Ранні старт для юных айцішнікаў

- 9:20Навіны рэгіёнаў

Гімназія № 1 Віцебска Ж.І.Алфёрава працягвае эксперымент па навучанні пяцікласнікаў асновам праграмавання: у верасні пачнуцца заняткі ў новым ІТ-класе.

Установа адукацыі з моманту заснавання актыўна і плённа ўзаемадзейнічае з Віцебскім дзяржаўным універсітэтам імя П.М.Машэрава. Адметна, што ўсе настаўнікі матэматыкі і фізікі гімназіі, яе дырэктар, намеснікі дырэктара па вучэбнай рабоце — выпускнікі ВДУ. На працягу 2015—2017 гадоў у гімназіі рэалізоўваўся рэспубліканскі інавацыйны праект “Укараненне мадэлі цьютарскага цэнтра ўстановы адукацыі па падрыхтоўцы будучых настаўнікаў” (кіраўнік — кандыдат педагагічных навук, дацэнт, загадчык падрыхтоўчага аддзялення ВДУ Лілія Алізарчык). Выкладчыкі ўніверсітэта — частыя госці гімназіі. Яны кансультуюць навучэнцаў і педагогаў па пытаннях падрыхтоўкі да алімпіяд па вучэбных прадметах, канферэнцый і конкурсаў рознага ўзроўню. 

— Традыцыі супрацоўніцтва, якія складаліся амаль 30 гадоў, моцныя, шматузроўневыя і вельмі важныя для нас, — адзначае намеснік дырэктара гімназіі па вучэбнай рабоце Ларыса Мацвеева. — Мы іх не толькі падтрымліваем, але і развіваем. Асабліва цесныя партнёрскія сувязі наладжаны з факультэтам матэматыкі і інфармацыйных тэхналогій, які ўзначальвае дэкан Алена Залеская: заключаны адпаведны дагавор, праводзяцца сумесныя навуковыя канферэнцыі навучэнцаў і студэнтаў. Факультэт сёння з’яўляецца рэгіянальным цэнтрам падрыхтоўкі высокакваліфікаваных спецыялістаў у ІТ-галіне, дзе выкарыстоўваюцца найноўшыя адукацыйныя тэхналогіі, задзейнічана сучасная матэрыяльна-тэхнічная база і наладжаны цесныя кантакты з вядучымі беларускімі IT-кампаніямі. У сваю чаргу, універсітэт заўсёды зацікаўлены ў тым, каб атрымаць добрых студэнтаў. Усё гэта паслужыла перадумовамі для абласнога інавацыйнага праекта “Укараненне бесперапыннай сістэмы адукацыі “школа — універсітэт — вытворчасць” шляхам стварэння ІТ-класаў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі”, пляцоўкай рэалізацыі якога стала наша гімназія. Праект стартаваў у мінулым навучальным годзе і накіраваны на павышэнне эфектыўнасці ўзаемадзеяння паміж гімназіяй, ВДУ імя П.М.Машэрава і IT-кампаніямі, правядзенне сумесных мерапрыемстваў, рост зацікаўленасці навучэнцаў у навучанні ў напрамку ІТ і ў канчатковым выніку задавальненне патрэб рынку працы краіны ў высокакваліфікаваных IT-спецыялістах. Навізна праекта заключаецца ў тым, што мы пачынаем знаёмства з асновамі алгарытмізацыі і праграмавання ў 5 класе (непасрэдна вывучэнне інфарматыкі пачынаецца з 6 класа). 

Перавагі адукацыйнай праграмы праекта “IТ-класы” відавочныя: сучасная адукацыя, бясплатнае навучанне; практыка-арыентаваная вучэбная праграма, сфакусіраванасць на прафесіі, работа ў камандзе і зносіны з равеснікамі, захопленымі IT, а таксама прафесійныя выкладчыкі-супрацоўнікі ўніверсітэтаў і
IТ-кампаній, перавагі пры паступленні ва ўстановы вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь на IT-спецыяльнасці. Асноўныя напрамкі, па якіх ажыццяўляецца навучанне ў IT-класах, — гэта праграмаванне, адытыўная тэхналогія, робататэхніка, віртуальная і дапоўненая рэальнасць, штучны інтэлект. Напрамак “Праграмаванне” нацэлены на фарміраванне навыкаў распрацоўкі алгарытмаў і напісання кода на розных мовах праграмавання. У 5 класе гімназіі навучэнцы займаюцца тут па зацверджанай Міністэрствам адукацыі аўтарскай праграме, распрацаванай настаўнікам інфарматыкі Веранікай Лакціной. Педагог выкарыстала адпаведны вопыт правядзення і матэрыялы факультатыўных заняткаў для навучэнцаў 6—10 класаў, якія дапоўніла і адаптавала для ранняга навучання.

— Вераніка Паўлаўна працуе ў гімназіі больш за дзесяць гадоў і за гэты час падрыхтавала больш чым дзесяць пераможцаў міжнародных алімпіяд па інфарматыцы, — працягвае Ларыса Уладзіміраўна. — Дзякуючы ў першую чаргу ёй толькі ў мінулым навучальным годзе чатыры нашы навучэнцы сталі пераможцамі XVII Міжнароднай Жаўтыкаўскай алімпіяды (Казахстан), пяць — перамаглі на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды. У ліку медалістаў І Еўрапейскай алімпіяды сярод дзяўчат па інфарматыцы наша Лізавета Ільіна. Пяцікласнікі гімназіі з поспехам спрабуюць свае сілы ў конкурсах, алімпіядах па інфарматыцы і матэматыцы. Дарэчы, прадмет “Асновы праграмавання і алгарытмізацыі” Вераніка Паўлаўна выкладае разам са сваім былым вучнем, а цяпер выкладчыкам ВДУ Сяргеем Сергіенкам. Развіваецца ў нас і напрамак “Робататэхніка”, нацэлены на фарміраванне ў навучэнцаў асноў кіравання, праграмавання робатаў, мадэлявання сістэм на прыкладзе канкрэтных практычных задач для мабільных робатаў. Традыцыйна нашы навучэнцы прымаюць удзел і перамагаюць на гарадскіх і абласных адкрытых конкурсах, першынствах па робататэхніцы. Так, Ян Кананок — пераможац заключнага этапу Рэспубліканскага конкурсу па асновах прафесійнай падрыхтоўкі сярод навучэнцаў JuniorSkills Belarus у конкурснай кампетэнцыі “Прататыпаванне”, навучэнцы гімназіі — пераможцы адкрытага першынства Віцебскай вобласці па робататэхніцы Robotics-2021. У рамках напрамку “Адытыўныя тэхналогіі” ў IT-класах праводзіцца навучанне па 3D-мадэляванні і 3D-друку; напрамак “Віртуальная і дапоўненая рэальнасць” дазваляе дзецям глыбей вывучаць прадметы, аналізаваць наступствы сусветных падзей, удзельнічаць у многіх цікавых практыка-арыентаваных праектах. Галоўная мэта напрамку “Штучны інтэлект” — знаёмства школьнікаў з асноўнымі праблемамі, якія вырашаюцца з дапамогай сучасных інтэлектуальных сістэм, пашырэнне ўяўленняў аб тэхналогіях машыннага навучання і перспектывах развіцця азначанага сегмента IT-індустрыі. 

