Расія: міжнародныя алімпіяды школьнікаў сыходзяць у інтэрнэт

Большасць міжнародных прадметных алімпіяд для школьнікаў праводзяцца летам, падчас канікул. Але і ў гэтую традыцыю ўмяшаўся COVID-19. Як школьнікі дыстанцыйна рыхтуюцца да алімпіяд? Якія парады дзецям даюць трэнеры нацыянальнай зборнай? Як пройдуць міжнародныя алімпіяды для школьнікаў у рэжыме анлайн? Пра гэта расказвае “Российская газета”.

Міжнародную і самую прэстыжную алімпіяду па інфарматыцы для школьнікаў — The International Olympiad in Informatics (IOI), якую ў гэтым годзе павінен быў прымаць Сінгапур, арганізатары вырашылі не адмяняць, а перанесці ў віртуальную прастору.

Намеснік дырэктара IOI, старшы выкладчык Школы вылічальнай тэхнікі Нацыянальнага ўніверсітэта Сінгапура, доктар Стывен Халім гаворыць: “Галоўнае — што выпускнікі гэтага года ўсё ж змогуць прыняць удзел у спаборніцтве. Яно пройдзе з 13 па 19 верасня — у анлайн-фармаце”.

“У дыстанцыйным рэжыме алімпіяда стане мінімальнай версіяй сябе, сфакусіраванай на спаборніцтве з сістэмай электроннага практорынгу (анлайн-кантролю). У анлайнавым IOI-2020 высту­пяць па чатыры лепшыя старшакласнікі з 88 краін, — расказаў Стывен Халім. — Урачыстыя цырымоніі адкрыцця і закрыцця будуць віртуальнымі. Не будзе сацыяльных дзён, экскурсій і гасцявых трэкаў”.

Арганізатары Міжна­роднай алімпіяды для школьнікаў па хіміі (IChO, International Chemistry Olympiad), якая павінна была праходзіць у Стамбуле, таксама вырашылі перавесці яе ў сетку. Тут, на жаль, прыйшлося ахвяраваць лабараторнымі і практычнымі заданнямі: школьнікі будуць пісаць дыстанцыйна толькі пісьмовую тэарэтычную работу — пад відэакамеру.

Ну і нарэшце, Міжнародная алімпіяда па матэматыцы (International Mathematical Olympiad, IMO), якая павінна была адбыцца ў гэтым го­дзе ў Санкт-Пецярбургу, таксама будзе праходзіць віртуальна. “IMO-2020 пройдзе ў дыстанцыйным фармаце, а ўдзельнікі будуць выконваць заданні алімпіяды 21—22 верасня 2020 года, знаходзячыся ў сваіх краінах. Падрабязная інфармацыя будзе апублікавана да 30 чэрвеня 2020 года, — паведамляе аргкамітэт. — Цырымоніі адкрыцця і закрыцця алімпіяды таксама пройдуць віртуальна, медалі пераможцам і прызёрам будуць адпраўлены па пошце. Ні ў якім разе ніхто не павінен ставіць пад небяспеку сваё здароўе, каб прыняць ­удзел у спаборніцкіх турах”.

Пры гэтым частку алімпіяд перанеслі на будучы год, сярод іх — геаграфічная алімпіяда IGEO, якая таксама павінна была адбыцца ў Стамбуле, і фізічная алімпіяда IPhO ў Вільнюсе.

“Сённяшні перыяд нявызначанасці — гэта магчымасць сканцэнтравацца на вучобе, ні на што не адцягваючы ўвагу”, — падкрэсліў прарэктар МФТІ член Савета па пад­рыхтоўцы зборных каманд Ра­сійскай Федэрацыі Аляксей Малееў.

Ужо ў ліпені плануецца правесці анлайн-трэнінгі па інфарматыцы для прыкладна сотні школьнікаў, адабраных па выніках мінулых этапаў Усерасійскай алімпіяды і іншых заслугах. У жніўні, з папраўкай на эпідэмічную сітуацыю, для лепшых удзельнікаў могуць адбыцца вочныя зборы ў Маскоўскім фізіка-тэхнічным інстытуце (МФТІ). Гэта будзе першым раўндам адбору ў зборную наступнага года і дапаможа заўважыць новыя таленты, якія не трап­лялі раней на “радары” трэнераў.

“Алімпіяды даюць магчымасць чалавеку рэалізоўваць сябе, але ўсё ж калі мы гаворым пра 100 школьнікаў на ўсю краіну — гэта няшмат. У гэтым годзе мы ў дыстанцыйным рэжыме плануем падрыхтаваць па прыродазнаўчанавуковых і тэхнічных алімпіядах звыш 1200 чалавек у алімпіядных школах МФТІ. Гэта больш, чым у мінулым годзе, — адзначыў Аляксей Малееў. — Каля 300 старшакласнікаў ужо вучацца, і для многіх гэта першы крок у алімпіядную супольнасць, магчымасць пазнаёміцца з лепшымі выкладчыкамі, атрымаць зваротную сувязь.

На яго думку, школьнікі ўжо даўно прызвычаіліся мець зносіны ў чатах і сацыяльных сетках, таму яны камфортна адчуваюць сябе ў віртуальнай супольнасці і знаходзяць сяброў. Але ў дыстанцыйным кіраванні ёсць і мінусы. Напрыклад, сям’і з двума дзецьмі і двума бацькамі для вучобы і дыстанцыйнай работы патрэбны чатыры камп’ютары. А гэта ўжо даступна не ўсім.

