Расія: настаўнікаў і школьнікаў навучаць працаваць у сацсетках

Новыя напрамкі “Пра адукацыю” і “Медыясотня РРШ” (расійскі рух школьнікаў), прысвечаныя навучанню рабоце ў сацыяльных сетках, запушчаны ў рамках конкурсу “ТопБЛОГ”, які ўваходзіць у прэзідэнцкую платформу “Расія — краіна магчымасцей”.

Кірунак “Пра адукацыю” рэалізуецца сумесна з Міністэрствам асветы Расійскай Федэрацыі, “Медыясотня РРШ” — у партнёрстве з Расійскім рухам школьнікаў, паведамляе МІА “Расія сёння”.

“Зараз мы прэзентуем яшчэ два новыя напрамкі: для работнікаў сферы адукацыі і бацькоў школьнікаў, а таксама для саміх старшакласнікаў. У абедзвюх спецыялізацыях для фіналістаў прадугледжана сістэма стажыровак і пост-суправаджэнне ад Мінасветы і Расійскага руху школьнікаў. Канкурсанты будуць мець магчымасць не толькі палепшыць свае навыкі паспяховага вядзення сацсетак, але і прафесійна вырасці дзякуючы праекту. Рэгістрацыя на конкурс прадоўжыцца да 5 лютага”, — адзначыў генеральны дырэктар АНА (аўтаномная некамерцыйная арганізацыя) “Расія — краіна магчымасцей” Аляксей Камісараў.

Удзельнікамі напрамку “Пра адукацыю” могуць стаць настаўнікі, выхавальнікі дзіцячых садоў, су­працоўнікі рэгіянальных міністэр­стваў і дэпартаментаў асветы, выкладчыкі тэхнікумаў, каледжаў, а таксама бацькі вучняў. Сярод экспертаў і настаўнікаў — прадстаўнікі Мінасветы, а таксама вядомыя блогеры.

У рамках напрамку “Медыясотня РРШ” дзеці, старэйшыя за 14 гадоў, атрымаюць навыкі вядзення супольнасцей сацыяльнай сеткі “УКантакце” і развіцця асабістых брэндаў. У кожным рэгіянальным аддзяленні РРШ будуць адабраны па 100 удзельнікаў, якія пройдуць навучанне. Да фіналу праекта з іх будзе выбрана сот­ня лепшых.

Самыя актыўныя “топ-блогеры” атрымаюць статус “Амбасадар” аднаго з расійскіх брэндаў, створаць прафесійнае партфоліа. Пераможцы праекта паедуць у тур па рэгіёнах, дзе разам з блогерамі-мільённікамі здымуць дакументальныя фільмы пра самыя прыгожыя месцы, падзеі і людзей Расіі.

Падрыхтаваў Уладзімір МАТУСЕВІЧ.