Расія: чысціць і пераходзіць

- 16:38Паралелі

Кіраўнікі Міністэрства адукацыі і навукі зрабілі справаздачу за мінулы год і расказалі пра планы на бягучы. У дзіцячых садках пачнуць уводзіць новы стандарт, у школах зоймуцца зместам адукацыі, ВНУ і далей будуць “чысціць”, а псеўдавучоных знойдуць і пакараюць. У Мінадукацыі адбылася выніковая калегія, на якой абмяркоўваліся сучасны стан і перспектывы развіцця галіны. Галоўнымі дакладчыкамі былі віцэ-прэм’ер Вольга Галадзец, а таксама міністр адукацыі і навукі Дзмітрый Ліванаў.

“У нас змянілася каманда, паўстала шмат новых задач”, — коратка акрэсліў сітуацыю Ліванаў. З асноўных дасягненняў мінулага года міністр адзначыў прыняцце новай нарматыўнай базы. У прыватнасці, напрыканцы снежня Прэзідэнт Расійскай Фэдэрацыі Уладзімір Пуцін падпісаў новы Закон “Аб адукацыі”, таксама былі прыняты дзве важныя Дзяржаўныя праграмы — “Развіццё адукацыі” і “Развіццё навукі”.
Сёлета варта чакаць пачатку цэлага шэрагу важных рэформ у адукацыйнай галіне. Што да дашкольнай адукацыі, то ўжо з верасня ў пілотным рэжыме дзіцячыя садкі пачнуць пераход на новыя стандарты для дашкольнікаў. У сакавіку Міністэрства адукацыі і навукі абяцала выкласці праект гэтага стандарту для грамадскага абмеркавання, але пакуль што дакумент так і не апублікаваны. Інфраструктура для дашкольнікаў у гэтым годзе будзе актыўна развівацца ў чаканні хуткага дэмаграфічнага ўздыму. Усе рэгіёны ўжо распрацавалі і падалі “дарожныя карты” развіцця сістэмы дашкольных устаноў, і зараз ва ўрадзе ідзе ўзгадненне і зацвярджэнне гэтых праграм. Па інфармацыі Вольгі Галадзец, самая вялікая праблема з інфраструктурай у Інгушэціі і Дагестане.
Гаворачы пра планы адносна школьнай адукацыі, віцэ-прэм’ер дала зразумець, што ўрад і Мінадукацыі сёлета зоймуцца зместавым напаўненнем праграм для сярэдніх і асабліва для старшых класаў школы. Віцэ-прэм’ер адзначыла, што ў пачатковай школе пасля ўвядзення новых стандартаў сітуацыя даволі спрыяльная, выяўляюцца толькі асобныя выпадкі, калі школы па нейкіх прычынах не пераходзяць на новы стандарт.

А вось пра якасць навучання ў старшых класах Галадзец выказалася не самым лепшым чынам. “Асабліва ў старшай школе сітуацыя далёкая ад ідэальнай. Жадаем мы таго ці не, але фактычна ўсё зводзіцца да падрыхтоўкі і здачы Адзінага дзяржаўнага экзамену. Мы не даём сваім дзецям навыкаў і ўменняў, неабходных у жыцці. Яны ведаюць матэматыку, рускую мову, літаратуру і два прадметы па выбары, якія плануюць здаваць. А далей яны бездапаможныя. Нам неабходна не проста асэнсаванне новых стандартаў, нам трэба насыціць іх лепшымі практыкамі і падыходамі”, — заявіла яна.

Таксама ў 2013 годзе плануецца даволі актыўна рэфармаваць пачатковую і сярэднюю прафесійную адукацыю. У прыватнасці, пачнецца актыўнае стварэнне спецыяльных рэсурсных цэнтраў, якія змогуць змяніць сітуацыю і каардынаваць яе. “Перад Міністэрствам адукацыі і навукі гэтая тэма паўстае як адна з прыярытэтных. Мы створым адзіныя рэсурсныя цэнтры, каб распаўсюджваць лепшыя практыкі, а таксама для ўзаемадзеяння з работадаўцамі. За тры гады трэба ўзняць сістэму — асабліва сярэднюю прыступку — на новы ўзровень”, — адзначыла Галадзец.