Адзінаццацікласнік з Ліцэя імя Лабачэўскага Казанскага федэральнага ўніверсітэта Ільдар Гайнулін заваяваў у мінулым годзе на міжнароднай алімпіядзе па інфарматыцы “золата” і абсалютнае 2-е месца. Ён таксама перамог летась на Усерасійскай алімпіядзе па інфарматыцы, выйграў алімпіяды “Тэхнакубак”, Адкрытую алімпіяду школьнікаў па праграмаванні, Moscow Workshops Juniors. Зараз Ільдар рыхтуецца да вераснёвай IOI.

“Пакуль няма збораў, я рашаю задачы алімпіяд мінулых гадоў у анлайн-архівах, спаборнічаю з іншымі ўдзельнікамі ў анлайн-спаборніцтвах на сайтах Codeforces і AtCoder. Акрамя таго, прыняў удзел у анлайн-зборах ByteDance і Moscow Workshops, якія дапамаглі мне рыхтавацца”, — падзяліўся ён сакрэтамі з “Российской газетой”.

У сярэднім адзін дзень падрыхтоўкі да міжнароднай алімпіяды па інфарматыцы можа доўжыцца 8 гадзін: пяцігадзінны раўнд — спаборніцтвы (кантэст), 3 гадзіны на разбор задач і іх дарэшванне. Вядома, такія трэніроўкі здараюцца не кожны дзень, але могуць быць 2—3 разы на тыдзень.

“Для тых, хто толькі пачынае свой шлях у алімпіяднай інфарматыцы, спачатку варта выйсці на пэўны ўзровень, калі зразумела, пра што наогул ідзе гаворка, даведацца асновы тэорыі і прарашаць простыя і тыпавыя задачы, гэта можна зрабіць самастойна. Потым трэба пачынаць наведваць выязныя летнія і зімовыя школы, знаёміцца з адна­думцамі. У цяперашняй сітуацыі тым, хто ў пачатку шляху, лягчэй, таму што можна напрацоўваць базавыя навыкі дома. А як пандэмія скончыцца, трэба нацэліцца на поспех, ездзіць і мець зносіны”, — раіць старшыня Цэнтральнай прадметнай метадычнай камісіі па інфарматыцы, дацэнт Універсітэта ІТМО (Санкт-Пецярбургскі нацыя­нальны даследчы ўніверсітэт інфармацыйных тэхналогій, механікі і оптыкі), лаўрэат прэміі Прэзідэнта Расіі ў галіне адукацыі Андрэй Станкевіч.

Дарэчы, нядаўна вучні 8—11 класаў расійскай сталіцы прынялі ўдзел у першай Маскоўскай анлайн-алімпіядзе па генетыцы. Яе арганізатарамі выступілі Дэпартамент адукацыі і навукі Масквы, Цэнтр педагагічнага майстэрства і біялагічны факультэт МДУ.

Спаборніцтва прайшло дыстанцыйна з 18 па 24 чэрвеня. Выканаць заданні можна было ў любы з гэтых дзён. Удзельнікі атрымлівалі індывідуальны код у класнага кіраўніка або самастойна рэгістраваліся па спасылцы на сайце Маскоўскай алімпіяды школьнікаў. Пераможцы і прызёры атрымалі электронныя дыпломы.

На рашэнне задач адводзіліся 4 гадзіны. Іх складанасць залежала ад класа ўдзельніка. Так, старшакласнікам прапаноўвалі задачы з розных абласцей генетыкі, уключаючы малекулярную генетыку, вірусалогію і генную інжынерыю.

Па словах навуковага кіраўніка Цэнтра педагагічнага майстэрства Івана Яшчанкі, адна з мэт алімпіяды — даць старт сістэмнай рабоце па развіцці таленту школьнікаў у галіне генетыкі. “Генетыка — адзін з ключавых раздзелаў сучаснай біялогіі, што хутка развіваюцца. Таму так важна зацікавіць школьнікаў, пака­заць, што ў сучаснай біялогіі важныя і фундаментальныя веды, і сумежныя прыродазнаўчыя навукі. Мы ўпэўнены, што ўдзел у алімпія­дзе па генетыцы дапаможа дзецям даведацца аб гэтай навуцы крыху больш, і, магчыма, у будучыні звязаць з ёй сваё жыццё”, — заявіў Іван Яшчанка.

Ён таксама адзначыў, што сёлета, як і раней, у Маскве падчас канікул будуць працаваць шматлікія летнія школы па розных прадметах. Але сваю дзейнасць яны арганізуюць у дыстанцыйным фармаце. “Праграма “Маскоўскія канікулы анлайн” — гэта дыстанцыйныя алімпіяды, конкурсы, анлайн-школы, курсы, запісы лекцый і майстар-класы. Запісацца на мерапрыемствы можна праз электронную сістэму рэгістрацыі. Праграма стартавала 1 чэрвеня. Гэта, напрыклад, анлайн-курсы па падрыхтоўцы да алімпіяд для школьнікаў 7—11 класаў, інтэнсіўны відэакурс па геаметрыі для 7-х і 8-х класаў, відэакурс па тэорыі верагоднасцей, статыстыцы і развіцці функцыянальнай пісьменнасці, курс “Навакольны свет. Прыродазнаўства” для настаўнікаў пачатковых класаў, вучняў 1—4 класаў і іх бацькоў. Працягваць можна доўга. А яшчэ — запісы вэбінараў Асацыяцыі пераможцаў алімпіяд па 24-х прадметах, якія даступны школьнікам з усёй Расіі”.

Падрыхтаваў Уладзімір МАТУСЕВІЧ.