Расія: грамадская палата атрымала каля 300 скаргаў на правядзенне АДЭ

- 14:45Паралелі

Каля 300 зваротаў з дзевяці рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі паступіла на гарачую лінію Грамадскай палаты па пытаннях АДЭ. Гэтыя лічбы сведчаць, што многія праблемы падрыхтоўкі да экзамену і яго правядзення ў большасці расійскіх абітурыентаў зняты, заявіла першы намеснік старшыні камісіі Грамадскай палаты па развіцці адукацыі і навукі Людміла Дудава.

У 2017 годзе на гарачую лінію палаты па пытаннях падрыхтоўкі і правядзення АДЭ звярнулася звыш 1,5 тысячы расіян.

“Сёлета на лінію паступіла каля 300 зваротаў, а колькасць тых, хто здаваў АДЭ, — звыш 700 тысяч чалавек…. У гэтым годзе на лінію звярнуліся прадстаўнікі ўсяго з дзевяці рэгіёнаў”, — адзначыла Л.Дудава, словы якой прыводзіць прэс-служба палаты.

Змест зваротаў, як і ў мінулыя гады, у асноўным звязаны з арганізацыяй экзамену. Выпускнікі, у прыватнасці, скардзіліся на збоі ў рабоце тэхнікі. Па-ранейшаму застаюцца скаргі на нізкую якасць апаратуры, што выкарыстоўваецца на экзаменах па замежных мовах, адзначылі ў палаце.

“На асобных пунктах правядзення экзамену былі зафіксаваны факты перадачы адказаў, што з’яўляецца грубейшым парушэннем правіл правядзення экзамену. Усе матэрыялы, якія сведчаць пра такія парушэнні, перададзены камісіяй у адпаведныя інстанцыі і даведзены да ведама Федэральнай службы па наглядзе ў сферы адукацыі і навукі”, — сказала Л.Дудава.

Пры гэтым яна падкрэсліла, што звароты таксама “сведчаць пра недастаткова наладжаную работу ў рэгіёнах па тлумачэнні гэтых пытанняў на этапе падрыхтоўкі да экзамену як сярод навучэнцаў, так і сярод педагогаў”. “Ні аднаго звароту на гарачую лінію з крытыкай заданняў сёлета не паступіла, і гэта нядрэнны сігнал. А вось некалькі зваротаў без называння прадмета з заўвагамі па крытэрах ацэнкі тэставых адказаў былі”, — расказала яна.