Рамантыка вынаходніцтва і рэальная карысць

Ці задумваліся вы калі-небудзь, што ўсё ў нашым жыцці — гэта вынік якога-небудзь вынаходніцтва. Кожны прыбор, прылада, механізм, рэч з’явіліся таму, што камусьці прыйшла ў галаву новая ідэя і яна была рэалізавана. Кожны дзень вынаходніцтвы робяць наша жыццё прасцейшым, больш камфортным і яркім. Заўсёды існавалі людзі, незадаволеныя недасканаласцю гэтага свету. Яны імкнуцца ўсё ўдасканальваць, іх вабіць рамантыка адкрыццяў і вынаходніцтваў. Менавіта такіх рамантыкаў збірае кожныя два гады Рэспубліканскі злёт вынаходнікаў і рацыяналізатараў. І гэтай вясной Рэспубліканскі цэнтр інавацыйнай і тэхнічнай творчасці па традыцыі сустракаў навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі на заключным этапе злёту. 

Сёлета рэспубліканскі злёт праходзіць 17-ы раз. Ужо 32 гады мерапрыемства акумулюе цікавыя тэхнічныя рашэнні і прапановы, заахвочвае тых, хто захоплены пошукам новых ідэй.  

— Рэспубліканскі злёт задумваўся як конкурс дасягненняў работнікаў і навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў розных відах тэхнічнай творчасці, вынаходніцтва і рацыяналізатарства. Злёт стаў зыходным пунктам для шматлікіх інжынерных і канструктарскіх праектаў, выгадаваў цэлае пакаленне спецыялістаў, якія знайшлі сябе ў розных галінах айчыннай эканомікі. Многія з тых, хто калісьці быў яго ўдзельнікам, цяпер тэхналагічныя лідары новага пакалення, якія робяць першыя крокі ў сваёй прафесійнай дзейнасці, — адзначыў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці Сяргей Міхайлавіч Сачко. — З цягам часу рацыяналізатарскі рух не страчвае сваёй актуальнасці і значнасці. Шматгадовы вопыт паказвае, што моладзь падчас навучання атрымлівае навыкі вырашэння вынаходніцкіх задач, у яе выпрацоўваецца імкненне да пошуку новага, перадавога. А гэта ўклад у чалавечы капітал, які не паддаецца ацэнцы, бо будзе прыносіць карысць людзям, краіне на працягу ўсёй працоўнай дзейнасці чалавека. Мы пераканаліся, што менавіта з тых устаноў адукацыі, у якіх работа па прыцягненні навучэнцаў да тэхнічнай творчасці, вынаходніцтва і рацыяналізатарства арганізавана на належным узроўні, выходзяць выдатныя спецыялісты, якія, прыйшоўшы на вытворчасць, мабільна ўключаюцца ў вытворчую сферу і дэманструюць творчыя поспехі. Я ўпэўнены, што XVII Рэспубліканскі злёт вынаходнікаў і рацыяналізатараў таксама апраўдаў сваё прызначэнне і паспрыяў далейшаму вашаму творчаму росту, удасканаленню вынаходніцтва і рацыяналізатарства.

За гады існавання злёту яго ўдзель­нікамі было прадстаўлена каля 30 тысяч рацыяналізатарскіх прапаноў. За два гады, якія прайшлі пасля мінулага злёту, ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі пададзены 1547 рацпрапаноў, 853 з іх пададзены навучэнцамі. 969 ідэй былі ўкаранёны ў адукацыйны працэс.

У заключным этапе рэспубліканскага злёту сёлета ўзялі ўд зел 130 навучэнцаў і работнікаў устаноў прафадукацыі. Рэспубліканскаму этапу папярэднічалі рэгіянальныя злёты. У іх бралі ўд зел 96 устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі і 32 установы сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Усяго ўдзельнікамі злёту па ўсёй краіне сталі звыш 500 педагагічных работнікаў і больш за 15 тысяч навучэнцаў, якія абаранялі свае рацыяналізатарскія прапановы і іншыя канструктыўныя тэхнічныя рашэнні на ўзроўні навучальных устаноў, а потым — на абласным узроўні. 

Рэгіянальныя этапы па традыцыі прайшлі даволі масава, нягле­дзячы на тое, што праводзіліся ў складаных эпідэмічных умовах. Аднак сістэ­ма адукацыі як заўсёды прадэманстравала ўменне эфектыўна прыстасоўвацца да любой сітуацыі.