У ходзе рэалізацыі інавацыйнага праекта гімназія трымае пастаянную сувязь з ВДУ. На базе ўніверсітэта адбыўся семінар па пытаннях рэалізацыі праекта; навучэнцы і студэнты, настаўнікі і выкладчыкі прымаюць удзел у сумесных мерапрыемствах. У сакавіку падчас Алфёраўскіх дзён у гімназіі прадстаўнікі ВДУ дапамаглі арганізаваць маштабнае выязное пасяджэнне па вывучэнні ІТ-тэхналогій і майстар-класы. Заняткі для навучэнцаў праводзяцца як у гімназіі, так і ва ўніверсітэцкіх ІТ-лабараторыях, на пляцоўках IT-кампаній. Тут на працягу мінулага навучальнага года была арганізавана серыя тэматычных майстар-класаў. Прапанаваная праграма атрымалася вельмі насычанай, змястоўнай і цікавай. У прыватнасці, гімназісты пашырылі веды па асновах робататэхнікі, даведаліся, што такое механічныя перадачы, чым адрозніваюцца павышальныя перадачы ад паніжальных, атрымалі магчымасць самастойна сканструяваць перадачу для робатаў серыі Lego MindStorms EV3, а таксама пазнаёміліся з магчымасцямі 3D-друку, стварылі нескладаныя аб’екты ў вэб-асяроддзі 3D-мадэлявання TinkerCad і аблічбавалі фігурку Вожыка з дапамогай 3D-сканера. Кіраванне і праграмаванне робатаў ажыццяўлялася ў асяроддзі распрацоўкі WeDo 2 і EV3 на планшэтах-трансформерах Lenovo. Таксама на занятках дзецям быў прадстаўлены шматфункцыянальны робат Festo Robotino, робаты серыі Rover M1; навыкі ў маляванні прадэманстравала робарука Uarm Swift Pro, сумяшчальная з платформай Arduino. Пад кіраваннем дапытлівых хлопцаў і дзяўчат робаты выпісвалі зігзагі на спецыяльна створанай роба-трасе, знаходзілі выхад з лабірынта, змагаліся на полі для роба-футбола. Падчас правядзення майстар-класа па праграмаванні ўдзельнікі атрымалі ўяўленне аб мове праграмавання Python і яго бібліятэцы Arcade. Навучэнцы стваралі праграмы кіравання віртуальным персанажам у выпадкова генераваных лабірынтах, знаёміліся з адным з метадаў рэалізацыі кіравання персанажам з дапамогай клавіятуры ў гульні-платформеры, заснаванай на фізічным рухавічку Pymunk — лёгкай у асваенні 2D фізічнай бібліятэцы мовы Python. У ходзе майстар-класа па штучным інтэлекце гімназісты навучылі яго распазнаваць эмоцыі, колеры на малюнках, “жыхароў” марскога асяроддзя і даведаліся, якім чынам штучны інтэлект дазваляе ў сацыяльных сетках аналізаваць кантэнт, даваць ацэнку і на аснове названых у кантэнце запытаў можа прапаноўваць навіны, грунтуючыся на аб’яднаных па інтарэсах групах. Іншымі словамі, будучыя айцішнікі на практыцы ўбачылі, чым яны пры жаданні могуць займацца і як працуюць сучасныя ІТ-тэхналогіі. 

— Вынікі рэалізацыі праекта, якія мы падвялі ў канцы мінулага навучальнага года, безумоўна, нас парадавалі, — падсумоўвае мая суразмоўца. — Навучэнцы, пачынаючы з 5 класа, яскрава праявілі сябе ў розных інтэлектуальных конкурсах. Так, штогод мы прымаем удзел у абласной алімпіядзе па інфарматыцы “Інфармаша” для навучэнцаў 5—6 класаў, і паказальна, на мой погляд, што сёлета шасцёра навучэнцаў ІТ-класа сталі яе пераможцамі. Назіраецца добрая дынаміка: так, на абласным адкрытым турніры “Матэматычны BrainStorm” сярод навучэнцаў 5—6 класаў 12 нашых гімназістаў выйшлі ў пераможцы. Цімафей Садоўнікаў, які вучыўся ў ІТ-класе, перамог у алімпіядзе “Абітурыент ВДУ” для навучэнцаў 5—11 класаў. Першыя паспяховыя крокі ў свеце інфарматыкі, матэматыкі і ІТ — найлепшая матывацыя для дзяцей у вывучэнні прадмета. Высокія вынікі нашы навучэнцы прадэманстравалі на Віцебскім матэматычным турніры ў рамках Міжнароднага матэматычнага турніру гарадоў (базавы і складаны тур), у Міжрэгіянальнай шматпрофільнай алімпіядзе, абласной алімпіядзе па праграмаванні “Юны праграміст” і па інфарматыцы “Інфармаша”, Міжнароднай акцыі “Гадзіна кода”, абласной дыстанцыйнай алімпіядзе па алгебры памяці прафесара ВДУ імя П.М.Машэрава Канстанціна Ананчанкі, адкрытай каманднай дыстанцыйнай алімпіядзе па праграмаванні ФМ і ІТ ВДУ імя П.М.Машэрава, абласным конкурсе работ навучэнцаў даследчага характару “Эўрыка” і многіх іншых. Мы другі раз правялі набор у ІТ-клас. Колькасць жадаючых вучыцца ў ім прыемна ўразіла: значыць, перспектывы праекта ацанілі і дзеці, і іх бацькі. У маі з педагогамі і навучэнцамі гімназіі сустрэлася рэктар ВДУ Валянціна Багатырова, у ходзе візіту мы ўзгаднілі планы далейшага супрацоўніцтва. Ёсць і задумы адносна новых цікавых праектаў — спадзяюся, што ў найбліжэйшай перспектыве мы сумесна ўвасобім іх у жыццё.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена гімназіяй № 1 Віцебска Ж.І.Алфёрава.