Раман МАТУЛЬСКІ: “Настаўнікі ідуць з намі праз усё жыццё!”

Сённяшні герой рубрыкі “Мая школа” двойчы ўвайшоў у адну… бібліятэку. Адно што называлася яна па-рознаму. У 1983 годзе, скончыўшы факультэт бібліятэказнаўства і бібліяграфіі тагачаснага Мінскага інстытута культуры (а перад гэтым бібліятэчнае аддзяленне Самборскага культурна-асветніцкага вучылішча (Львоўская вобласць, Украіна)), 22-гадовы хлопец прыйшоў працаваць у “Ленінку”. І ніхто тады нават не мог падумаць, што праз 20 гадоў ён вернецца ўжо ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі ў якасці дырэктара. Тады, у пачатку 80-х, наперадзе ў яго былі аспірантура, абарона кандыдацкай і доктарскай дысертацый, працяглая выкладчыцкая работа, дэканства на факультэце бібліятэчна-інфармацыйных сістэм БДУКіМ і… мноства кніг, якія суправаджаюць яго ўсё жыццё.
Наш госць — доктар педагагічных навук, прафесар, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Сцяпанавіч Матульскі.

— Раман Сцяпанавіч, вы многа вучыліся і вучылі. А што вам найбольш запомнілася менавіта са школьных гадоў?
— Па сучасных мерках у мяне была абсалютна звычайная школа. Нехта мяне можа палічыць “мастадонтам”, але ў школу я пайшоў, калі яшчэ ніхто не ведаў, што такое тэлевізар. Не памятаю, у якім класе я быў, калі ў нашай сям’і з’явіўся першы тэлевізар: у маленькім чорна-белым акенцы паказвалі ўсяго адзін канал, але гэта была сапраўдная з’ява ў культурным жыцці нашай вёскі. Для чаго я гэта расказваю? Справа ў тым, што інфармацыйная прастора тагачаснага дзіцяці была зусім іншая. І пазнаць свет можна было толькі адным спосабам: чытаць. Канечне, можна было па вечарах слухаць апавяданні дзядуляў і бабуль, якія збіраліся і ўспаміналі мінулае: хто дзе быў і што бачыў.
Адно з маіх хобі — калекцыяніраванне фільмаў на біблейскія сюжэты. Мы з жонкай перыядычна праглядаем некаторыя з іх, пры гэтым я актыўна каменцірую тое, што адбываецца на экране: хто каму кім з’яўляецца, хто каго выратаваў, хто каму здрадзіў і г.д. Жонка дзівіцца, адкуль я гэта ўсё ведаю. А чаму ж не ведаць? Я змалку, седзячы пад лавай, слухаў гэтыя біблейскія апавяданні ад старэйшых. Такім чынам, у плане выхавання ў мяне была далёка не найгоршая інфармацыйная прастора.

— Хто з настаўнікаў вам запаў у душу?
— Нас былі 2 першыя класы па 30 чалавек — так многа ў нашай вёсцы было дзяцей. Гэта зараз я прыязджаю на малую радзіму і бачу, што ва ўсёй школе вучняў столькі, колькі ў нас у адным класе было.
Сёння я з цеплынёй успамінаю сваіх настаўнікаў, бо менавіта яны адкрылі вароты ў жыццё, вароты ў свет. Відаць, адной з тых, хто адыграў вельмі вялікую ролю ў маім лёсе, была настаўніца роднай (украінскай. — У.Ф.) мовы і літаратуры Тэкля Астапаўна Тапурка. Чаму? Яна была сапраўдным настаўнікам. Вельмі патрабавальная, з вялікім багажом ведаў, да кожнага яна знайшла падыход і навучыла не толькі чытаць і пісаць, але і любіць родны край, разумець, што такое жыццё і як у ім не згубіцца. І ніхто з нас, хто выйшаў са школы (хаця многія не былі выдатнікамі і часцей атрымлівалі двойкі, чым пяцёркі), не стаў злодзеем ці дрэнным чалавекам, кожны змог захаваць сваю душу.

