Рамантыка і лёгкасць балю

- 12:42Адукацыйная прастора

Гуляем у цэнтры Мінска з маладой жанчынай. На першы погляд, яна не адрозніваецца ад мінакоў. Сучасна апранутая, з лёгкім макіяжам, у руках — папяровы кубачак латэ з мясцовай кавярні. Сустрэўшы Вольгу Пятроўну Палітыка на вуліцы, складана ўявіць яе ў вобразе шляхетнай дамы. А між тым наша гераіня прымярае яго рэгулярна — яна кіруе студыяй рэканструкцыі баляў Carnet de bal у Палацы дзяцей і моладзі “Арыён”. Вольга Пятроўна расказала, як вучыць будучых рыцараў рабіць кампліменты і чаму гістарычныя рэканструкцыі для моладзі — гэта важна.

У педагогіку — са сцэны

Арганізаваць канцэрт з дзецьмі, прыдумаць забаўкі на канікулах для класа, падрыхтаваць віктарыну — наша гераіня ўжо ў дзяцінстве была завадатарам любых творчых пачынанняў. Таму, калі выпадкова даведалася пра набор у клас тэатральнага профілю ў школе № 27 Мінска, прыйшла на праслухоўванне.

— Да гэтага я вучылася ў школе № 110 з ухілам у прыродазнаўчыя і дакладныя навукі, — згадвае Вольга Пятроўна. — У мяне выкладалі вельмі моцныя педагогі, пра такіх гавораць — “савецкая школа”. Кожны з іх быў асобай і вучыў не проста свайму прадмету, але і жыццю.

Шкадаваць пра пераход у новую школу не прыйшлося: клас будучых акцёраў, спевакоў, рэжысёраў мроіў сцэнай, і гэтае агульнае імкненне хутка ператварыла падлеткаў у сапраўдны калектыў. Дзякуючы заняткам па харэаграфіі, выканальніцкім майстэрстве, сцэнічным маўленні, усе выпускнікі тэатральнага класа, хто паспрабаваў паступаць па профілі, сталі студэнтамі творчых ВНУ. Вольга Пятроўна выбрала спецыяльнасць “Актрыса музычнага тэатра” ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

— Зараз гэта можа прагучаць надта пафасна, — папярэджвае яна, — але курсе на трэцім я зразумела, што працаваць у тэатры не хачу. Паступаючы, думала, што буду са сцэны “сеяць разумнае, добрае, вечнае”, а пасля зразумела, што ў тэатр прыходзіць даволі вузкае кола гледачоў. А “добрае, вечнае” больш патрэбна тым, хто звычайна ў глядзельнай зале не бывае. І з майго боку гэта не бравада, я са­праўды так разважала —  з юнацкім максімалізмам.

Няма, напэўна, іншай справы, якая так звязана з выхаваннем лепшых пачуццяў, як праца настаўніка. Таму шчырае памкненне прывяло Вольгу Пятроўну ў педагагічную прафесію. Яна пачала выкладаць тэатральныя дысцыпліны ў школе, якую скончыла сама. Пасля паспрабавала сябе ў прыватных дзіцячых садах і творчых студыях, давялося нават папрацаваць са студэнтамі вышэйшай навучальнай установы. Атрымліваецца, сярод выхаванцаў Вольгі Пятроўны былі і маленькія дзеці, і дарослыя, ужо сфарміраваныя асобы.

— Лягчэй усяго працаваць з аднадумцамі, нават калі ім па 4 гады, — падсумавала Вольга Пятроўна. — Люблю, калі выхаванцы маюць мэту, блізкую да маёй, але сваю, не навязаную. І на любое “А ці можна?..” адказваю: “Давайце паспрабуем”.

Таксама педагог цэніць працавітасць і стараннасць. І ў гэтым ніхто не зможа паспрачацца са студэнтамі з Кітая, якіх Вольга Пятроўна вучыла ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

— Не ўсе разумелі мову, таму мы гутарылі праз перакладчык на тэлефоне і студэнтаў, якія ўжо крыху вывучылі рускія словы, — маёй суразмоўніцы прыемна згадваць той час. — Як толькі яны разумелі, чаго я ад іх хачу, выконвалі вельмі ўважліва і старанна. І ніколі не прасыпалі першую пару ў 8:30!

