Расія: “нездавальняюча” па паводзінах

- 12:49Паралелі

Чым скончацца сутычкі паміж настаўнікамі і вучнямі?

У Арэнбургу бурна абмяркоўваюць учынак настаўніка фізкультуры карэкцыйнай школы-інтэрната № 3. Ён прылюдна надзеў на галаву трэцякласніка плаўкі, забытыя хлопчыкам у басейне. Відавочцы расказалі пра інцыдэнт у сацыяльных сетках. Адміністрацыя школы спачатку зрабіла выгляд, што нічога не адбылося. Але службовая праверка паказала: гэтае здарэнне не выдумка. Праблему ўзаемаадносін школьных педагогаў і вучняў разглядае “Расійская газета”.

“Педагог з Арэнбурга прызнаў, што павёў сябе некарэктна, — кажа дырэктар школы-інтэрната № 3 Таццяна Буднікава. — Хлопчык не пацярпеў: з ім папрацаваў псіхолаг, які ўстанавіў, што траўмы няма”.

Галоўны фігурант — настаўнік з 27-гадовым стажам — расказаў, што раней ён быў настаўнікам у спартыўнай школе. У інтэрнаце працуе ўсяго год і пакуль не змог перабудавацца на работу з асаблівымі дзецьмі. Мама хлопчыка таксама прасіла не раздзімаць скандал, маўляў, дзіця ўспрыняло ўсё як жарт. Але рэгіянальныя чыноўнікі вырашылі не спускаць справу на тармазах. Абвясцілі вымовы і адхілілі настаўніка ад педагагічнай дзейнасці на час службовай праверкі.

Падобная гісторыя адбылася ў Астраханскай вобласці. Там, праўда, з педагогамі абышліся больш жорстка — усё кіраўніцтва Алтынжарскай школы і настаўніца малявання з 33-гадовым стажам былі звольнены. І вось чаму. На ўроку малявання здарыўся канфлікт паміж вучнямі 5 і 7 класаў. Пяцікласніку не хапіла месца за партамі, і ён маляваў, стоячы каля сцяны. 11-гадовы хлопчык прыціснуўся да фіранкі і выпадкова тузануў тканіну. Настаўніца падышла да яго і ўдарыла. Затым педагог, са слоў хлопчыка, сілай прымусіла яго сесці пад стол. Да цкавання падключыліся іншыя вучні. Яны сталі абзываць дзіця і кідаць у яго абутак. Настаўніца іх не спыніла.

Маці вучня звярнулася ў пракуратуру і заявіла, што яе сын перажыў стрэс і нават пачаў заікацца. Ён адмаўляецца ісці ў школу.

“Мы лічым недапушчальным любое некарэктнае стаўленне да навучэнцаў і бацькоў з боку настаўнікаў і кіраўніцтва школ. Усе гэтыя выпадкі мы гатовы спыняць максімальна аператыўна”, — пракаменціраваў сітуацыю міністр адукацыі і навукі Астраханскай вобласці Віталь Гутман. Прадстаўнік упраўлення МУС па Астраханскай вобласці Арцём Сладкоў растлумачыў: праводзіцца праверка.

Але чаму пакрыўдзіць вучня нельга, а публічна пакрыўдзіць настаўніка можна?

Іншы выпадак адбыўся ў Астрахані крыху раней. Сямікласнік паказаў бацькам відэа, на якім педагог “у выхаваўчых мэтах” пагражае яму судом і груба патрабуе сцерці ролік. Прычынай спрэчкі стала невыкананне дамашняга задання па грамадазнаўстве. Педагог пачаў размаўляць на павышаным тоне. А школьнік запісаў гэта на тэлефон. Настаўніку такія паводзіны не спадабаліся. Ён прыгразіў дзіцяці судом, а пасля адвёў яго ў настаўніцкую, дзе канфлікт працягнуўся.

Чым усё скончылася? Дырэктару школы ўнеслі прадстаўленне аб недапушчэнні падобнага, а настаўнік і класны кіраўнік былі прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці.

Чаму школы з храмаў ведаў ператвараюцца ў поле бітвы, дзе заўсёды ёсць нападаючыя і пацярпелыя? Дзе шукаць абарону?

Іншы погляд

Па даных аднаго з настаўніцкіх інтэрнэт-парталаў, ганенню з боку вучняў падвяргаюцца амаль 70% педагогаў. У апытанні прымалі ўдзел 2800 настаўнікаў. А вось што пішуць самі педагогі.

“Я, настаўнік з вышэйшай катэгорыяй і стажам амаль 40 гадоў, учора пайшла. Усё, больш не хачу. Дзеці становяцца нахабнымі, хамяць, адміністрацыя ў асобе дырэктара забяспечвае матэрыяльна сваю бясконцую радню ў школе. А настаўнікаў трэціруюць не толькі вучні, але яшчэ і дырэктар”.

“Правоў і магчымасцей у вучняў і іх бацькоў дастаткова. Ім усё можна, а настаўнік заўсёды ніжэй за плінтус”.

“Бацькі дрэнна ведаюць, як дзеці паводзяць сябе ў школе. Але, на вялікі жаль, і бацькі, і дзеці пад прыкрыццём сваіх бацькоў, а бацькі пад прыкрыццём органаў кіравання адукацыі вельмі добра ведаюць свае правы і часта пераходзяць межы ў сваім невуцтве і адкрытай непавазе і хамстве ў адносінах да настаўніка”.

Бацькі звычайна на баку дзіцяці, нават калі яно вінавата. І гэта зарумела.

Таццяна Баншчыкава, супрацоўнік Інстытута адукацыі і сацыяльных навук Паўночна-Каўказскага федэральнага ўніверсітэта, гаворыць:

“Даследаваннем агрэсіі ў педагогаў мы займаемся амаль 20 гадоў. За гэты час гатоўнасць да агрэсіі вырасла на 5 працэнтаў. Сённяшні школьнік, у адрозненне ад яго настаўнікаў, жыве ў іншым свеце, прасякнутым віртуальнай рэальнасцю, пры дапамозе якой можна зрабіць сябе папулярным і зарабіць грошы. Для гэтага не трэба добра вучыцца, выклаў фота — атрымлівай лайкі. Настаўнік, які шэсць гадзін побач, — цалкам падыходзячая кандыдатура для рэалізацыі прагі прызнання. Галоўнае — справакаваць, знайсці слабыя месцы і націснуць. Вось і слава прыйшла!

Думаю, што апошні выпадак менавіта пра гэта. Педагог заклапочаны выкананнем дамашняга задання вучнем. Калі б яму было ўсё роўна, ведае сямікласнік яго прадмет ці не, інцыдэнт не адбыўся б. Гэта не апраўдвае яго размовы з вучнем на павышаным тоне ў прысутнасці ўсяго класа. Але чаму пакрыўдзіць вучня нельга, а публічна пакрыўдзіць настаўніка можна?

Даследаванні паказалі, што агрэсіўных педагогаў можна ўмоўна падзяліць на дзве групы. Першую групу адрознівае павышаны фон трывожнасці, чаканне негатыўнага стаўлення да сябе, неабароненасць — запускаюцца механізмы абароны, тут агрэсія разглядаецца як інстынкт самазахавання і самарэалізацыі. Другая група характарызуецца некрытычнасцю да сябе, неадэкватна завышанай самаацэнкай.

Мабыць, у першым выпадку (з настаўнікам фізкультуры) можна выказаць здагадку, што настаўнік адносіцца да другой групы. Вопыт 27 гадоў работы з будучымі чэмпіёнамі выпрацаваў у педагогу стэрэатып дамінантных паводзін. А як выхоўваць чэмпіёнаў, калі не дэманстраваць ім на ўласным прыкладзе ўпэўненасць? Акрамя таго, у настаўніка заўсёды ёсць негатыўны вопыт непрыемных размоў з бацькамі наконт згубленых дзецьмі рэчаў. Зноў жа ўсё гэта не апраўдвае крык на дзяцей. Настаўніку неабходна ведаць узроставую псіхалогію.

Няпросты выпадак з настаўнікам малявання. Чаму два класы на адным уроку? Малакамплектная вясковая школа? Што значыць “не хапіла месца”? Праблема ў школе з крэсламі? 45 хвілін стоячы? Апраўданняў для такіх паводзін настаўніка няма. Дзіця атрымала псіхалагічную траўму.

Дзеці заўсёды ўмелі і ўмеюць вывесці з сябе любога, асабліва калі іх шмат, але яны не сталі больш жорсткімі і некіруемымі, яны жывуць у свеце, дзе агрэсія разглядаецца як пазітыўная якасць. Успомніце: агрэсіўная рэклама, эпатажныя паводзіны.

Многія настаўнікі навучыліся не рэагаваць на відавочныя правакацыі, максімальна ўхіляцца ад дзяцей, абмяжоўваючыся простым выкладаннем прадмета. Але гэта таксама не выйсце. Педагогу важна навучыцца называць, прамаўляць свае пачуцці, каб навучыць гэтаму дзяцей”.

Падрыхтаваў Уладзімір МАТУСЕВІЧ.