— Умовы прымусілі нас шу­каць новыя падыходы да арганізацыі абласнога этапу злёту, — расказвае кіраўнік каманды Брэсцкай вобласці дырэктар Брэсцкага абласнога цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці Таццяна Пятроўна Валевач. — Мы вырашылі правесці замест аднаго глабальнага тры лакальныя мерапрыемствы — у Брэсце, Баранавічах і Пінску. У кожным з гэтых пунктаў збіраліся прадстаўнікі ўстаноў адукацыі з некалькіх суседніх раёнаў. Такім чынам разам збіралася значна меншая колькасць удзельнікаў, ды яшчэ і ў журы было больш часу азнаёміцца з работамі канкурсантаў. У выніку ахоп мерапрыем­ствамі злёту па вобласці нават вырас. Адзначу, што ўдзел у абласным злёце ўзялі больш за 200 чалавек — прадстаўнікі ўсіх 33 устаноў прафесійнай адукацыі вобласці. 

Рэспубліканскі злёт ахоплівае практычна ўсе сферы, у якіх таленавітыя рацыяналізатары і вынаходнікі могуць прадэманстра­ваць свае ідэі, напрацоўкі. Заключны этап уключаў конкурсы “Эканомія энергетычных і матэрыяльных рэсурсаў”, “Лепшы сродак навучання”, “Лепшая экспазіцыя Рэспубліканскай выставы вынаходніцтва і рацыяналізатарства ва ўстановах адукацыі”, а таксама конкурс “Свет адкрыццяў” у намінацыях “Машынабудаванне”, “Прыборабудаванне”, “Электроніка і сувязь”, “Будаўніцтва”, “Транспарт”, “Сельская гаспадарка”. 

Ацаніўшы работы, члены журы адзначылі іх высокі ўзровень, а таксама звярнулі ўвагу на некаторыя тэндэнцыі. Так, апошнія некалькі гадоў усё часцей канкурсанты выкарыстоўваюць гатовыя рашэнні на мікракантролерах — апаратную частку збіраюць з гатовых элементаў, якія сёння лёгка заказаць у кітайскіх вытворцаў, а самі больш займаюцца праграмаваннем. Гэта ўвогуле сусветная тэндэнцыя ў прыборабудаванні, якая праявілася і ў работах удзельнікаў злёту. 

У гэтым годзе выразна праявілася яшчэ адна тэндэнцыя: павялічылася колькасць работ, пры­свечаных пытанням санітарнай бяспекі, аховы здароўя, у прыватнасці, шырока былі прадстаўлены прыборы для абеззаражвання паветра, ачышчэння вады. Безумоўна, гэта рэакцыя на эпідэмічную сітуацыю ў свеце. Актыўныя маладыя людзі неабыякавыя да бед, з якімі вядзе барацьбу чалавецтва. 

Напрыклад, Мікалай Спасібін, навучэнец Гомельскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа электратэхнікі, прапанаваў на суд журы прыбор для азанавання паветра і вады. Яго можна выкарыстоўваць для абеззаражвання прадметаў. Такі спосаб у 6 разоў больш эфектыўны, чым ультрафіялетавае выпраменьванне, і ў 300 разоў больш эфектыўны, чым апрацоўка хлоркай. І такі прыбор можа знайсці шырокае прымяненне — у побыце, у медыцынскіх установах, у сельскай гаспадарцы. Так, стваральнік азанатара адзначае, што калі азанаваць сабранае зерне, то пры яго захоўванні можна зменшыць страты на 60%. 

Увогуле, клопат пра людзей часта падказвае вынаходнікам новыя ідэі. Менавіта такая матывацыя прывяла Аляксандра Падабеда, навучэнца Магілёўскага прафесійнага электратэхнічнага каледжа, да стварэння разумнай вопраткі. Калі чалавек працуе на вуліцы, то не любое адзенне ратуе яго ад нізкіх тэмператур ці пранізлівага вет­ру. Аляксандр стварыў для такіх выпадкаў энергаэфектыўнае спец­адзенне. Так, на спіне курткі размяшчаюцца сонечныя панэлі, якія выпрацоўваюць электраэнергію. Яна размяркоўваецца на награвальныя элементы, і адзенне грэе чалавека. Грэе таксама і абутак: электраэнергія для нагрэву выпрацоўваецца пры кожным кроку дзякуючы п’езагенератарам у падэш­ве чаравікаў. Ад аналагаў гэтае адзенне адрознівае менавіта аўтаномнасць і энергаэфектыўнасць: яно не патрабуе батарэек і падзарадкі, у той час як іншае адзенне, якое сагравае, звычайна працуе ад паўэрбанка, які трэба насіць з сабой і зараджаць. У нашай краіне разумнае адзенне пакуль не выпускаецца, а ў параўнанні з аналагамі, якія існуюць у свеце, распрацоўка Аляксандра каштуе на 80% менш. На гэтае вынаходства ўжо атрыманы патэнт і ёсць дамоўленасць з вытворцам аб выпуску такога адзення.

