Рамонты ў Мазыры ідуць поўным ходам

- 12:29Навіны рэгіёнаў

Сёлета ў палескага горада Мазыра вялікія планы — здзівіць гараджан і гасцей. Ужо цяпер будуюцца аб’екты інфраструктуры, гандлёвыя і забаўляльныя цэнтры, праводзяцца капітальныя рамонты будынкаў і дарог. Плануецца ўвесці ў строй самыя розныя аб’екты. Сярод іх многа і тых, якія адносяцца да сферы адукацыі.

Будынак інтэрната Мазырскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя геалогіі.

Як расказала кіраўнік Гомельскага абласнога цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэт­ных арганізацый у сферы адукацыі Таццяна Лук’янская, планам мерапрыемстваў прадугледжаны розны рамонт на 22 аб’ектах:

— Сярод іх — тры ўстановы дашкольнай адукацыі, дзесяць — агульнай сярэдняй адукацыі, адна — спецыяльнай адукацыі, дзве — дадатковай адукацыі, чатыры — абласной камунальнай уласнасці, адна — адміністрацыйны будынак цэнтралізаванай бухгалтэрыі аддзела адукацыі. Будзе праведзена таксама рэканструкцыя будынка дадатковай адукацыі. Крыніцы фінансавання — гэта сродкі аблігацыйнай пазыкі і абласны бюджэт.

Цяпер у Мазыры вядзецца замена вокнаў у трох яслях-садах горада: №№ 10,13,15, у сямі сярэдніх школах: №№ 1, 2, 8, 9, 11, 12, 13, гімназіі імя Янкі Купалы, у будынку цэнтралізаванай бухгалтэрыі.

Ідзе рамонт дахаў трох будынкаў: цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, вучэбна-метадычнага цэнтра і цэнтралізаванай бухгалтэрыі. Аднаўляюцца фасады ясляў-садоў № 13 і № 15, а таксама раённага вучэбна-метадычнага цэнтра і цэнтралізаванай бухгалтэрыі.

Рамантуюцца ценявыя падстрэшкі ў трох яслях-садах: №№ 10,13,15. Там жа, а яшчэ на тэрыторыях раённага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, гімназіі і шэрага школ поўным ходам ідзе добраўпарадкаванне.

Вядзецца капітальны рамонт будынка Мазырскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Акрамя таго, прадугледжана завяршэнне работ па рэканструкцыі гэтай установы па вуліцы Ленінская, 42. Там запланавана стварыць пастаянную экспазіцыю дзіцячай творчасці і відаў рамёстваў Палесся.

У новым мікрараёне № 3 Мазыра будзе ўзво­дзіцца дзіцячая дашкольная ўстанова на 330 месцаў. Цяпер выбраны падрадчык і распрацоўваецца праектна-каштарысная дакументацыя.

Што тычыцца ўстаноў адукацыі абласной камунальнай уласнасці, гаворыць Таццяна Уладзіміраўна, у Мазырскім дзяржаўным ліцэі геалогіі вядуцца работы па бягучым рамонце фасадаў інтэрната, усталяванні сістэмы відэаназірання ў вучэбным корпусе:

— Тым часам Мазырскі дзяржаўны ліцэй будаўнікоў завяршае рамонт фасадаў вучэбнага корпуса. Там жа вядуцца работы па рамонце даху інтэрната, усталяванні сістэмы відэаназірання. У Мазырскім дзяржаўным політэхнічным каледжы завяршаюцца работы па ўсталяванні сістэмы відэаназірання ў вучэбным і грамадска-бытавым карпусах, замяняюцца вокны ў будынку майстэрань, заканчваецца рамонт фасадаў вучэбнага і грамадска-бытавога карпусоў, добраўпарадкоўваецца тэрыторыя. У Мазырскім дзяржаўным абласным ліцэі вядуцца работы па рамонце шатровага даху і фасадаў.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.