— Ці дасягнулі вышынь у жыцці вашы аднакласнікі?
— У кожнага свая вышыня. Некалькі гадоў назад мы сустрэліся, і сабралася недзе трэцяя частка нашага выпуску. Мы розныя, раз’ехаліся па ўсім свеце, выбралі розныя прафесійныя шляхі: нехта стаў вадзіцелем-дальнабойшчыкам, а нехта — дырэктарам завода, хтосьці застаўся жыць дома, а хтосьці пераехаў у Маскву ці на Далёкі Усход.

— Ці памятаеце сваю першую настаўніцу?
— Мая першая настаўніца была, як у нас гаварылі, яшчэ польскай загартоўкі (як-ніяк жылі ў Львоўскай вобласці). Мы былі апошнім класам, які яна выпусціла. Сёння мне цяжка сказаць, колькі ёй было тады гадоў, бо, па маім разуменні, ёй было як мінімум 100 (смяецца). Але праз яе рукі прайшлі ўсе, хто калісьці вучыўся ў нашай школе да мяне, і ў яе быў настолькі вялікі педагагічны вопыт, што дрэнна вучыцца было проста немагчыма. На жаль, не помню яе імя, але вось зараз расказваю — і вобраз першай настаўніцы стаіць перад вачамі.

— Можа, і па начах настаўнікі сніліся?
— Калі і сніліся, то толькі настаўнікі нямецкай мовы (смяецца) у кашмарах пра нямецкую граматыку. А ў прынцыпе, для мяне школа не была цяжкім выпрабаваннем. Я не быў суперстаранным вучнем, хаця кожны год заканчваў з граматамі — вучыўся па-рознаму, але з задавальненнем. Канечне, заўсёды больш хацелася паганяць у футбол, чым пасядзець над падручнікам, але і працэс вучобы не выклікаў душэўнага супраціўлення.

— А ўсё ж якім прадметам аддавалі перавагу?
— Мне больш падабаліся родная мова і літаратура, гісторыя. А вось дакладныя навукі былі не зусім мае, хаця мы з сябрам вельмі паспяхова займаліся авія- і суднамадэляваннем. І ўсе былі ўпэўнены, што я пайду менавіта па інжынерна-канструктарскай сцяжынцы. Займаліся мы гэтым абсалютна самастойна, без аніякіх кіраўнікоў і гурткоў. Як бацька скажу так: сёння мы надта шмат увагі ўдзяляем арганізацыі часу дзяцей: як бы яго так арганізаваць, каб у дзіцяці не было ніводнай вольнай хвіліны, вельмі часта вырашаем за дзяцей і прапаноўваем ім пэўны, правільны на нашу думку, шлях развіцця.
Зараз існуе мноства часопісаў і газет (не гаворачы ўжо пра інтэрнэт, на які ўсе наракаюць), дзе можна знайсці рэкамендацыі па канструяванні, а ўжо што гаварыць пра мадэлі караблёў і самалётаў, якімі літаральна завалены ўсе магазіны. У мой час такога не было, і, відаць, менавіта ў гэтым і была самая важная асаблівасць: дзіця, як ручаёк, павінна прабівацца самастойна і шукаць сваю дарогу. І не заўсёды пракладзеная “шаша” — гэта шлях да шчасця. Чым больш складаная гэтая сцяжынка, тым больш чалавек эсперыментуе і мае магчымасці знайсці самога сябе. Дзяцінства — час бясконцага пошуку. Вельмі часта даводзіцца чуць, што дзіця вучылі ў школе, потым у інстытуце, малады чалавек атрымаў, напрыклад, тэхнічную спецыяльнасць і стаў… паэтам ці артыстам. Добра і камфортна ісці па падрыхтаванай брукаванай дарозе: бацькі некуды вадзілі і накіроўвалі, а душа цягнулася да іншага. На маю думку, у дзецях трэба фарміраваць больш адказнасці пры значнай унутранай свабодзе — выхоўваць здольнасць прымаць рашэнні і адказваць за свае ўчынкі нават у дзіцячым узросце. А то часта атрымліваецца так, што ўвесь час мы думаем і прымаем рашэнні за сваіх дзяцей (як бацькі сказалі, так яны і зрабілі), а потым абураемся, што моладзь не ў стане адказваць за свае дзеянні. А тут — раптам! — з’яўляецца жонка, а потым і свае дзеці, а чалавек не ў стане адказваць нават за самога сябе, не кажучы ўжо пра сям’ю.

