Рамантыка студэнцкага брацтва

Калі мы гаворым пра святкаванне векавога юбілею камсамола, у першую чаргу трэба бачыць за ім людзей — былых камсамольцаў, якія і сёння працягваюць справы свайго юнацтва. Такога меркавання прытрымліваецца Васіль Стадольнік, дырэктар Мінскага гарадскога адукацыйна-аздараўленчага цэнтра “Лідар”, значная частка жыцця якога звязана менавіта з маладзёжным рухам.

— Васіль Аляксандравіч, як вы ставіцеся да святкавання 100-годдзя УЛКСМ? Ці лічыце вы такі юбілей нагодай больш уважліва прасачыць гісторыю стварэння маладзёжнага руху?

— Канечне, гэта гісторыя. А гісторыю ведаць неабходна, хоць сёння інтарэс маладога пакалення зусім іншы. Што б зараз ні гаварылі, дрэннага ў камсамольскім руху не было. Хоць той арганізацыі ўжо не існуе, усё ж мала хто з людзей старэйшага ўзросту ўяўляе сваю маладосць без камсамола.

— Раскажыце, якую ролю камсамол адыграў у вашым жыцці?

— Для мяне, як і для многіх маіх равеснікаў, камсамол быў не толькі абавязковай прыступкай пасля піянерыі. Я жыў у вёсцы на Віцебшчыне, і ў нас менавіта актыўныя камсамольцы адказвалі за арганізацыю культурнага адпачынку, пры падтрымцы кіраўнікоў школ былі ініцыятарамі ўсіх самых цікавых спраў. І мы, малыя, марылі быць падобнымі на іх. І станавіліся. Так, я стаў сакратаром камітэта камсамола школы. Усе нашы прапановы падтрымліваліся. Мы выступалі ініцыятарамі не толькі забаўляльных мерапрыемстваў, вечароў адпачынку і інш., але і працоўных спраў. Напрыклад, наводзілі парадак на прышкольнай тэрыторыі, рабілі дробны рамонт у школе. Мы ўсе мелі годную падрыхтоўку, бо нас вучылі ўсяму — ад працы з ручным інструментам да працы на станках. Мы цудоўна разбіраліся і ў фізіцы, таму маглі не толькі ўкруціць лямпачку. Мы не чакалі, што за нас і для нас нешта зробяць. Захацелі, скажам, мець паласу перашкод — самі дамаўляліся з лясніцтвам наконт матэрыялаў, самі яе і рабілі. Ды і з камітэтам камсамола лічыліся і настаўнікі, а потым — і выкладчыкі.

— Раскажыце падрабязней пра свае студэнцкія гады. Я не памылюся, што самым яркім успамінам будуць для вас студатрады?

— Так. Калі я вучыўся ў тады яшчэ педагагічным інстытуце імя Максіма Горкага, стаў камандзірам лінейнага, а потым і зводнага атрада, і мы ў складзе студатрада “Купалінка” ездзілі ў пасёлак Рыздвяны, што ў Ізабільнінскім раёне Стаўрапольскага краю. З 1990 года 13 гадоў запар вывозілі ў адну толькі гэтую гаспадарку пад 250 студэнтаў. Калі палічыць па 2 месяцы штогод, то атрымліваецца, што ў Стаўраполлі я пражыў каля 2 гадоў. Канечне, успаміны пра гэты час самыя цёплыя. Па-першае, гэта зусім іншая прырода, а на Паўночным Каўказе яна адмысловая. Па-другое, мясцовыя жыхары былі вельмі добразычлівымі да нас, беларусаў. Такое стаўленне да студэнтаў было і ў кіраўніцтва мясцовых гаспадарак, якія нас запрашалі. Чаго варты былі адны толькі экскурсіі, якія яны арганізоўвалі для студэнтаў. Для нас, пераважна жыхароў вёсак, было неверагодным трапіць у Данбай, праехаць Нальчык, убачыць Чэгемскія вадаспады, Тэберду. Акрамя таго, у адрозненне ад студэнтаў, якія ехалі на збор суніц, перцаў, таматаў і іншых культур у адкрытым полі, мы ехалі на ўборку вішні, чарэшні, алычы, яблыкаў, персікаў — у сады. А магчымасць працаваць у цяньку, а не пад спякотным сонцам — прынцыповая перавага.

Не менш прыязным было стаўленне і крайкама камсамола, і штаба працоўных спраў Стаўрапольскага краю. У свой час сумесныя мерапрыемствы мы арганізоўвалі з Аляксандрам Чарнагоравым, які быў сакратаром крайкама камсамола, потым стаў губернатарам Стаўраполля, а цяпер — прарэктар Расійскага дзяржаўнага аграрнага завочнага ўніверсітэта. Адны нашы студэнцкія фестывалі чаго былі вартыя! Менавіта на іх мы сустракаліся са студэнтамі, у тым ліку і з Беларусі. Гэта было адчуванне еднасці з вялікім студэнцкім брацтвам.
Больш таго, мы перажылі жнівеньскі путч 91-га года ў Стаўрапалі, таму нас ён, можна сказаць, не зачапіў. Калі людзі ў гаспадарцы не ведалі, што рабіць, то мы ведалі — выходзілі ў сад і працавалі.

— Ці працягваў нехта з вашай сям’і студатрадаўскія традыцыі?

— Справа ў тым, што раней неабавязкова было ехаць у студатрады па спецыяльнасці, а вось цяпер трэба. Напрыклад, у будатрады бяруць пераважна будучых будаўнікоў. Мой сын вучыцца ў медыцынскім універсітэце, і яго графік не дазваляе надоўга выязджаць. Але ён член БРСМ, прымае актыўны ўдзел у грамадскім жыцці ўніверсітэта, адказны за спартыўныя мерапрыемствы.

А вось пляменнік Андрэй, калі вучыўся на машынабудаўнічым факультэце ў Полацкім дзяржаўным універсітэце, марыў стаць удзельнікам зводнага беларуска-расійскага будатрада і прыняць удзел у будаўніцтве Беларускай АЭС у Астраўцы. Для гэтага нават цэлы год спецыяльна вучыўся ў будаўнічым каледжы, дзе атрымліваў спецыяльнасць плітачніка-тынкоўшчыка. У выніку Андрэй не толькі папрацаваў 2 месяцы на гэтай будоўлі — па выніках рэспубліканскага агляду-конкурсу студэнцкіх атрадаў яго атрад тады стаў лепшым у краіне.

Мне, канечне, прыемна. Мы хоць і рэдка сустракаемся, усё ж адна сям’я, і, збіраючыся, гаворым пра гэта. Мы, старэйшае пакаленне, дзелімся успамінамі, моладзь — планамі. І студатрады сталі нашым агульным захапленнем.

Гутарыла Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Андрэя МІКУЛІЧА.