Баль як шлях да гісторыі краіны

Гістарычнай рэканструкцыяй Вольга Пятроўна зацікавілася гадоў 8—10 назад. Тады балі і баталіі толькі набіралі папулярнасць, аматары збіраліся і ладзілі заняткі па гістарычных танцах, рыхтавалі касцюмы.

— Я лічу, гэта зараз модна, бо ў гэтым ёсць патрэба. Шмат штучнага прыходзіць з-за мяжы, а моладзь разумная, яна адчувае, што нечага не хапае, і знаходзіць гэта ў нашай гісторыі. Адбываецца ўзнаўленне каштоўнасцей. 

Праз 1,5 месяца заняткаў педагог трапіла на свой першы баль у Нясвіжскай ратушы, а пасля — на бальныя вечары ў Нясвіжскім і Мірскім замках, сядзібе Агінскага ў Залессі.

— Баль — гэта танец, прыгажосць, флірт, рамантычная гульня, — тлумачыць Вольга Пятроўна. — Часцей, канечне, імі захапляюцца дзяўчынкі. Хлопчыкі, нагуляўшыся “ў вайнушку”, з цікавасцю прыходзяць патанцаваць, ды, трэба прызнацца, на балях іх часта не хапае.

Зацікавіць “воінаў” паланэзамі і рамансамі можна. Педагог згадвае такі дыялог:

— Неяк падышоў хлопчык і сказаў, што хоча займацца ваеннай рэканструкцыяй, быць рыцарам. “Каб быць рыцарам, трэба быць джэнтльменам”, — адказала я. І так да мяне трапіў новы вучань. Калі яму бу­дзе па-ранейшаму цікава, накірую яго яшчэ і ў клуб ваеннай рэканструкцыі.

Дзецям важна паказаць сябе, таму калектыў ездзіць на балі па ўсёй краіне. Прыгожа і гістарычна дакладна сцэны з жыцця беларускай шляхты сёння ўзнаўляюць аматары гісторыі ў розных гарадах Беларусі. Выхаванцы студыі ўжо наведалі Смілавічы, Залессе, Салігорск. Двойчы ў год Carnet de bal арганізоўвае свае балі ў Палацы дзяцей і моладзі “Арыён”.

— Калі выбіраю тэму, ахвотна бяруся за перыяды, якія мала ведаю, бо пошук інфармацыі — цікавая частка падрыхтоўкі, — расказвае Вольга Пятроўна. — Калі расказваеш пра свае адкрыцці дзецям — стымулюеш іх цікавасць: яны пачынаюць таксама прыносіць свае прапановы. І гэта для мяне вельмі каштоўна.

Школа для рыцараў і дам

Думаю, калі бацькі прыводзяць дзіця на заняткі па шахматах ці арыгамі, яны добра ўяўляюць, чым будзе сёння займацца іх дзіця. Прадказаць, што падрыхтавала для сваіх выхаванцаў Вольга Пятроўна, значна складаней. У рабоце студыі сканцэнтравалася ўсё, што з дзяцінства любіць наша гераіня: тэатралізацыя (да баляў рыхтуюць невялікія пастаноўкі), танец (паланэзы, вальсы), спевы. Таксама выхаванцы вывучаюць тагачасную моду па інтэрнэт-архівах з моднымі часопісамі і малюнкамі мастакоў за пэўны перыяд. Шыць касцюмы ім дапамагаюць бацькі і сама Вольга Пятроўна, падключаюцца і педагогі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: робяць упрыгажэнні і кветкі для сукенак. Выхаванцы дасле­дуюць шляхецкі этыкет, чытаюць і абмяркоў­ваюць мастацкую літаратуру пра той час, у які імкнуцца паглыбіцца дзеці.

