прэзентацыю экспазіцыі: кожны раён (горад) Віцебшчыны прадстаўляла дзяўчына-экскурсавод у сукенцы з геральдычнымі знакамі, выявамі помнікаў і памятных мясцін менавіта гэтага рэгіёна — тэматычную калекцыю адзення падрыхтаваў Віцебскі дзяржаўны індустрыяльна-тэхналагічны каледж.

Сярод творчых груп, работы якіх упрыгожылі выставу, чатыры з Аршаншчыны. Парадавалі майстэрствам гараджане: адзінаццацікласнікі сярэдняй школы № 4 Антон Палякоў і Павел Сляпцоў пад кіраўніцтвам настаўнікаў працоўнага навучання гэтай установы адукацыі Аляксандра Лапіцкага і сярэдняй школы № 2 Дзяніса Барабанава выканалі архітэктурную мініяцюру старажытнага калегіума езуітаў, навучэнцы сярэдняй школы № 6 Іван Крукаў і Аляксандр Сікорскі пад кіраўніцтвам свайго настаўніка працоўнага навучання Аляксандра Кісліцына — макет мемарыяльнага комплексу “За нашу савецкую Радзіму!”, знакамітай “кацюшы”. Творчы калектыў Аршанскага дзяржаўнага механіка-эканамічнага каледжа прапанаваў на суд журы макет гістарычнага музейнага комплексу “Млын”, а творчая група Крапівенскага ясляў-сада — сярэдняй школы Аршанскага раёна ў складзе дырэктара Таццяны Аланцьевай, настаўніка працоўнага навучання Аляксандра Сідаровіча, кіраўніка фізічнага выхавання Васіля Зінковіча і вартаўнікоў Рамана Шахоўскага і Мікалая Махнача — макет Свята-Траецкага храма.

—Нядаўна педагогам Аршаншчыны і жыхарам горада таксама ўдалося ўбачыць гэтыя аб’екты на выставе, арганізаванай у рамках прысвечанага Дню настаўніка ўрачыстага мерапрыемства ў Доме культуры чыгуначнікаў, — праінфармавала метадыст вучэбна-метадычнага кабінета ўпраўлення па адукацыі Аршанскага райвыканкама Таццяна Хаткевіч. — Макеты вернуцца ў школы і зоймуць самыя ганаровыя месцы, таму што кожны з іх — часцінка гісторыі малой радзімы, якая ажыла праз успрыманне і творчасць яе дарослых і дзяцей.

Безумоўным лідарам па колькасці прадстаўленых у фінале конкурсу праектаў была Полаччына. Падчас выставы адразу прыцягвалі ўвагу цудоўныя выявы ў мініяцюры Богаяўленскага сабора (творчы калектыў полацкай дзяржаўнай гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны), Сафійскага сабора (творчы калектыў сярэдняй школы № 6 Полацка), Свята-Пакроўскай царквы (творчы калектыў сярэдняй школы № 8 Полацка), Чырвонага моста (творчы калектыў Полацкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці), Крыжаўздзвіжанскага сабора (творчы калектыў Полацкага дзяржаўнага хіміка-тэхналагічнага каледжа).

— У беларускай гісторыі і культуры Полаччына займае асаблівае месца. Наша радзіма на працягу стагоддзяў дарыла свету славутых асветнікаў і мастакоў, дойлідаў і архітэктараў, паэтаў і пісьменнікаў. Мы адказныя, каб гэтая пераемнасць захоўвалася, — падзялілася ўражаннямі начальнік упраўлення па адукацыі Полацкага райвыканкама Ірына Драздова. — Таму для нас не проста прыемна, а важна і характэрна, калі полацкія мясцовыя ініцыятывы, сярод якіх і конкурс “Спадчына малой радзімы. Віцебшчына ў мініяцюры”, атрымліваюць развіццё і працяг на больш высокім узроўні, набываюць абласны і рэспубліканскі статус. Дарэчы, у раёне праект “Полацк вачыма дзяцей, або Горад у мініяцюры” працягваецца крыху ў іншым фармаце: сёлета мы рэалізавалі праект “Краіна майго дзяцінства”, удзельнікі якога ўвасобілі ў невялікіх арт-аб’ектах свае ўяўленні аб малой радзіме.

Старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, які ўзначальвае таксама абласную арганізацыю рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”, асобна адзначыў высокі выхаваўчы і прафарыентацыйны патэнцыял праекта. Лідар “Белай Русі” ўпэўнены: конкурс заслугоўвае ўвагі і мае ўсе перадумовы, каб у перспектыве пашырыць маштаб да рэспубліканскага. Гэтае перакананне падзяляе старшыня журы конкурсу, галоўны спецыяліст упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама, доктар гістарычных навук Дзяніс Юрчак.

— Праект дае магчымасць паказаць самыя розныя помнікі архітэктуры, у тым ліку ўключаныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей і тыя, што раней упрыгожвалі наш рэгіён, але зніклі ў выніку самых розных прычын, — падкрэсліў Дзяніс Валер’евіч. — Удзельнікі прадставілі і новыя сучасныя аб’екты сваіх гарадоў і раёнаў. Аўтары работ практыкавалі розныя тэхнікі і падыходы: былі макеты з вельмі моцнай дэталізацыяй і побач — вялікія па памеры, але вельмі ўмоўныя, проста расфарбаваныя замест тых дэталей і нюансаў, якія звычайна ўпрыгожваюць фасады помнікаў архітэктуры. Напэўна, у наступны раз пры правядзенні конкурсу варта будзе ўлічыць рознасць матэрыялаў, нават увесці адпаведны падзел, таму што, напрыклад, унікальную гліняную мініяцюру касцёла Святой Варвары ў Віцебску цяжка параўнаць з макетамі, раздрукаванымі на прынтары. На маё меркаванне, выстава атрымалася выдатная, яе варта было б прапанаваць на ўсеагульны агляд у абласным цэнтры, іншых гарадах і раёнах, уключаць экспанаты ў музейныя экспазіцыі. Шыкоўна яна б выглядала пад адкрытым небам. Адным са шляхоў далейшага развіцця праекта мне бачыцца якраз стварэнне гістарычна-архітэктурных паркаў. А калі далей выконваць мініяцюры з сучасных кампазітных матэрыялаў, то для дэманстрацыі не спатрэбяцца і спецыяльныя прыстасаванні, якія засцерагаюць ад уздзеяння навакольнага асяроддзя. Што ў сваю чаргу дазволіла б выкарыстоўваць падобныя мініяцюры замест інфармацыйных стэндаў там, дзе вялікія гісторыка-культурныя аб’екты чакаюць рэстаўрацыі. Новых ідэй многа, праект чакае вялікая будучыня.

Па выніках абласнога конкурсу “Спадчына малой радзімы. Віцебшчына ў мініяцюры” першае месца падзялілі архітэктурныя мініяцюры, прадстаўленыя творчымі калектывамі сярэдняй школы № 8 Полацка “Свята-Пакроўская царква (Храм Пакрова Прасвятой Багародзіцы), браслаўскай сярэдняй школы № 2 “Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі” і аб’яднання па інтарэсах “Сакрэты дойлідства” Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі “Растоўцаўскі тэатр на Смаленскай базарнай плошчы”. На другім месцы — работа “Касцёл Святой Варвары”, якую пад кіраўніцтвам педагога дадатковай адукацыі Алены Запарожчанка і выкладчыка Цімафея Кураннога выканалі навучэнкі Віцебскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа сельскагаспадарчай вытворчасці Ксенія Гарнак і Аліна Дабжынецкая, работы творчых калектываў гімназіі № 4 Віцебска “Гарадская ратуша” і Аршанскага дзяржаўнага механіка-эканамічнага каледжа “Гістарычны музейны комплекс “Млын”. Трэцяе месца — у педагагічнай зборнай з Бешанковіч (прадстаўнікі сярэдніх школ №№ 2 і 1 райцэнтра і Бешанковіцкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі вырабілі макет Ільінскай царквы), а таксама творчых калектываў Бігосаўскай сярэдняй школы Верхнядзвінскага раёна (работа “Станцыя Бігосава. Чыгуначны вакзал”) і Расонскай сярэдняй школы імя П.М.Машэрава (работа “Храм Узнясення Гасподняга”). Пераможцы ўзнагароджаны каштоўнымі прызамі і дыпломамі Віцебскай абласной арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”. Створаны электронны фотаальбом, які можна будзе выкарыстоўваць пры правядзенні заняткаў факультатыўных курсаў па гісторыі, а таксама мерапрыемстваў грамадзянска-патрыятычнага напрамку.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара і з архіва Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *