Расія: італьянскую і кітайскую мовы могуць уключыць у спісы АДЭ

- 15:46Паралелі, Рознае

Італьянскую і кітайскую могуць уключыць у пералік моў для здачы расійскімі школьнікамі Адзінага дзяржаўнага экзамена (АДЭ), паведаміў кіраўнік Федэральнай службы па наглядзе ў сферы адукацыі і навукі Сяргей Краўцоў у інтэрв’ю “Расійскай газеце”.

“Я такую магчымасць не выключаю. У нас створана рабочая група па кітайскай мове, так што калі рашэнне будзе прынята, то тэхналагічна мы гатовыя забяспечыць яго рэалізацыю”, — сказаў С.Краўцоў, адказваючы на пытанне, ці з’явіцца АДЭ па італьянскай і кітайскай мовах у школах пасля таго, як па іх было вырашана праводзіць Усерасійскія алімпіяды школьнікаў.
АДЭ ў Расіі з’яўляецца адначасова выпускным экзаменам у школе і ўступным у ВНУ. Зараз Адзіны дзяржаўны экзамен праводзіцца па англійскай, французскай, іспанскай і нямецкай мовах. Выпускнікі здаюць замежную мову па жаданні, калі гэты экзамен неабходны ім для паступлення ў абраную ВНУ.
З 2015 года ў АДЭ па замежных мовах ўводзіцца раздзел, які прадугледжвае вусныя адказы на заданні. Здаваць яго можна будзе па жаданні, але максімальную колькасць балаў (100) можна будзе атрымаць толькі ў выпадку здачы абедзвюх частак: пісьмовай (ацэньваецца максімум у 80 балаў) і вуснай (20 балаў).
З 2020 года экзамен па замежных мовах, разам з рускай мовай і матэматыкай, плануецца зрабіць абавязковым для атрымання атэстата аб сярэдняй агульнай адукацыі ў Расіі.