— Літаратура дае важны для разумення эпохі кантэкст: што адбывалася ў краіне, у свеце, — удакладняе педагог. — Мы чытаем Адама Міцкевіча, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Ларысу Геніюш, Наталлю Арсенневу. З сучаснікаў мне вельмі блізкі Уладзімір Скарынкін.

Такія чытанні часта становяцца амаль сямейнымі. Вольга Пятроўна высока цэніць удзел бацькоў, якія ўважліва ставяцца да захаплення сваіх дзяцей і самі падзяляюць іх хобі:

— Раней мне здавалася, што бацькі ў зале перашкаджаюць дзецям раскрывацца. А зараз я стараюся падключаць іх да працэсу. Калі яны прыводзяць дзяцей на заняткі і збіраюцца пачакаць за дзвярыма, запрашаю іх у залу, але не проста пагля­дзець, а далучыцца да таго, што мы робім. У нас не толькі мамы, але і таты танцуюць паланэзы, дапамагаюць з дэкарацыямі. Атрымліваюцца такія сямейныя заняткі, пасля якіх бацькі нават просяць сабе ролі на нашых выступленнях. Нават бабулі далучаюцца да нашых груп у Viber, “УКантакце”, каб сачыць за тым, што адбываецца ў студыі.

З аднаго боку, такія заняткі дапамагаюць дзецям больш часу праводзіць з мамай і татам, атрымліваць важнае для іх ухваленне ад старэйшых, з другога — самі бацькі маюць магчымасць паназіраць за паводзінамі сына ці дачкі ў калектыве равеснікаў, лепш ведаць і разумець сваё дзіця. Нарэшце, Вольга Пятроўна адзначае, што расце цікавасць да заняткаў з боку выхаванцаў: дзеці заўсёды імкнуцца займацца адной справай з дарослымі.

Яшчэ адна асаблівасць студыі — змешаныя групы. Асобна займаюцца падлеткі гадоў з 14 — яны гатовы да складанага матэрыялу і сур’ёзных пастановак. А вось малодшых дзяцей педагог па ўзросце не дзеліць: чатырох- і дванаццацігадовыя займаюцца разам. І гэта зроблена знарок.

Мужчына, які хоча запрасіць даму на танец, павінен зрабіць ёй камплімент. “Якая вы прыгожая сёння! Дазвольце любавацца вамі пад гукі паланэза”, — з такімі простымі словамі звычайна звяртаюцца да дзяўчынак хлопчыкі, якія толькі прыйшлі ў студыю Carnet de bal. На занятках іх вучаць адыходзіць ад банальных кампліментаў і канцэнтравацца на асобе дзяўчыны, дэталях яе знешнасці. У выніку юныя кавалеры заўважаюць бранзалеты, брошкі, стужкі на сукенцы і не саромеюцца сказаць пра гэта прыгажуні. Думаю, такое выхаванне прыносіць не толькі карысць самім хлопчыкам, але і задавальненне ўсім дзяўчынкам і жанчынам вакол іх!

— Старэйшыя ў такіх групах вучацца браць адказнасць за малодшых. А малодшыя бяруць з іх прыклад, не хочуць быць горшымі — для іх гэта стымул старацца, — патлумачыла свой погляд Вольга Пятроўна. — Паміж імі адчуваецца еднасць. Гэта добра заўважна, калі мы кудысьці выяз­джаем: малым ёсць пра што пагаварыць у дарозе са старэйшымі. Яны нават разам запісваюцца дадаткова на іншыя гурткі, каб працягваць зносіны і за межамі студыі.

Этыкет і літаратура, музыка і танец, зносіны з дарослымі і малымі — усё гэта пашырае кругагляд і фарміруе агульную культуру чалавека. У рэшце рэшт, гэта фарміруе асобу — гэтак жа, як некалі гэта рабілі настаўнікі, якіх любіла і паважала Вольга Пятроўна ў свае школьныя гады.

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота аўтара і з асабістага архіва гераіні.