Расія: адпачынак па раскладзе

- 12:20Паралелі

Падчас канікул зноў адкрыюцца лагеры для школьнікаў, якія застануцца ў горадзе, паведамляе “Расійская газета”.

Праект “Маскоўская змена” атрымаў статус пастаяннага. Такое рашэнне прынята на пасяджэнні прэзідыума сталічнага ўрада. Дзіцячыя лагеры гэтым летам адкрыюцца ў 246 школах, спартыўных комплексах і ўстановах сацыяльнай абароны.

Масквічы хутка ацанілі, што скарыстацца адпачынкам для дзяцей ва ўзросце ад 7 да 14 гадоў у гарадскім лагеры, калі па нейкіх прычынах не ўдалося выехаць  на мора, можа кожны гараджанін. Прычым такая магчымасць ёсць на працягу ўсяго лета. Вось і сёлета першыя лагеры адкрыюцца ўжо 3 чэрвеня. Працаваць яны будуць пяць дзён на тыдзень з 9.00 да 19.00. Дзеці ў гэты час не застануцца без нагляду, а зоймуцца карыснымі справамі. Іх чакае шырокая культурная праграма і трохразовае харчаванне. Па словах арганізатараў, дзеці змогуць наведаць 26 музеяў, 5 тэатраў і 15 анімацыйных цэнтраў. Напрыклад, з’ездзяць у Ізмайлаўскі Крэмль, сядзібу Кускова, Маскварыум, планетарый… Усяго запланавана больш за 1200 мерапрыемстваў.

Паводле папярэдніх ацэнак, у “Маскоў­скай змене” за лета адпачнуць каля 25 тысяч школьнікаў, у тым ліку з абмежаванымі магчымасцямі здароўя. Усяго будзе арганізавана тры змены, кожная — па 21 дні:

з 3 чэрвеня — першая змена (адукацыйная, фізкультурна-аздараўленчая і сацыяльная);

з 1 ліпеня — другая змена (фізкультурна-аздараўленчая і сацыяльная);

з 1 жніўня — трэцяя змена (сацыяльная).

Агульнаадукацыйныя школы, напрыклад, падрыхтавалі гульнявыя праграмы, конкурсы дзіцячага майстэрства, лекцыі, гурткі і студыі па інтарэсах. Не абыдзецца без алімпіядных задач і прафарыентацыйных гульняў. Увогуле, адпачынак адпачынкам, але вучоба — па раскладзе!

У спартыўных школах дзеці працягнуць рэгулярна трэніравацца, удзельнічаць у майстар-класах, гутарыць з алімпійскімі чэмпіёнамі. Сацыяльныя цэнтры таксама зробяць стаўку на спартыўна-аздараўленчы складнік. Дапоўняць праграму таксама патрыятычнымі і экалагічнымі акцыямі.