Радзіму павінны абараняць усе

- 11:35Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пракаменціраваў спрэчкі вакол паправак у законы па пытаннях эфектыўнага функцыянавання ваеннай арганізацыі дзяржавы.

“Мы заўсёды гаварылі, і я гэта прайшоў спаўна і маю права сказаць: Радзіму, Айчыну павінны абараняць усе. Усе, асабліва мужыкі. Мы сталі нахабнымі да такой ступені, што на жанчын пачалі перакладваць і гэтую праблему, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — У Беларусі гэтага быць не павінна! Жанчына павінна адказваць за сваё, а мы павінны забяспечваць сям’ю і абараняць Радзіму, сваю сям’ю і сваю жанчыну”.

Прэзідэнт заўважыў, што апошнім часам у інтэрнэце бурна абмяркоўваецца некалькі тэм, у тым ліку папраўкі ў законы, якія тычацца службы ў арміі. “Разгарнулася бурная палеміка: як будзем служыць у арміі? Чытай — а як будзем абараняць сваю зямлю, сваю Айчыну, як? — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Бедны міністр абароны Раўкоў: яго стапталі ўжо ўздоўж і ўпоперак — не тое прапанаваў, не тое ваенныя вынеслі на разгляд парламента, а тыя нешта там прынялі, а заўтра будзе катастрофа. Ды супакойцеся! Прэзідэнт не паставіў подпіс ні на адным дакуменце, дзе вы думаеце аб катастрофе”.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, за каментарыямі ў інтэрнэце хаваюцца тыя, хто перш за ўсё “дбаў” пра суверэнітэт і незалежнасць. “Я вас папярэджваў, што суверэнітэт і незалежнасць — гэта самыя дарагія рэчы, яны вельмі дорага каштуюць, і не толькі ў грашовым выражэнні. І наша грамадства на ўра ўспрыняло — будзем суверэнныя і незалежныя. Асабліва тыя, хто сёння там папісваюць. А калі паўстала пытанне пра абавязак, пра цану незалежнасці хаця б у частцы абароны суверэнітэту, усе закрычалі: “Не!” — заўважыў ён.

Праціўнікі новага закона, адзначыў прэзідэнт, у сваіх каментарыях у інтэрнэце прапануюць падзяліць грамадства на нейкія класы: адны, простыя грама­дзяне, будуць абараняць краіну, а іншыя — працаваць, атрымліваць адукацыю, жыць за мяжой, але не ваяваць за Радзіму. “Я як прэзідэнт, абдумваючы падкінутую тэму, пачынаю разважаць, мне ж закон падпісваць: якія ёсць варыянты, акрамя тых, што прапісаны або будуць прапісаны ў законе?” — спытаў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, ёсць некалькі магчымых варыянтаў вырашэння сітуацыі. Адзін з іх — звярнуцца па абарону у НАТА. “Калі мы вельмі папросім, яны нам паабяцаюць. І тыя, якія папісваюць у інтэрнэце, з задавальненнем гэта прынялі б. Вы хочаце гэты варыянт? Я — не”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Іншы магчымы варыянт развіцця па­дзей тычыцца ўступлення Беларусі ў склад Расіі, дадаў прэзідэнт. “Мы можам папрасіць, каб яны нас абаранялі, — ­ядзерны парасон, гіпергукавая зброя і іншае. Можам папрасіць і дамовіцца. Я думаю, прынамсі, для нашага пакалення хопіць, а дзеці самі няхай разбіраюцца потым, — саркастычна заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Вы хочаце ў склад Расіі, каб яна нас абараняла? Не. І я не хачу”.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што для беларусаў застаецца трэці варыянт: самім абараняць сябе. “І тыя, хто папісваюць, так і разважаюць, толькі думаюць, што не яны будуць са стрэльбай хадзіць ад Брэста да Смаленска, не яны будуць на бранятэхніцы, у самалётах лятаць, абараняючы нашу краіну, а тыя, якія не могуць нікуды паступіць, і г.д. Вы хочаце, каб было так? Я — не. Пасля мяне — калі ласка”, — сказаў прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што той, хто не змог атрымаць урок з гісторыі і мінулай вайны, сёння будзе зноў біты. “І калі ­нехта сюды прыйдзе, ён не будзе гля­дзець, гэта селянін, урач ці рабочы, — адзначыў ён. — Урокі трэба атрымліваць з усіх па­дзей, каб выстаяць, вытрымаць і каб быць па-сапраўднаму суверэнным і незалежным”.