Расія: чатыры памылкі ў трох радках

- 13:13Паралелі

У расійскай адукацыі пастаянна ідуць рэформы: мяняецца заканадаўства, стандарты, падыходы. У той жа час агульны адукацыйны, культурны ўзровень грамадства яўна жадае быць лепшым. Некаторыя лічаць, што варта вярнуцца да вопыту савецкай сістэмы навучання, дзе былі стабільнасць, дакладныя і аднастайныя падыходы да адукацыйнага працэсу, якія, з улікам нязначных карэкціровак, можна выкарыстоўваць і зараз. Адно з такіх меркаванняў выказала Таццяна Ваяводзіна на старонках “Литературной газеты”.

Была на бацькоўскім сходзе ў школе. Сядзела мышкай на апошняй парце і дзівілася. Чаму? Абсурднаму злучэнню гіганцкай, немагчымай у мінулыя часы валтузні ў сістэме народнай асветы і смешных, на мой погляд, зусім нязначных вынікаў. Падручнікі такія, падручнікі сякія, матэрыялы для падрыхтоўкі да АДЭ, прытым толькі на адзін год. Нават у крэму для рук тэрмін прыдатнасці два гады, а ў дапаможніка для падрыхтоўкі да АДЭ — адзін. Няйначай ён экалагічна чысты, без кансервантаў. Словам, які хутка псуецца.
Пры гэтым вынік — рэальны, а не бюракратычны — усёй гэтай мітусні я бачу штодзень. У сваёй кампаніі пастаянна знімаю са стэндаў аб’явы, напісаныя з арфаграфiчнымі i пунктуацыйнымі памылкамі. І гэта тое, што застаецца пасля камп’ютарнай праверкі правапісу! А здараецца патрэба напісаць нешта ад рукі або ў праграме, дзе няма праверкі, — тады ў трох радках мінімум чатыры памылкі. Мае служачыя — нармальныя рускія людзі, выпускнікі не толькі маскоўскіх школ, але і, страшна сказаць, ВНУ. Але для таго каб напісаць нешта асэнсаванае, далучаецца журналістка, якая адказвае ў нас за сайт і карпаратыўную газету. Выпускнік школы не можа скласці нават самую простую лістоўку. Гэта да пытання аб сачыненні.
Цяпер пра матэматыку. Было 68, стала 72. На колькі працэнтаў рост? Дзяўчына, якая скончыла школу і нават нешта “эканамічнае” пасля яе, не можа з ходу сцяміць, што на што дзяліць, каб атрымаць гэты самы рост.
Яшчэ з асабістага вопыту. Чалавек з вышэйшай адукацыяй часта не можа толкам нічога расказаць. Просіш: прачытайце вось гэтыя тры артыкулы і на іх базе падрыхтуйце гутарку з калегамі на пэўную тэму. Неймаверна цяжка! Так адгукнулася адмена вусных экзаменаў — павальная коснаязыкасць: дзяцей трэніруюць запаўняць клетачкі, а не расказваць.
Гэта руская мова і матэматыка. З іншымі прадметамі не лепш, іх вывучаюць толькі тыя, хто збіраецца здаваць па іх АДЭ. А хто не збіраецца — проста пакідае па-за ўвагай. У выніку некаторы час назад на шашы Энтузіястаў я ўбачыла велізарны білборд — рэкламу нейкага дэзадаранта. На ім была намалявана сімпатычная такая малекула серабра, на манер тых, што малююць у падручніках арганічнай хіміі. Нібыта яна прысутнічае ў дэзадаранце. І нічога, нікому не смешна.
І вось, калі ласка, у адказ Чэмберлену з’явілася заканадаўчая ініцыятыва: увесці адзіныя падручнікі па базавых прадметах. Даўно трэба было гэта зрабіць — адзіныя падручнікі, прычым па ўсіх без выключэння прадметах, а не толькі па чатырох, як у законапраекце.
Але зрабіць трэба не толькі гэта. Трэба ўвесці аднастайную сярэднюю адукацыю, падручнік — толькі яе інструмент. Сёння гэтага няма. Кожны дзьме ў сваю дуду, нават літаратурныя творы розныя праходзяць. Пры пераходзе ў добрую школу дзіцяці бяруць рэпетытара, і не па адным прадмеце. Інакш ніяк. Рэпетытар цяпер звыклая фігура вучэбнага працэсу.
Я не за тое, каб усіх стрыгчы пад адзін грэбень, гэтага і не атрымаецца — дзеці розныя. Але трэба, каб УСЕ аднастайна вывучалі ўсе прадметы і здавалі па іх экзамены. А ВНУ няхай праводзяць на гэтай базе ўступныя экзамены. У аснове ўсяго — стабільны падручнік.
