Раман КАРАЛЁЎ: “Заўсёды зайздрошчу эфектным трукам”

- 13:00Суразмоўца

Гільдыя каскадзёраў Беларускага саюза кінематаграфістаў існуе ўжо 10 гадоў. Узначальвае яе Раман Каралёў — прафесійны каскадзёр і пастаноўшчык трукаў як у нашай краіне, так і ў Расіі. Дарэчы, Раман Іванавіч займаецца трукамі толькі апошнія 17 гадоў. Але за гэты час ён не толькі зрабіў сабе імя, але і выхаваў дастойную змену каскадзёраў, якіх навучыў гарэць, падаць з крытычных вышынь, тануць, страляць і нават узрывацца. Даведаемся, як ён сам стаў каскадзёрам, хто часцей выбірае гэтую прафесію і чаму спартсменам лягчэй выконваць трукі.

— Раман Іванавіч, я ведаю, што вы па адукацыі ваенны. Раскажыце, як вы сталі каскадзёрам.

— На самай справе, я заўсёды марыў трапіць у кінематаграфічнае асяроддзе, якое здавалася мне чымсьці касмічным і недасягальным. Калісьці даўно мяне нават запрасілі паўдзельнічаць у здымках фільма “У жніўні
44-га…”, але я не аднёсся да гэтага сур’ёзна. А калі вучыўся ў Маскве ў Акадэміі бяспекі, мае сябры зноў запрасілі мяне на здымкі, ужо баевіка. Мне гэтая ідэя вельмі спадабалася, і я асмялеў. Акрамя таго, я трапіў у выдатную прафесійную каскадзёрскую сям’ю да Валерыя Іванавіча Дзеркача, старшыні Асацыяцыі каскадзёраў Расіі, членам якой і я з’яўляюся сёння. А потым было шмат баёў, і нам патрэбны былі для здымак падрыхтаваныя юнакі, якія ведаюць, як біцца, падаць, рухацца са зброяй. Мне было настолькі цікава ўсё гэта, што я быў гатовы здымацца без ганарару. Тады мяне нельга было назваць каскадзёрам, таму што, каб стаць сапраўдным каскадзёрам, трэба працаваць дзесяцігоддзямі ў кіно, трэніравацца, адточваць розныя навыкі.

— Але вас таксама можна ўбачыць у кадры. У якіх ролях?

— Акцёрскіх работ не так шмат, гэта, як правіла, эпізадычныя ролі ваенных, міліцыянераў, банальных бандытаў — у асноўным рэжысёры прапануюць мне сыграць адмоўных персанажаў. (Усміхаецца.)

— Колькі чалавек сёння ў нашай гільдыі каскадзёраў?

— Каля 50 чалавек рознага ўзроўню каскадзёрскага майстэрства, больш-менш прафесійных — 10—12, гэта людзі з вопытам работы звыш 13 гадоў. Але ў Беларусі мы, на жаль, не можам называцца прафесійнымі каскадзёрамі, таму што для прафесіянала каскадзёрская дзейнасць павінна быць штодзённай працай. А мы, калі ёсць фільм, здымаемся, няма фільма — працуем трэнерамі, інструктарамі, дактарамі, ратавальнікамі МНС, спецыялістамі ў розных галінах і сферах, некаторыя займаюцца бізнесам, таму большасць аматараў трукаў па-за кадрам занятыя зусім не звязанай з рызыкай для жыцця і здароўя справай.

— З якіх відаў спорту часцей за ўсё прыходзяць у каскадзёрства?

— 80% нашага асноўнага складу каскадзёраў — прафесійныя спартсмены розных відаў спорту, у асноўным усе трэнеры, майстры спорту, шматразовыя чэмпіёны Рэспублікі Беларусь, Еўропы і свету, ёсць нават алімпійскія чэмпіёны, былыя старшыні спартыўных федэрацый, цыркавыя артысты, прафесійныя акцёры, парашутысты, кліф-дайверы. Я працую з усімі федэрацыямі і прадстаўнікамі розных відаў спорту.

