Ракетафэст — у гонар яднання народаў

- 16:47Нам пішуць

Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі адсвяткавалі выхаванцы лабараторыі ракетна-касмічнага мадэлявання Гродзенскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці. Для навучэнцаў аб’яднанняў па інтарэсах авія-, ракетна-касмічнага, пачатковага тэхнічнага мадэлявання былі праведзены касмічныя адкрытыя заняткі “Мы памятаем! Мы ганарымся!” у рамках сацыяльна-значнага праекта ракетамадэльнага фестывалю “Ракетафэст-2017”, які праводзіцца рэгіянальнай грамадскай арганізацыяй “Аструм” (Масква) сумесна з лабараторыяй ракетна-касмічнага мадэлявання Гродна. У фільме, які дэманстраваўся на адкрытых занятках, быў відэазварот экіпажа з Міжнароднай касмічнай станцыі ў складзе Андрэя Барысенкі, Алега Навіцкага (нашага земляка) і Сяргея Рыжыкава з віншаваннямі ўдзельнікаў праекта “Ракетафэст-2017”, а таксама інфармацыя аб знакавых датах нашай гісторыі.

Затым былі праведзены запускі мадэляў ракет. Першай узляцела мадэль ракеты з сімволікай “Ракетафэст-2017”, другі палёт здзейсніла мадэль ракеты з дзяржаўнай сімволікай Беларусі і Расіі. У завяршэнне другога палёту быў выраблены салют з надрукаваных папяровых кветак. 21 васілёк сімвалізаваў Беларусь, 21 рамонак — Расію. Такім крэатыўным спосабам выхаванцы аб’яднання па інтарэсах ракетна-касмічнага мадэлявання адсвяткавалі Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі.

Аляксандр ЛІПАЙ,
загадчык спартыўна-тэхнічнага аддзела
Гродзенскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці.