Расія: навукоўцы расказалі, да чаго могуць прывесці спробы выхаваць з дзіця генія

- 15:04Паралелі

У пяць гадоў аддаць у моўную школу, клуб робататэхнікі, у творчую студыю, можна яшчэ на спорт, а ўжо навучыцца чытаць па-руску сам бог загадаў у тры-чатыры гады. Чым бліжэй да школы, тым больш бацькоў будуюць глабальныя планы, як максімальна развіць інтэлект свайго дзіцяці. Але што думаюць на гэты конт спецыялісты? Як не перагнуць палку? Да чаго можа прывесці спроба абавязкова выхаваць з дзіцяці генія? Пра гэта на старонках “Расійскай газеты” разважае загадчык кафедры клінічнай псіхалогіі і псіхафізіялогіі, кіраўнік Лабараторыі мозгу УрФУ, прафесар Сяргей Кісялёў.

“Развіваць інтэлект не азначае, што трэба загрузіць дзіця звыш яго магчымасцей, — перакананы Сяргей Кісялёў. — Тут трэба дзейнічаць мудра. Усё павінна адпавядаць узроставаму ўзроўню развіцця”.

Скажам, дзіця вучаць у два гады чытац­ь. Так, яно ў 3—4 гады цалкам зможа выразна складваць словы, але будзе рабіць гэта чыста механічна. Гэта будзе замінац­ь яму засвойваць інфармацыю ў 6—7 гадоў, паслужыць тормазам для разумення сэнсу, для яго развіцця ў цэлым. І, наадварот, дзіця, якое навучылася чытаць у 6 гадоў, бу­дзе куды лепш засвойваць інфармацыю, чым тое, што навучылася чытаць у тры гады. У яго будзе куды больш глыбокае разуменне таго, што адбываецца.

Нельга апярэджваць узроставае развіццё мозгу дзіцяці. Тут трэба быць асабліва акуратным, каб у сваёй руплівасці не нашко­дзіць. Мудрыя бацькі тыя, хто суправаджае дзіця па жыцці, спрыяе адэкватнаму развіццю яго інтэлекту, а не грузіць яго непасільнымі задачамі і не вырашае іх жа за яго.

Для малога ўплыў бацькоў наогул з’яўляецца вызначальным, асабліва ў самыя першыя гады жыцця. Асабліва моцны ўплыў маці на ранніх этапах развіцця. Менавіта баць­кі ствараюць тое асяроддзе, дзякуючы якому могуць праявіцца ўсе таленты іх дзіцяці. Ці, наадварот, развіцца анамаліі, калі баць­кі будуць дзейнічаць няправільна. Да 6—7 гадоў — самы адказны перыяд.

Як адзначае Сяргей Кісялёў, даказана, што на 60% інтэлект чалавека абумоўлены генетыкай і на 40% — асяроддзем, у якім ён развіваецца. І з гэтага пункту гледжання, так, можна гадаваць інтэлектуалаў.

“Цалкам рэальна адабраць дзяцей з высокім інтэлектам, змясціць іх у асаблівыя ўмовы, што максімальна спрыяюць развіццю іх здольнасцей, — я маю на ўвазе нашы школы для асабліва адораных дзяцей. З часам гэта прынясе вынік”, — гаворыць навуковец.

Даказана, што знешняе асяроддзе ў некаторых выпадках настолькі моцна ўплывае на развіццё, што можа ў прынцыпе не дазволіць якімсьці генам праявіцца. Выкажам здагадку, калі даваць дзіцяці, хвораму на фенілкетанурыю (рэдкае спадчыннае захворванне, звязанае з парушэннем метабалізму амінакіслот), толькі пэўны від ежы, у яго не будзе выпрацоўвацца фермент, які спрыяе праяўленню гена, што выклікае разумовую адсталасць. І, наадварот, для таленавітага ад прыроды дзіцяці можна стварыць нейкае ўзба­гачанае асяроддзе, якое будзе максімальна спрыяць выяўленню яго талентаў.

Выкажам здагадку: можна развіць моўныя навыкі чалавека, яго матэматычныя здольнасці і г.д. Іншымі словамі, “фабрыка талентаў і геніяў” — гэта не такая ўжо фантастыка. Эйнштэйн, як вядома, у школе вучыўся дрэнна, нават па матэматыцы. Але як толькі былі створаны ўмовы, як толькі ён трапіў у іншае асяроддзе, праявіліся ўсе яго геніяльныя здольнасці.

Як адзначае Сяргей Кісялёў, калі меркаваць па выніках навуковай дзейнасці Эйнштэйна, ён быў класічным “левапаўшарным” чалавекам. Гэта значыць выдатным аналітыкам. Але ён яшчэ і музыку любіў, іграў на скрыпцы. А музычныя здольнасці — гэта, як вядома, вынік дзейнасці правага паўшар’я. Значыць, у яго абодва паўшар’і былі развіты, і дзякуючы адзінству гэтых двух стратэгій, асаблівасцям аналізу, цэласнаму ўяўленню атрымалася яму выйсці на новы ўзровень разумення нашага свету. Да ўсяго, ён нарадзіўся ў патрэбны час, калі ў свеце ўжо быў пэўны ўзровень назапашаных ведаў па матэматыцы. Гэта значыць, спрацаваў і фактар асяроддзя. Усё гэта ў сукупнасці дазволіла праявіцца паўнаце таленту Эйнштэйна.