Якімі павінны быць падручнікі? Кампактнымі, зразумелымі і даўгавечнымі. У ідэале — вечнымі, як калісьці геаметрыя Кісялёва або фізіка Пёрышкіна (дарэчы, нядаўна перавыдалі). Такім вечным падручнікам была і застаецца хімія Глінкі, па якой вучылася яшчэ мая мама да вайны. Вось на якога роду падручнікі трэба арыентавацца.
Гэта немагчыма? Навука ідзе наперад? Гэта хітрасць. Школьная “навука” адлюстроўвае стан “дарослай” навукі XIX стагоддзя — гэта самае пазнейшае. Матэматыка — гэта XVII стагоддзе, руская мова — XVIII (знакамітая граматыка Ламаносава), ну, хімія, дапусцім, другая палова XIX стагоддзя. І нічога дрэннага ў гэтым няма: дзецям трэба прывіваць навыкі лагічнага мыслення, рашэння задач, работы з тэкстам і літаратурным творам, а пра космас або авечку Долі яны змогуць прачытаць у інтэрнэце або ў зборніках тыпу “Хачу ўсё ведаць”.
Напісаць патрэбны падручнік можа навуковец, які валодае талентам папулярызатара, у пары з дасведчаным настаўнікам. Мінадукацыі абавязана заплаціць ім аднаразовы добры ганарар за работу. Застаецца задача — звярстаць падручнік і выкласці ў сетку. Далей любая друкарня можа, не плацячы ніякіх роялці, друкаваць кніжкі па заказах школ. Тут і ідэальная канкурэнцыя, пра якую мараць лібералы. Хто хоча, можа карыстацца падручнікам у электронным выглядзе або раздрукоўваць па меры вывучэння на прынтары.
І ўсё! Больш ніякай валтузні і ніякай мітусні: у нас ёсць падручнік — фізікі / хіміі / батанікі / літаратуры — і ён будзе жыць не менш за дзесяць гадоў. Гэта мінімум — максімум не ўстанаўліваецца. Карысна, дарэчы, увесці заканадаўчую забарону перагляду зацверджанага падручніка. Чахарда не дазваляе нічога зразумець і выявіць. Да падручніка выдаецца задачнік, дзе сабраны УСЕ задачы, якія будуць даваць на экзаменах. Перарашаў задачнік — і ты ў выйгрышы. Хочаш вывучыць на памяць? Паспрабуй. Але тысячы задач усё роўна не вывучыш. І ніякіх складаных манеўраў і мітусні. Энергію трэба пусціць на справу.
У 30-я гады, калі рэвалюцыйна-разбуральны перыяд у СССР змяніўся стваральным, паўстала задача падрыхтоўкі кадраў для індустрыялізацыі. І тады былі скасаваны школьныя эксперыменты накшталт брыгаднага метаду, Дальтона-плана, педалогіі і г.д. і школу вярнулі да стандартаў царскай гімназіі (за выключэннем класічных моў і Закона Божага). Калі мы хочам перайсці на стваральнае развіццё, будаўніцтва, нам абавязкова давядзецца вярнуцца да савецкай школы як максімальнага дасягнення нашага народа ў галіне адукацыі. Прытым не да школы 80-х гадоў, а хутчэй да школы 50—60-х гадоў, калі амерыканскія аналітыкі спрачаліся: эканоміка СССР перавысіць амерыканскую ў 90-х гадах ці ўжо ў 70-х?
Правесці гэтую рэформу трэба хутка і рашуча. Вынікі выявяцца гадоў праз пяць, а праз дзесяць будзе пераадолена звыклае невуцтва і павальная другагатункавасць, недаадукаванасць выпускнікоў і сярэдняй, і вышэйшай школы.
Чым раней мы ўсё гэта зробім, тым менш часу страцім.
Меркаванне аўтара спрэчнае. Сёння тэхналогіі развіваюцца імгненна, гэтак жа і пашыраюцца базы ведаў у самых розных галінах. Таму абапірацца выключна на вопыт 50-гадовай даўнасці — наўрад ці лепшае выйсце. У той жа час ва ўмовах шматкратнага росту інфармацыйных патокаў надзвычай важна навучыць школьнікаў навыкам лагічнага мыслення, рашэння задач, самастойнага засваення ведаў і адбору неабходнай інфармацыі. Дасягнуць гэтага — задача сучаснай школьнай адукацыі.