— Каго з тых, з кім сустракаліся ў жыцці, вы можаце назваць сваімі Настаўнікамі?
— Настаўнікі ідуць побач з намі праз усё жыццё. І гэта не толькі тыя, хто вучыў чытаць і пісаць. У маім жыцці было досыць многа людзей, што адыгралі лёса-вызначальную ролю. І падчас вучобы ў вучылішчы, і потым у інстытуце, і ў аспірантуры. Я з надзвычайнай цеплынёй успамінаю сваіх Настаўнікаў.
Да паступлення ў тагачасны Мінскі інстытут культуры я ніколі не вывучаў беларускую мову. І мне пашанцавала, бо маёй першай настаўніцай беларускай мовы была Вера Сямёнаўна Адамовіч, жонка пісьменніка Алеся Адамовіча. А яшчэ з намі займаўся прафесар Мікалай Міхайлавіч Грынчык — чалавек-легенда, які, выкладаючы літаратуру, выкладаў жыццё.
Калі я без роду і племені на рубяжы 80—90-х гадоў прыехаў у Маскву ў аспірантуру, лёс падараваў мне ў якасці навуковага кіраўніка прафесара Юрыя Мікалаевіча Сталярова — вучонага з сусветным імем. Для мяне яго ўплыў быў вызначальным, бо гэты чалавек навучыў мяне быць годным вучоным, пад яго кіраўніцтвам у найскладанейшы час я напісаў і абараніў дысертацыю.
Тады, у Маскве, адбылося пераасэнсаванне многіх рэчаў. Напрыклад, я даведаўся пра цану хлеба: тры гадзіны на марозе прастаяў у чарзе ля гастранома № 1, каб купіць адну буханку. Гэта быў той час, калі некаторыя ішлі ў “бізнес”, вазілі ў Польшчу шкарпэткі, але Юрый Мікалаевіч настаяў, каб я дапісаў дысертацыю і абараніў яе — падштурхнуў мяне, і я фактычна ўскочыў на прыступку адыходзячага цягніка. Прыйшлося абараняць кандыдацкую ў доктарскім савеце: іншых варыянтаў папросту не існа-вала, бо калі б я не паспеў абараніцца ў тым, яшчэ савецкім, вучоным савеце, невядома, ці змог бы абараніць дысертацыю ўвогуле — грошай на аплату абароны ў іншай дзяржаве, якой пасля знікнення СССР стала Расія, ні ў мяне, ні ў інстытута, які мяне накіроўваў у аспірантуру, не было.
Яшчэ адным чалавекам, які адыграў вельмі значную ролю ў маім (і не толькі ў маім) лёсе, стала былы рэктар сённяшняга Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, доктар педагагічных навук, прафесар Ядвіга Дамінікаўна Грыгаровіч. Менавіта з яе лёгкай рукі ў 1998 годзе я стаў дэканам факультэта бібліятэчна-інфармацыйных сістэм. Педагог-прафесіянал, яна доўгі час вяла мяне па жыцці і вучыла. Нават сёння я карыстаюся яе няпісанымі правіламі кіравання, успамінаючы, як яна спраўлялася з універсітэтам.