ВНУ і далей будуць “чысціць”. Летась упершыню за ўсю гісторыю была праведзена ацэнка (маніторынг) сеткі вышэйшых навучальных устаноў. Зараз 69 ВНУ і 87 філіялаў, што трапілі пад аптымізацыю, распрацавалі праграмы развіцця. Навучальныя ўстановы, якія вырашана было рэарганізаваць (24 ВНУ і 266 філіялаў), пройдуць гэтую працэдуру сёлета.
Між тым Дзмітрый Ліванаў даў зразумець, што кіраўніцтву вышэйшых навучальных устаноў расслабляцца рана. “Маніторынг будзе праводзіцца сёлета па змененых паказчыках. Мы ўлічым тыя заўвагі, якія былі, але правядзём яго абавязкова. Па выніках будзем прымаць жорсткія меры па расчыстцы завалаў, якія назапасіліся ў сістэме вышэйшай адукацыі”, — заявіў ён.

Пасля крытыкі ВНУ Ліванаў перайшоў да крытыкі дзейнасці па прысуджэнні навуковых ступеняў і паабяцаў суровае пакаранне тым, хто несумленна зарабіў сваю навуковую ступень. “Меры па выкрыцці жульнічання сталі першай ластаўкай на шляху выпраўлення. За гэтымі “птушкамі” паляціць вельмі шмат іншых. І мы ў гэтай сферы на працягу кароткага часу навядзём парадак, кожны павінен несці адказнасць”, — паабяцаў міністр.

Сярод галоўных арыенціраў на 2013 год Ліванаў пазначыў развіццё публікацыйнай актыўнасці навукоўцаў, скарачэнне чэргаў у дзіцячыя садкі, павышэнне колькасці дзяцей, ахопленых праграмамі дадатковай адукацыі, а таксама павышэнне зарплат педагагічных работнікаў.
Згодна з данымі Мінадукацыі аб заробках за 2012 год, больш за ўсё павялічылася заработная плата ў выкладчыкаў ВНУ, у сярэднім па краіне яна складае 42 тысячы рублёў. На другім месцы школьныя настаўнікі, іх сярэднестатыстычная зарплата роўная 26,2 тысячы рублёў, на трэцім — выхавальнікі дзіцячых садкоў з сярэднім заробкам 18,3 тысячы рублёў. Гаворачы пра зарплаты, міністр прыстрашыў рэктараў, якія недастаткова актыўна павялічваюць зарплаты прафесарска-выкладчыцкаму складу. “Кіраўнікі ВНУ будуць несці персанальную і асабістую адказнасць за недастатковы рост зарплат. Для нас важна, каб рост адбываўся не за кошт разавых выплат, а за кошт базавых акладаў”, — папярэдзіў Ліванаў.
Паводле даклада намесніка міністра фінансаў Міхаіла Кацюкова, сродкі на адукацыю выдзяляюцца, але адукацыйныя ўстановы не ведаюць, куды іх выдаткаваць. Па даных чыноўніка, толькі дадатковых асігнаванняў з федэральнага бюджэту на розныя адукацыйныя праграмы і праекты за апошнія тры гады было выдзелена на агульную суму 253 мільярды рублёў. Актыўна трацяць грошы на адукацыю і рэгіёны. “Аб’ём выдаткаў на ўзроўні рэгіёнаў вялікі — больш за 10% кансалідаваных бюджэтаў — і далей ён будзе павялічвацца”, — удакладніў Кацюкоў. Пры гэтым ён паведаміў, што ў 2012 годзе 150 мільярдаў “былі ў выглядзе рэшткаў”, што сведчыць пра неэфектыўнасць выкарыстання выдзеленых сродкаў.
У 2013 годзе плануецца і далей прытрымлівацца прынцыпу нарматыўна-падушавога фінансавання ў адукацыі (калі на аднаго школьніка ці дашкольніка выдзяляецца пэўная сума і менавіта з гэтых меркаванняў разлічваецца агульны бюджэт). У бягучым годзе прынцып нарматыўна-падушавога фінансавання будзе няўхільна ўкараняцца ў дзяржаўных вышэйшых навучальных установах.