Раман са школай працягваецца…

- 10:48Людзі адукацыі

Шчаслівы той чалавек, каму на жыццёвым шляху сустрэўся шчыры, чулы, неабыякавы настаўнік, да якога можна звярнуцца з любым пытаннем, праблемай, і ён выслухае, зразумее і падтрымае, дасць слушную параду, урокі якога застаюцца ў памяці і становяцца ўрокамі мудрасці, дабрыні, чалавечнасці, сапраўднымі ўрокамі жыцця. Менавіта такім педагогам для сотні ляхавічан з’яўляецца настаўніца пачатковых класаў, а зараз намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 1 Ляхавіч Брэсцкай вобласці Ніна Канстанцінаўна ЮРЧЫК. Па выніках мінулага навучальнага года яна прызнана лепшым настаўнікам раёна, імя Ніны Канстанцінаўны занесена ў Галерэю славы Ляхавіччыны.

Ніна Канстанцінаўна — ініцыятыўны, актыўны і творчы чалавек. Некалькі гадоў назад яна прымала ўдзел у раённым конкурсе “Настаўнік года”, пакарыла журы і гледачоў сваёй адкрытасцю, шчырасцю, уменнем авалодаць увагай аўдыторыі і стала пераможцай у намінацыі “Натхненне і захопленасць”. У спаборніцтвах на лепшую арганізацыю работы сярод настаўнікаў 1-х класаў заняла 2-е месца. Н.К.Юрчык паспяхова рыхтуе вучняў да ўдзелу ў навукова-практычных канферэнцыях. Так, яе вучаніца Паліна Зубарык з работай “Чаму Вошкаўцы сталі Флер’янова” на Абласной навукова-практычнай канферэнцыі “З навукай у будучыню”  адзначана дыпломам І ступені. Вопытам работы педагог шчодра дзеліцца з калегамі горада, раёна, право­дзіць заняткі ў Брэсцкім абласным інстытуце развіцця адукацыі. У абласным клубе творча працуючых педагогаў “Сузор’е” выступае з майстар-класамі. Настаўніца з’яўляецца аўтарам метадычнага дапаможніка для настаўнікаў “Планы-канспекты ўрокаў па літаратурным чытанні, 3 клас”. Пра тое, як педагогу ўдаецца сумя­шчаць адміністрацыйную і грамадскую работу, настаўніцтва і хатнія справы, — наша гутарка з Нінай ЮРЧЫК.

— Ніна Канстанцінаўна, што прывяло вас у педагогіку?

— Безумоўна, любоў да дзяцей. Колькі сябе памятаю, заўсёды ведала, што буду настаўніцай. Ніякай іншай прафесіі нават сабе не ўяўляла. Я вырасла ў мнагадзетнай сям’і, дзе выхоўваліся чацвёра дзяцей. Боль­шасць маіх гульняў з братам, сёстрамі і сябрамі былі звязаны са школай, і я нязменна была ў ролі настаўніцы. І потым усе ведалі: я пайду ў педагагічны. Да таго ж, я не адзіны педагог у нашай сям’і. Цётка і дзве мае стрыечныя сястры — настаўніцы. Дзядзька Мікалай Плескацэвіч — вядомы педагог, прафесар, працаваў у БДПУ імя Максіма Танка, а зараз на заслужаным адпачынку.

Чаму стала менавіта настаўніцай пачатковых класаў? Мне падабаецца працаваць з маленькімі дзецьмі. Падабаецца назіраць за тым, як яны развіваюцца, спасцігаюць усё новае. Прыемна ўсведамляць, што ты маеш да гэтага непасрэднае дачыненне. А яшчэ на рашэнне стаць настаўніцай пачатковых класаў міжволі паўплывала мая першая настаўніца Ніна Іванаўна Ксёнжык. Я яе вельмі любіла. Мне хацелася быць на яе падобнай.

За 25 гадоў педагагічнай дзейнасці ні разу не пашкадавала аб свам выбары. Ганаруся сваім бясконцым раманам са школай.

— Вы памятаеце свае першыя ўрокі? Які вопыт дапамог вам ўключыцца ў прафесію?

— Вядома, памятаю. Я працавала ў маленькай вясковай школе — Малагарадзі­шчанскай. У класе было ўсяго 6 навучэнцаў. Яны глядзелі на мяне велізарнымі, з іскрынкамі вачыма. І мне хацелася задаволіць іх непадробную цікавасць. Уключэнне ў прафесію не было складаным. Скончыўшы Баранавіцкі педагагічны каледж (цяпер БарДУ) з чыр­воным дыпломам, я мела вельмі трывалую базу тэарэтычных ведаў. Дастаткова добры вопыт правядзення ўрокаў быў атрыманы падчас педагагічнай практыкі. Ну і самае галоўнае, велізарную падтрымку і дапамогу мне аказалі вопытныя педагогі школы.

— Якое ў вас педагагічнае крэда?

— Маё педагагічнае крэда: “Вучань — гэта не пасудзіна, якую трэба запоўніць, а факел, які трэба запаліць”. Гэты выраз належыць старажытнагрэчаскаму мысліцелю Плутарху. У савецкі час яго часта выкарыстоўваў вядомы педагог В.А.Сухамлінскі. У гэтага выказвання ёсць працяг: “А запаліць можа толькі той, хто сам гарыць”. Гэтая думка мне вельмі блізкая. Імкнуся не даваць дзецям гатовых ведаў, а дапамагаю здабываць іх самастойна, выкарыстоўваючы пры гэтым розныя крыніцы інфармацыі. Лічу, што роля настаўніка не паказваць дарогу, а дапамагаць дзіцяці ісці сваім шляхам. Нездарма старажытная мудрасць гаворыць: “Раскажы мне, і я забуду. Пакажы мне, і я запомню. Дай мне дзейнічаць самому, і я зразумею”. Уся мая педагагічная дзейнасць — гэта пастаянны пошук. Пошук новых ідэй, новых метадаў і прыёмаў работы, новых тэхналогій, новых падыходаў у адукацыі. Настаўнік абавязаны пастаянна ўдасканальваць свае прафесійныя якасці. Асабліва гэта актуальна цяпер, у век камп’ютарных тэхналогій. Трэба гарэць, каб запальваць іншых.

— Якіх прынцыпаў вы прытрымліваецеся ў рабоце з дзецьмі? Што лічыце асноўным, а што — другарадным?

— У рабоце з дзецьмі мяне прывабліваюць іх шчырасць, непасрэднасць, вочы, якія гараць, тыя змяненні, якія адбываюцца з імі, асабліва ў 1-м класе. Вось толькі зусім нядаўна яны яшчэ не ведалі літар, а вось ужо ўмеюць чытаць і пісаць. Здаецца, яшчэ ўчора яны маглі палічыць толькі да пяці, а ўжо сёння рашаюць задачы. Вельмі радасна назі­раць за тым, як дзеці самі радуюцца сваім дасягненням.

Галоўны прынцып маёй работы з дзецьмі — “не нашкодзь”. Я ўпэўнена, што кожнае дзіця — гэта асоба са сваімі інтарэсамі, поглядамі, жаданнямі. Усё гэта неабходна ўлічваць, каб яму было камфортна, каб хацелася ісці ў школу. Асноўным напрамкам у рабоце настаўніка бачу развіццё навучэнца ў адпаведнасці з яго асабістым патэнцыялам. Вельмі важна навучыць вучыцца, прымяняць свае веды на практыцы, у чым, уласна, і заключаецца сутнасць кампетэнтнаснага падыходу, такога актуальнага ў цяперашні час. На мой погляд, непасрэднае назапашванне багажу ведаў — гэта другараднае, хоць таксама з’яўляецца важным.

— Сённяшнія вучні адрозніваюцца ад тых, што былі, калі вы пачыналі сваю педагагічную дзейнасць?

— Гледзячы ў якім сэнсе. Сённяшнія вучні, вядома, больш прасунутыя. Сучасныя гаджэты робяць сваю справу. Але як калісьці ў далёкім 1995 годзе, так і цяпер дзеці чакаюць цікавых урокаў, хочуць, каб іх вучыў дасведчаны педагог, каб ён быў справядлівым, у меру строгім. І тады, і цяпер дзеці тонка адчуваюць непадробную дабрыню, шчы­расць, аб’ектыўнасць з боку настаўніка. Калі настаўнік любіць сваіх вучняў, жыве іх жыццём, то яны адказваюць яму ўзаемнасцю. Так было раней, так ёсць і цяпер. Дарэчы, мне вельмі шанцуе на дзяцей: яны цудоўныя, неверагодныя. І для мяне вельмі цяжка развіт­вацца з вучнямі, з якімі з 1-га па 4-ты клас мы разам пазнавалі свет, вучыліся чытаць, рашаць, спявалі, малявалі…

— Ніна Канстанцінаўна, на кірмашы сацыяльна-педагагічных інавацый, што праходзіў летась у Іванаве, вы дзяліліся вопытам фарміравання ў малодшых школьнікаў навыкаў беглага чытання. Чаму менавіта гэтая тэма прыцягнула вашу ўвагу?