— У 1983 годзе вы прыйшлі працаваць у Дзяржаўную бібліятэку БССР імя У.І.Леніна. Ці думалі тады, што праз нейкіх 20 гадоў узначаліце гэтую ўстанову?
— Хочаце верце, хочаце — не, але бываюць прарочыя словы і дзеянні. У пачатку 80-х у мяне такога і ў думках нават не было. Тады ў бібліятэцы дзейнічаў савет маладых спецыялістаў, які аднойчы праводзіў, як сказалі б сёння, дзелавую гульню “Калі б я быў дырэктарам бібліятэкі…”. Менавіта тады я ўпершыню “прымераў” на сябе ролю дырэктара. Мала таго, у архіве захаваліся матэрыялы пра гэта, і, калі я стаў дырэктарам бібліятэкі, супрацоўнікі абнародавалі тагачасныя матэрыялы і насценгазеты, якія мы рыхтавалі.

— Вы адзначылі, што неахвотна вучылі нямецкую мову ў школе. Відаць, успаміналі пра гэта, калі выязджалі на стажыроўкі ў ЗША, Польшчу, Германію, Галандыю?
— Усе, хто вучыўся ў савецкай школе, добра разумелі, што гэта быў самы цяжкі прадмет, які нельга было ні зразумець, ні вывучыць, бо ён у тыя часы ніякім чынам не быў звязаны з рэчаіснасцю. Можна было проста вызубрыць і потым паспяхова пра гэта забыцца. А з-за таго, што я быў вельмі прагматычны, аддаваў перавагу тым ведам, якія магчыма прымяніць на практыцы, стаўленне да нямецкай мовы было адпаведнае.
А вось калі я рыхтаваў дысертацыю, сутыкнуўся з тым, што значная частка крыніц па статыстыцы была на нямецкай мове, мне нічога не заставалася, як яе вывучыць. Тут была моцная матывацыя: я мог прымяніць веды на практыцы. Канечне, я вельмі ўдзячны Інтытуту Гётэ, які таксама аказаў неацэнную дапамогу ў вывучэнні нямецкай мовы: я быў першым беларускім стыпендыятам інстытута, якога накіравалі вывучаць нямецкую мову ў Германію.

— Вы шмат у чым былі першым. Гэта была ўнутраная ўстаноўка на лідарства?
— Я ніколі не ставіў сабе такой задачы. Проста так атрымлівалася: вельмі хацелася выканаць сваю работу добра. Бо калі вельмі нечага хочацца, гэта абавязкова атрымаецца. І таму я прыкладаў максімум намаганняў, і ў мяне ўсё атрымлівалася.

— Адну са сваіх кніг “З мінулага ў будучыню. Бібліятэка Беларусі” вы прысвяцілі бацьку. Наколькі бацькі ўплывалі на ваша развіццё і станаўленне?
— Для кожнага мужчыны бацька — гэта чалавек, які фарміруе сістэму каштоўнасцей, характар, стварае яго асобу. І бацька ў поўным сэнсе гэтага слова стварыў мяне. Мой бацька, Сцяпан Фёдаравіч, быў інтэлігентам у душы. Калі ў мае студэнцкія гады ён прыязджаў у Мінск, першым месцам, куды мы з ім накіроўваліся, быў тэатр. Бацька заўсёды быў прыхільнікам літаратуры, тэатра, песні. І маё імкненне стаць бібліятэкарам і вучыцца далей бацькі падтрымалі і гатовы былі, як кажуць, зняць дзеля гэтага апошнюю кашулю.
Маці, Сцяпанія Томаўна, — добрая жанчына, якая ўкладвала і, дзякуй богу, і дасюль укладвае душу ў мяне і нашу сям’ю.

— Як адрэагавалі бацькі на ваша рашэнне вучыцца далёка ад дома?
— Я быў адзіным дзіцем у сям’і. Сям’я па тагачасных мерках была досыць забяспечанай, і, відаць, калі б я застаўся дома, жылося б мне значна лягчэй. Але бацька не перашкаджаў, і я паехаў мёрзнуць па інтэрнатах і чужых кватэрах, але пры гэтым вучыцца.