Да нас прыходзяць розныя спартсмены. Але калі іх культура руху не дазваляе выконваць элементарныя трукі, то яны іх і не робяць, таму што ўніверсалаў не бывае і ў кожнага каскадзёра ёсць свая мяжа. У баявых мастацтвах адна культура руху, у акрабатыцы — другая, у барцоў — трэцяя, таму што ў кожнага свой кірунак. Скажам, прадстаўнікі баявых мастацтваў заўсёды ўдзельнічаюць у баявых сцэнах. Калі гэта акрабаты, то яны выконваюць элементы вышынных падзенняў — з коней, з транспарту, што рухаецца, і г.д. Калі гэта падводныя трукі, то мы задзейнічаем фрыдайвераў. Акрамя таго, многія каскадзёры вывучаюць сцэнічны бой, сцэнічны рух са зброяй, тактыку спецыяльных падраздзяленняў. Я заўсёды гавару: “Бяру толькі накручаных!” — гэта значыць добра падрыхтаваных. Бо калі мае хлопцы прыходзяць працаваць на пляцоўку, то павінны рабіць сваю справу прафесійна.

Наогул у нас шмат добрых каскадзёраў, іх імёны магу пералічваць вельмі доўга, таму што кожны варты павагі, я ганаруся ўсімі імі, тым, што яны ў нашай камандзе столькі гадоў.

— Якога ўзросту вашы каскадзёры?

— 20—50 гадоў. Ёсць, вядома, старыя каскадзёры майго ўзросту (смяецца) — 54 гады, але яны ў асноўным “гараць” на здымках або ўдзельнічаюць у баях.

— А ці любому маладому чалавеку можаце даць шанс ажыццявіць мару стаць каскадзёрам?

— Ідзе вялікі паток жадаючых. Мы не адштурхоўваем нікога, але пасля індывідуальнай праверкі яны пачынаюць самі разумець, што не гатовы да нашай спецыфікі. Калі гавораць, што прайшлі навучанне ў кінашколах, — гэта нічога не значыць. У Беларусі кінашколы, школы каскадзёраў растуць як грыбы, але немагчыма на акцёрскіх курсах навучыць выконваць трукі чалавека, які не быў да гэтага спартсменам і не гатовы да фізічных нагрузак.

— Раман Іванавіч, а вы спецыялізуецеся на нейкіх канкрэтных труках?

— Мы робім усе трукі: і гарым, і падаем з розных вышынь і лятальных апаратаў, ужо ёсць свой маленькі самалёт, перыядычна працуем пад вадой. Але пры гэтым, часам нават атрымліваючы траўмы, мы не можам спыніцца, таму што нам цікава і мы адчуваем неверагодны драйв!

— А ці часта вы самі выконваеце трукі?

— Апошнім часам рэдка, бо атрымаў траўму спіны, ды і падрасла добрая змена, ёсць хлопцы, якія робяць іх лепш за мяне. Я тлумачу задачу, рыхтую каскадзёра да бяспечнай трукавай сцэны, каардыную работу з іншымі цэхамі, піратэхнікамі. Хоць, прызнаюся, заўсёды зайздрошчу эфектным трукам.

— Чула такое паняцце, як спартыўная масоўка ў кіно, што яно азначае?

— Яго раней выкарыстоўвалі каскадзёры і пастаноўшчыкі трукаў савецкай эпохі. У спартыўнай масоўцы задзейнічаны людзі, якія прыйшлі пабегаць і, так бы мовіць, танна ўпасці і не больш за тое, многія з гэтага пачыналі, у тым ліку і я. А трукі — гэта складаныя элементы з рызыкай для здароўя і жыцця, якія могуць выканаць толькі прафесіяналы.

Спорт і кіно, адрэналін і правераная каманда — складнікі каскадзёрства.

— Якімі якасцямі павінен валодаць каскадзёр?

— Для каскадзёра вельмі важныя добрая спартыўная і фізічная падрыхтоўка, вынослівасць, моцнае здароўе, хуткасць мыслення і рэакцыі, пластычнасць, самадысцыпліна, знаходлівасць, смеласць, гатоўнасць да разумнай рызыкі.

— Ці шмат абсталявання выкарыстоўваюць каскадзёры?

— Так. Індустрыя кінавытворчасці развіваецца сямімільнымі крокамі. Наогул усіх прыстасаванняў не пералічыць — ад падкідных прылад, падушак, спецыяльных трамп-матаў, пнеўмасістэм для падкідвання аўтамабіляў, робатаў, скорасных лябёдак да касцюмаў, масак, парыкоў, спецыяльных геляў для гарэння, абсталявання для дайвінгу, крэш-боксаў, тоненькіх бронекамізэлек, нерэальнага
альпінісцкага абсталявання,
спецыяльнай абароны. Усё гэта — даволі дарагое абсталяванне. Пад кожны трук абсталяванне мяняецца, а тэхналогіі кінавытворчасці растуць, і мы таксама не сядзім на месцы, таму што нельга адставаць ад часу.

— Атрымліваецца, усё тое, што ў кіно выходзіць за межы магчымасцей звычайнага чалавека, выконваюць каскадзёры?

— Пры гэтым з рызыкай для здароўя і жыцця!

— Прафесія каскадзёра — увогуле суцэльная рызыка. Ці часта здараюцца траўмы?

— Наша прафесія заўсёды была і будзе небяспечнай. Часта трагедыі здараюцца не па віне пастаноўшчыка трукаў або каскадзёра, а па нейкай недарэчнай выпадковасці і бардака на пляцоўцы, таннасці праекта. Мінімізаваць няшчасныя выпадкі можна толькі прафесіяналізмам каскадзёраў, добрай падрыхтоўкай да трукаў, з усімі эксплікацыямі і раскадроўкамі, прагавораным да мінуты здымачным працэсам, а таксама страхоўкай. Таму не павінна быць ніякай самадзейнасці, усе трукі варта прадумваць да дробязей, бо няма нічога даражэйшага за чалавечае жыццё. Нездарма існуе шмат інструкцый і правіл бяспекі, хоць мы ўсе іх часам парушаем.

— У адным з інтэрв’ю вы сказалі, што каскадзёрам абавязкова неабходна адукацыя. Чаму?

— Таму што галава павінна быць на плячах. Як можна пралічыць усе магчымыя рызыкі і пры гэтым быць неадукаваным?.. Галоўнае для каскадзёра пры выкананні нават самага вар’яцкага трука — заставацца думаючым і стрыманым. Заўсёды трэба дакладна разумець, што ты робіш, бо наша задача — пазбегнуць траўм і няшчасных выпадкаў, інакш — адказнасць перад законам і, не дай Бог, шкадаванні на ўсё астатняе жыццё. Я лічу, лепш, калі хто-небудзь з маіх каскадзёраў прызнаецца, што няўпэўнены ў сваіх сілах, чым возьмецца за невыканальнае для яго заданне.

— Колькі часу займае падрыхтоўка да фільма?

— Усё залежыць ад складанасці і задач у карціне. Ёсць людзі, якія з любога становішча могуць упасці так, як птрабуе рэжысёр. І я ў іх упэўнены заўсёды. У нас жа ёсць яшчэ і такая спецыфіка: мы часта працуем разам з піратэхнікамі, а піратэхнічны эфект заўсёды дорага каштуе. А таксама касцюм, грым, якія пашкоджваюцца падчас трука, таму мы не можам рабіць памылкі і павінны старацца ўсё зрабіць з першага дубля.

— Раман Іванавіч, чаго яшчэ хочацца дасягнуць?

— На жаль, да нас з-за пандэміі перасталі ехаць добрыя праекты. Хоць раней бывала амаль па 50 праектаў у год. Таму хочацца працаваць на добрых фільмах з вядомымі рэжысёрамі, прафесійнымі здымачнымі групамі, цікавымі сцэнарыямі — на фільмах, якія потым паедуць на фестывалі. Бо калі гледачы апладзіруюць кінастужцы, над якой працаваў і ты, гэта неверагодна прыемна!

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота з архіва гільдыі каскадзёраў.