Распрацоўкі юных вынаходнікаў могуць быць карыснымі і для вытворчасці. Так, Ілья Турко, прадстаўнік Магілёўскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа, прэзентаваў новыя антыкаразійныя парашкі. Яны патрэбны для пакрыцця дэталей, якія працуюць у агрэсіўным асяроддзі. Распрацаваныя парашкі наносяцца спосабам газатэрмічнага напылення. Іх перавага ў тым, што яны ў 5 разоў таннейшыя за аналагі і пры гэтым у іх складзе даступныя элементы. Такая рацпрапанова пры ўкараненні ў вытворчасць можа даць значны эканамічны эфект. 

Тэндэнцыя, якая не страчвае актуальнасці многа гадоў запар, — пошук энергазберагальных рашэнняў. Такіх было прадстаўлена нямала. Напрыклад, навучэнец Жыровіцкага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага кале­джа Максім Швабовіч прыдумаў, як зрабіць так, каб цягнік, рухаючыся, выпрацоўваў электраэнергію. Для гэтага малады чалавек прапануе пад чыгуначным палатном размяшчаць п’езакрышталі. Цягнік едзе, цісне на рэльсы, а пад іх ціскам дэфармуюцца п’езаэлементы, і так выпрацоўваецца электраэнергія. Праязджаючы, цягнік можа выпрацоўваць каля 200 Вт. Гэтага дастаткова для асвятлення платформы, на якую ён прыбывае. Макет чыгуначнай станцыі з энергаэфектыўным пуцём Максім прадставіў на злёце. Ён адзначае, што п’езакрышталі — даступны матэрыял, яны шырока выкарыстоўваюцца, напрыклад, пры вырабе запальніц. Акрамя ўсяго, такі спосаб атрымання энергіі не прынясе шкоды навакольнаму асяроддзю.  

Значную ўвагу рацыяналізатары і вынаходнікі ўдзяляюць стварэнню сродкаў навучання для ўстаноў адукацыі. Гэта дазваляе эканоміць бюджэтныя грошы, бо вучэбнае абсталяванне бывае даволі дарагім. А яшчэ гэта пашырае магчымасці навучання і павялічвае яго эфектыўнасць: створаныя трэнажоры дазваляюць шмат разоў адпрацаваць пэўныя аперацыі. Так, напрыклад, прадстаўнік Мінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 5 транспартнага будаўніцтва Уладзіслаў Вайніловіч прадставіў вучэбны стэнд-трэнажор “Сістэма ацяплення загараднага дома”, які дазваляе на занятках вытворчага навучання адпрацоўваць метады мантажу размеркаванага калектара, цыркуляцыйных помпаў, радыятарнага і панэльнага ацяплення. Кожны вузел сістэмы можна раза­браць і сабраць. А калі сістэма сабрана — падаецца ціск і можна праверыць, ці ўсё добра працуе. Дарэчы, гэта не першы такі стэнд у ліцэі, расказаў майстар вытворчага навучання Мікалай Аляксеевіч Балабышкін, некалькі стэндаў-трэнажораў па іншых тэмах ужо дапамагаюць навучэнцам ліцэя атрымліваць прафесійныя навыкі. 

Рацыяналізатарства і вынаходніцтва — надзвычай карысная дзейнасць. Яна карысная для саміх вынаходнікаў, у якіх развіваецца ўменне крэатыўна мысліць і вырашаць нестандартныя задачы. Карысная яна і для ўстаноў адукацыі, у якіх павышаецца інтэлектуальны патэнцыял навучэнцаў і супрацоўнікаў, а таксама з’яўляюцца новыя магчымасці для навучання. Рэальную карысць новыя тэхналагічныя рашэнні прыносяць вы­творчасці, а значыць, і эканоміцы. Новыя ідэі пасля сваёй рэалізацыі паляпшаюць наша штодзённае жыццё, а значыць, усё гэта карысна людзям. 

Дар’я РЭВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.