— Ці выкарыстоўваеце вы ў сваёй сям’і набыткі народнай педагогікі, пры дапамозе якой выхоўвалі вас?
— Самы дзейсны, на маю думку, прыём народнай педагогікі — навучанне праз перайманне. Для дзіцяці бацькі — ікона, на якую яны гатовы маліцца дзень і ноч і абсалютна неасэнсавана капіраваць усе іх дзеянні. Менавіта ўсе! Калі мы, дарослыя, нешта робім не так, але хочам, каб дзіця рабіла добра, усе высокія педагагічныя прыёмы будуць марнымі. Калі бацька глядзіць футбол, маці не адрываецца ад серыяла, заклікаць дзіця чытаць — занятак бессэнсоўны. Таксама як і абсалютнае глупства ў пракуранай кватэры з цыгарэтай у руцэ чытаць лекцыю аб шкодзе курэння. Трэба рабіць так, каб нават адваротны бок вашага жыцця быў прыдатны для пераймання вашымі дзецьмі. А ўсё астатняе — другаснае. Асновы светаўспрыняцця чалавека закладваюцца задоўга да таго, як ён пойдзе ў школу. Менавіта ў сям’і фарміруецца паняцце пра дабро і зло, пра тое, што правільна і што няправільна. А ўсё астатняе — гэта навешванне ўпрыгожванняў і гірлянд на ёлку. Я не прыніжаю годнасці настаўніка. Як толькі людзі кажуць, што ім нехта нешта вінаваты, а яны нікому нічога, іх можна лічыць страчанымі для грамадства: нічога добрага з такога чалавека не будзе. Калі мы хочам мець добрых дзяцей, мы павінны ўсвядоміць, што чужыя дзядзька ці цётка ў садку або школе не змогуць так клапаціцца пра дзіця, як бацькі. Педагогі шмат у чым могуць дапамагчы, але не ў стане замяніць маці і бацьку. І нават самая лепшая і высакародная праца выхавальнікаў і настаўнікаў дасць вынікі толькі тады, калі першымі выхавальнікамі будуць бацька і маці — менавіта ў такім тандэме, а не паасобку.

— У вас двое дзяцей. Чым яны займаюцца, ці пайшлі па вашых слядах? Ці быў у вас нейкі адметны падыход да іх выхавання?
— Я лічу, што дзеці пайшлі па маім шляху: яны скончылі ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлетронікі і таксама працуюць у інфармацыйнай сферы.
Сына я стараўся выхоўваць мужчынам, у строгасці. І лічу, што гэта правільна. Каб прытуліць і аблашчыць, ёсць маці і бабулі. А роля бацькі — ганяць скразняк у парніку, каб паветра не застойвалася (смяецца).
Мая жонка Тамара родам з Мінска. Мы рана ажаніліся, і сын нарадзіўся, калі мы яшчэ былі студэнтамі (увогуле, у нас гэта, відаць, сямейная традыцыя, бо і бацька мой таксама рана ажаніўся, і потым мне не было чаго сказаць сыну, калі ён вырашыў узяць шлюб пасля заканчэння ўніверсітэта).
Калісьці мы з Тамарай дамовіліся: калі першым народзіцца сын, называць буду я, а дачку назаве яна. Першым нарадзіўся сын. Сапраўды, нейкая настальгія і цяга да каранёў прысутнічае заўсёды, і каб захаваць гэтыя карані, мы абралі прыгожае ўкраінскае імя Тарас (можа, каб я жыў на бацькоўскай зямлі, дзеці насілі б больш урбаністычныя імёны), а калі нарадзілася дачка, жонка вырашыла працягнуць традыцыю — так у нас у сям’і з’явілася Аксана.
У нас ніколі не было раскошы, а станаўленне сям’і прыпала на гады перабудовы. І дзеці заўсёды бачылі нас за работай (і за навуковай таксама, бо і яна карміла). Таму калі Тарас хацеў адразу на першым курсе пайсці працаваць, я яму гэта забараніў, параіўшы найперш навучыцца вучыцца, набыць вопыт, а потым ісці працаваць. Аднак ужо да заканчэння ўніверсітэта ён меў прафесійны вопыт і стаж работы па спецыяльнасці.
Я імкнуўся выхоўваць у іх самастойнасць і адказнасць за прыняцце рашэнняў і іх вынік. І тады не трэба быць строгім, патрабавальным. Напрыклад, мы ніколі не правяралі ў дзяцей дамашнія заданні: зрабіў — добра, не зрабіў — атрымаеш адпаведную адзнаку. Калі трэба разбудзіць раней, каб паспеў вывучыць ці паўтарыць верш — калі ласка, разбудзім, але нагадваць нешта зрабіць ці правяраць выкананае — даруй божа. Чалавек з маленства прывыкае самастойна прымаць рашэнні і разумее, што ніхто іншы: ні тата, ні мама, ні настаўніца — не маюць дачынення да наступстваў тваіх рашэнняў. Канечне, тады і слёзы больш горкія, але і радасць саладзейшая.