— Чытанне — адно з галоўных уменняў у жыцці чалавека, без якога ён не можа спасцігнуць навакольны свет. Яно адыгрывае вялікую ролю ў фарміраванні асобы дзіцяці, забяспечвае яго ідэйнае і маральнае выхаванне. Таму лічу, што адна з галоўных задач навучання і выхавання малодшых школьнікаў — гэта стварэнне максімальна спрыяльных умоў для авалодання навучэнцамі навыкамі паўнавартаснага чытання. І гэтая задача надзвычай актуальная на сучасным этапе. На жаль, дзеці цяперашняга пакалення не адчуваюць належнай цікавасці да чытання, лічаць гэты занятак нудным і ўсяляк імкнуцца яго пазбегнуць. Тэлебачанне, камп’ютарызацыя, інтэрнэт не спрыяюць матывацыі да чытання мастацкай літаратуры.

Авалодванне навыкам беглага чытання з’яўляецца для вучняў умовай паспяховага навучання ў школе. У працэсе чытання ўдасканальваецца аператыўная памяць і развіваецца ўстойлівасць увагі. Бе­гласць чытання ўплывае на якасць запамінання матэрыялу: чым хутчэй дзіця чытае, тым лягчэй успрымае прачытанае. Сфарміраваны навык беглага чытання — гэта база для арфаграфічна правільнага пісьма, далейшага навучання па ўсіх іншых школьных прадметах.

Авалодванне навыкам чытання — гэта доўгі і нялёгкі працэс для дзіцяці, які аднімае шмат душэўных сіл і часу. Пакуль дзіця не навучыцца чытаць так, каб думаць і суперажываць падчас чытання, гэты працэс бу­дзе дастаўляць яму мала радасці і задавальнення. І калі гэтая праблема не вырашана ў пачатковай школе, то гэта прамы шлях да школьнай непаспяховасці і непаспяховасці ў цэлым, прычына стрэсаў і дэпрэсій. Я задумалася, як зрабіць працэс авалодвання навыкам чытання для дзіцяці больш лёгкім, радасным, каб ён прыносіў задавальненне ад пазнання новага. Аналізуючы вынікі праверкі навыкаў чытання сваіх папярэдніх выпускнікоў пачатковай школы і суадносячы іх з далейшымі вучэбнымі поспехамі ў сярэднім звяне, прыйшла да высновы, што навучэнцы, якія мелі сфарміраваны навык чытання на ўзроў­ні тэмпу гутарковай мовы (аптымальнае чытанне), дасягнулі больш высокіх паказчыкаў у вучобе.

— Сёння часта ўзнікаюць спрэчкі: хто павінен вучыць дзіця дабру, этыцы, нормам паводзін у грамадстве: сям’я або школа? Якога пункту гледжання прытрымліваецеся вы?

— Лічу, што гэта павінна быць сумесная дзейнасць: настаўнік — вучань — бацькі. І будавацца яна павінна на ўзаемаразуменні і ўзаемапавазе усіх бакоў. Скептыкі мне, вядома, запярэчаць, маўляў, бываюць такія баць­кі, з якімі вельмі цяжка гаварыць. Так, але дасведчаны педагог у зносінах з бацькамі заў­сёды памятае, што іх дзеці — гэта самае галоўнае ў іх жыцці. Гэта бясспрэчны факт, і яго проста трэба ўлічваць. Калі бацькі адчуюць, што настаўнік любіць іх дзіця, паважае ў ім асобу, яны стануць лепшымі памочнікамі як у адукацыйным, так і ў выхаваўчым працэсе.

— У гэтым годзе вы сталі намеснікам дырэктара школы. Рады пераменам? Як вы ставіцеся да таго, што цяпер на кіруючай пасадзе больш часу давя­дзецца займацца паперамі, а не ўрокамі?

— Адказаць адназначна пакуль яшчэ вельмі складана, мала часу прайшло з майго прызначэння. Але я ведаю дакладна: гэта новая старонка не толькі ў маёй педагагічнай дзейнасці, але і ў маім жыцці. Калі я прымала рашэнне аб пераходзе на новую пасаду, выразна разумела, што цяпер больш часу прыйдзецца займацца паперамі. Гэты факт не стаў для мяне нечаканасцю.

Нягледзячы на адміністрацыйную работу, настаўніцтва я не пакінула: зараз працую у 1-м інтэграваным класе, вяду заняткі па курсе “Чалавек і свет”, факультатыўныя заня­ткі “Рашэнне тэкставых задач”. Гэта дазваляе быць у тонусе, трымаць руку на пульсе.

— Якія першачарговыя задачы ставіце перад сабой на новым этапе прафесійнай дзейнасці?

— Я прыйшла ў новы калектыў, таму на дадзеным этапе першачарговай задачай бачу наладжванне адносін з калегамі, якія, спадзяюся, будуць грунтавацца на даверы і павазе. Таксама хочацца ў максімальна кароткія тэрміны вывучыць спецыфіку работы намесніка дырэктара.

— Вы выйшлі з настаўніцкага асяроддзя. Якім хацелі б стаць завучам для сваіх настаўнікаў?

— Мне хацелася б стаць арганізатарам, здольным з’яднаць вакол сябе калектыў аднадумцаў, заснаваны на супрацоўніцтве і ўзае­маразуменні. Спрыяць стварэнню станоўчага мікраклімату, прыемнага і прадукцыйнага ўзаемадзеяння супрацоўнікаў школы.

— Ніна Канстанцінаўна, раскрыйце сакрэт: як вы ўсё паспяваеце? Як атрымліваецца самаарганізавацца, каб усё паспець і дома, і ў школе, і на грамадскай рабоце?

— Абавязкова складаю план дзеянняў на тыдзень, затым — на дзень. Дома ў мяне ёсць добрая падтрымка з боку мужа. Большасць хатніх спраў мы робім разам. А дзеці ўжо дарослыя, яны самі пра сябе клапоцяцца.

— А калі б выдаўся вольны ад работы і хатніх клопатаў дзень, як бы вы адпачывалі? Ці ёсць у вас хобі?

— Вольны ад работы час люблю право­дзіць дома з сям’ёй. Як правіла, гэта магчыма толькі на выхадных. Люблю слухаць эстрадную музыку, спяваць. Гэтае захапленне ўзнікла яшчэ ў школьныя і студэнцкія гады, калі я спявала ў хоры, выступала на розных святочных мерапрыемствах. Таксама мне падабаецца выязджаць на прыроду, асабліва калі ўдаецца яшчэ і парыбачыць. На рыбалку ез­дзім з мужам як у свой, так і ў суседнія раёны. Праўда, апошнім часам гэта бывае вельмі рэдка. Нядаўні мой улоў — двухкілаграмовы карась. Але ўлоў — гэта не самае галоўнае. Пасядзець у цішыні з вудачкай, палюбавацца воднай гладдзю, падумаць — лепшы адпачынак і для душы, і для цела.

— Што для вас Дзень настаўніка? Якія традыцыі яго святкавання склаліся ў школе, сям’і?

— Для мяне Дзень настаўніка — гэта свята. З самай раніцы на ўваходзе ў школу навучэнцы сустракаюць настаўнікаў і гаво­раць словы-віншаванні. Затым, пасля ўрокаў, абавязкова ладзіцца канцэртная праграма, падрыхтаваная вучнямі старшых класаў. Дома таксама гучаць віншаванні. Мае дзеці пайшлі па маіх слядах. Сын Аляксандр працуе трэнерам у ДЮСШАР Магілёва. Дачка Дзіяна вучыцца на другім курсе факультэта раманскіх моў МДЛУ. Таму гэты дзень напоўнены цёплымі словамі і пажаданнямі.

— Чаго б пажадалі сваім калегам-педагогам?

— У першую чаргу, вядома, моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту, радасці, новых поспехаў. Павагі навакольных і шчырай па­дзякі за нялёгкую, але вельмі высакародную працу. Няхай кожны дзень натхняе, дорыць сілы, каханне і простае чалавечае шчасце!

— Вялікі дзякуй за размову! Са святам вас і вашых калег!

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.