Колькасць расіян, якія жадаюць аддаць дзяцей у ВНУ, за дзесяць апошніх гадоў знізілася ў два разы. Што прывяло да такіх змяненняў, расказала ў эфіры радыё Sputnik дырэктар Інстытута развіцця адукацыі НДУ ВШЭ Ірына Абанкіна.
За апошняе дзесяцігоддзе папулярнасць вышэйшай адукацыі сярод выпускнікоў школ знізілася амаль удвая, пра гэта сведчаць даныя апытання, праведзенага сэрвісам Superjob. У даследаванні прынялі ўдзел бацькі, чые дзеці скончаць школу ў 2021 годзе. Толькі 43% рэспандэнтаў заявілі, што іх дзіця пасля школы паспрабуе паступіць у ВНУ, у 2010 годзе такі адказ далі 80% апытаных.
На планы выпускнікоў і іх бацькоў перш за ўсё ўплывае фактар канкурэнцыі паміж вышэйшай і сярэдняй прафесійнай адукацыяй, лічыць Ірына Абанкіна.
“Попыт на сярэднюю прафесійную адукацыю моцна павялічыўся сярод навучэнцаў і 9-х, і 11-х класаў. У асобных рэгіёнах больш за 50% выпускнікоў пайшлі ў каледжы. Праграмы навучання там карацейшыя, адукацыя таннейшая, а працаўладкавацца лягчэй, так што такі крок выглядае апраўданым”, — адзначыла яна.
З іншага боку, новыя працоўныя месцы для выпускнікоў з вышэйшай адукацыяй уводзяцца не так хутка, а заробкі не адпавядаюць чаканням. “Як мінімум з 2014—2015 гадоў выпускнікі ВНУ з выхадам на рынак перасталі адчуваць сваю перавагу ў заробках, аддача ад вышэйшай адукацыі падала”, — лічыць І.Абанкіна.
У выніку пачалося фарміраванне альтэрнатыўных уяўленняў пра паспяховасць, якая не была тоесная вышэйшай адукацыі. Да таго ж ва ўмовах стагнацыі эканомікі выдаткі на паступленне і тым больш на вучобу ў ВНУ сталі занадта цяжкай ношай для многіх сем’яў.
“На гэтым фоне выйграюць каледжы, для паступлення ў якія не трэба здаваць АДЭ, там конкурс атэстатаў. А нават платныя праграмы навучання нашмат таннейшыя, чым у ВНУ”, — адзначыла яна.
Акрамя таго, пасля каледжа пры жаданні можна паступіць у ВНУ — адразу на 2 ці 3 курс. Так што сярэдняя прафесійная адукацыя ў параўнанні з вышэйшай сапраўды мае шэраг канкурэнтных пераваг.
Падрыхтаваў Уладзімір МАТУСЕВІЧ.