Ва ўсіх крыніцах фігуруе, што ўзровень яго інтэлекту каля 200. Гэта значыць, адзін з самых высокіх у свеце. Ніякіх тэстаў на ўзровень інтэлекту Эйнштэйн, вядома, не праходзіў, яго ўзровень вызначылі па яго навуковых дасягненнях.

Як адзначаюць навукоўцы, можна мець вельмі высокі ўзровень IQ і абсалютна не знайсці сябе ў жыцці. І, наадварот, можна быць чалавекам з сярэднім узроўнем інтэлекту, але пры гэтым быць паспяховым у нейкай пэўнай нішы.

“Бо што такое IQ? Гэта нейкі набор здольнасцей, якія нам удалося выявіць і змераць дзякуючы пэўнаму тэсту, — гаворыць Сяргей Кісялёў. — Прычым методык вымярэння вельмі шмат. Самыя вядомыя і распаўсюджаныя — тэсты Векслера, Айзенка. Яны існу­юць ужо некалькі дзесяцігоддзяў. Кожны можа вымераць узровень свайго інтэлекту і парадавацца, калі ён высокі. Але толькі і ўсяго. На самай справе, у псіхалогіі няма агульнапрынятага разумення, што такое інтэлект, як яго замяраць і ці варта ўвогуле гэта рабіць. Цяпер усё большае распаўсюджванне атрымлівае ідэя практычнага інтэлекту, якую выказаў амерыканскі псіхолаг Стэрнберг. Па сутнасці, што такое 150, 160 балаў пры вымярэнні IQ традыцыйным спосабам? Па вялікім рахунку, гэтыя даныя мала пра што гавораць”.

Стэрнберг жа прапануе ўзяць за аснову даныя, якія характарызуюць галоўнае — наколькі чалавек паспяховы і змог рэалізавацца ў тым асяроддзі, у якім ён жыве. Класічны прыклад — гэта троечнік з невысокім узроўнем IQ, які раптам пасля школы стаў паспяховым прадпрымальнікам. Проста ў гэтага “прадпрымальніка” відавочна высокі ўзровень практычнага інтэлекту і, цалкам магчыма, сярэдні, а можа быць, нават нізкі ўзровень інтэлекту, калі яго замераць па традыцыйнай методыцы, скажам, таго ж Векслера. У школе гэты троечнік не мог у поўнай меры раскрыць свой патэнцыял, але, трапіўшы ў іншае асяроддзе, максімальна рэалізаваў усе магчымасці свайго практычнага інтэлекту.

Прыклады, дарэчы, могуць быць самыя розныя. Вось, скажам, прэзідэнт Буш. У яго, як вядома, быў не самы высокі ўзровень традыцыйнага IQ, з-за чаго многія адкрыта жартавалі, а вось практычны інтэлект лічыцца даволі высокім.

Кітайцы запусцілі сапраўдную “фабрыку геніяў”. На базе Інстытута геномікі яны стварылі спецыяльны цэнтр, дзе зараз поўным ходам вядуцца даследаванні ў галіне ін­тэлекту чалавека. У кітайцаў глабальная мэта — павысіць сукупны IQ нацыі на 5—15 пунктаў і дасягнуць, такім чынам, яшчэ большых поспехаў у эканоміцы. Для гэтага навукоўцы Паднябеснай старанна даследуюць геном людзей з высокімі інтэлектуальнымі здольнасцямі. Шукаюць спосабы, як зрабіць, каб яшчэ пры зачацці ў целе жанчыны з “разумнай” яйцаклеткай сустракаліся б самыя “разумныя” сперматазоіды, больш за тое, спецыяльна адбіраюць іх. Глядзяць, якія гены можна было б дадаць ці выключыць у ланцужку ДНК для таго, каб павысіць IQ чалавека. Нарэшце, разглядаюць, якое аптымальна спрыяльнае магло б быць знешняе асяроддзе для таго, каб у чалавека найбольш яскрава выявіліся закладзеныя ў ім прыродай інтэлектуальныя здольнасці.

Ідэя, прама скажам, рэвалюцыйная, амаль фантастычная. Але як ніколі актуальная, бо менавіта інтэлектуальныя дасягненні сёння ва ўсім свеце адыгрываюць вызначальную ролю і дазваляюць краінам станавіцца лідарамі. Эксперты неадназначныя ў ацэнках, ці ўдасца кітайцам у выніку нарадзіць армію разумнікаў. Але лічаць, што любыя навуковыя даследаванні ў галіне ін­тэлекту можна толькі вітаць. Іншае пытанне, ці ўдасца кітайцам дасягнуць жаданага выніку.

“Справа ў тым, што інтэлект — гэта ўсё ж такі вынік дзейнасці ўсяго мозгу, — каменціруе Сяргей Кісялёў. — А мозг — неверагодна складаная структура, на поспехі і правалы яго дзейнасці ўплываюць у сукупнасці тысячы, дзясяткі тысяч фактараў. Можна, вядома, правесці эксперымент: узяць адзін нейкі ген, памяняць на больш паспяховы і паглядзець, што з гэтага атрымаецца, наколькі зменіцца ін­тэлект чалавека. Але не больш за тое”.