— Вы працуеце сярод кніг. Ці ёсць у вас дамашняя бібліятэка?
— Бібліятэка ёсць, але невялікая. Гэта звязана найперш з прафесійным усведамленнем таго, што ўсё кнігі сабраць немагчыма. Па-другое, гэта немэтазгодна, бо кніга ў дамашняй бібліятэцы — нібы пад арыштам: калі да кнігі не звяртаюцца, яна становіцца мёртвай. У маёй уласнай бібліятэцы толькі тыя кнігі, без якіх жыць нельга: якія патрэбны па прафесійнай дзейнасці і, безумоўна, кнігі для душы. Калі я, пагартаўшы новую кнігу, разумею, што ў найбліжэйшы час яна мне не спатрэбіцца, — а ў мае рукі трапляе мноства самых розных кніг — даю магчымасць гэтай кнізе актыўна жыць і перадаю яе ў фонд нашай бібліятэкі.

— Ці ёсць у вас іншыя хобі, акрамя калекцыяніравання фільмаў на біблейскую тэматыку?
— У розныя перыяды жыцця ў мяне былі розныя захапленні: я збіраў маркі, грошы (на гэтую калекцыю час ад часу квапіцца жонка, бо на апошніх старонках альбома захаваны сапраўдныя сучасныя купюры)… але, як кажуць, не зачапіла.
Мае хобі больш рэалістычныя. Люблю паганяць на веласіпедзе, паныраць з ластамі, майстраваць.

— І што са змайстраванага вамі з’яўляецца самым значным?
— Вялікі гасцявы стол на дачы, чатыры з паловай метры ў даўжыню. Гэта, відаць, адна з самых грунтоўных рэчаў, якія я зрабіў. Стол “уведзены ў прамысловую эксплуатацыю” і вытрымлівае ўскладзеныя на яго нагрузкі.
Вельмі любім прымаць гасцей, і з гэтым звязана яшчэ адно маё хобі: люблю гатаваць. Але я тут спецыяліст у буйных формах: на дачы ў мяне ёсць вялізны 12-літровы казан, у якім гатуецца амаль усё. Ды і ў гарадской кватэры традыцыйна прытрымліваюся буйных форм: напрыклад, сваякі і знаёмыя часта кажуць, што калі свіных плячэй не будзе, то і свята не будзе таксама.

— Што любіце рабіць у вольны час?
— У мяне амаль няма вольнага часу. Дарэчы, калі ў цябе з’яўляецца лішні час, значыць, ты прыпыніўся. Але трэба жыць і атрымліваць асалоду ад жыцця і любімых заняткаў, нават калі для гэтага не так многа часу.

— Вялікі дзякуй за размову. Плёну вам у навуковай і грамадскай дзейнасці, сямейнага шчасця, дабрабыту і здароўя.

Гутарыў Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *