Расія: ніколі не позна пачынаць

Перападрыхтоўка работнікаў перадпенсіённага і пенсіённага ўзросту — адна з вострых праблем нашага часу. Службы занятасці, падраздзяленні руху WorldSkills арыентуюць на такую падрыхтоўку, пры якой людзі застануцца запатрабаванымі ў старой прафесіі або навучацца новай справе. Карэспандэнты “Российской газеты” праверылі, як у рэгіёнах ажыццяўляюцца такія праграмы навучання.

Масквічка Алена Мікалаеўна засталася без працы паўгода назад — па дамоўленасці з работадаўцам звольнілася, каб дапамагчы дачцэ з нованароджанай унучкай, але калі праз год папрасілася назад, кіраўнік толькі рукамі развёў: хоць і абяцаў, але ўзяў ужо на яе месца іншага чалавека. Алена абурацца не стала — які сэнс? Але і рукі не апусціла, тым больш што яны ў яе растуць з патрэбнага месца: пірагі і тарты жанчыны любяць не толькі ў сям’і — яна шчодра частавала выпечкай сяброў і таварышаў па службе, суседзяў. Спачатку пякла пад заказ, для тых, хто па­просіць, — проста каб падзарабіць. Потым дарослы сын навучыў, як можна “раскруціць” сябе з дапамогай сацыяльных сетак. Для гэтага Алена асвоіла і камп’ютар, і лічбавы фотаапарат. А зараз сур’ёзна падумвае, каб арандаваць памяшканне і адкрыць невялікі кандытарскі цэх: на кухні і без памочнікаў выконваць усе заказы яна ўжо не паспявае. Крута памяняць жыццё, а таксама спецыяльнасць няпроста, асабліва, калі табе за 45, 50 гадоў ці нават больш. Алена справілася самастойна. Іншым у яе сітуацыі могуць дапамагчы праграмы перанавучання.

Жыхарка Пскова Ірына Калініна больш за 30 гадоў працуе на адным і тым жа месцы — яна інжынер-будаўнік, даўно ўжо сама выкладае. Закон аб павышэнні пенсіённага ўзросту закрануў яе толькі адным бокам — 55 жанчыне споўнілася ў жніўні, таму ўзрост выхаду на пенсію павялічыўся толькі на паўгода. Зрэшты, расставацца з працай яна і не планавала. А ў Цэнтр занятасці прыйшла, каб павысіць прафесійны ўзро­вень. “Калі я атрымлівала адукацыю, камп’ютарнай графікі яшчэ проста не існавала, — тлумачыць яна, — а зараз гэты навык запатрабаваны, бо ўсё праектаванне вядзецца з дапамогай камп’ютара. Таму я скарысталася прапановай Цэнтра занятасці і прайшла навучанне па праграме “Аператар ЭВМ і ВМ з падрыхтоўкай у праграме AutoCAD”, якая мне была патрэбна”.

А вось Алене Слацінай, якая таксама прыйшла ў службу, каб навучыцца новай справе, пакуль не пашанцавала. Чвэрц­ь стагоддзя яна адпрацавала ў аўдытарскай кампаніі, але “фірма вычарпала сябе”: “Няма прамысловасці — няма аўдыту”. Алена Уладзіміраўна нядрэнна фатаграфуе, валодае камп’ютарам, таму адвучылася на дызайнера і ўладкавалася на працу ў Пячоры на прадпрыемства па вытворчасці пліткі. Але потым высветлілася, што заробак там толькі напалову белы, да таго ж і іншыя складанасці паўсталі. Прыйшлося звольніцца. Цяпер жанчына зноў у пошуку працы. “Су­працоўнікам цэнтра я вельмі ўдзячна, — расказвае Алена Слаціна, — усё выдатна арганізавана, а са мной выкладчык наогул займаўся індывідуальна. А вось калі справа тычыцца працаўладкавання… Цэнтр пачкамі выпускае манікюрак і фатографаў, але каб адкрыць прыватную справу, патрэбен стартавы капітал, ды і на рынку паслуг гэтых прафесій, па-мойму, з лішкам. У адміністрацыі Пскоўскай вобласці паведамілі: сёлета перавучвацца накіраваны ўжо 600 чалавек перад­пенсіённага ўзросту, што амаль у 2,5 разу вышэй за план. У 2020 годзе колькасць удзельнікаў такіх праграм павялічаць, таму што попыт вялікі.

У Белгародскай вобласці, якая таксама трапіла ў лік лідараў па перанавучанні людзей  перадпенсіённага ўзросту, у службе занятасці імкнуцца рыхтаваць кадры пад канкрэтную вакансію. Ва ўсякім разе, так атрымалася з жыхаркай пасёлка Чырвоная Яруга Наталляй Ткачэнка. “Па прафесіі я прадавец, але стан майго здароўя ўжо не дазваляў мне працаваць у гандлі, — расказвае яна. — У раённы Цэнтр занятасці прыйшла ад бязвыхаднасці, але там дапамаглі”. “Мы выявілі яе ўменні, даведаліся аб перавагах, улічылі і стан здароўя, — адзначае вядучы інспектар Цэнтра занятасці Нэлі Гашчанка. — Нам важна, каб чалавек не проста атрымаў прафесію, але і працаўладкаваўся потым. Для Н.Ткачэнка падабралі прафесію аператара газавай кацельні, паралельна пачалі апытваць і патэнцыяльных работадаўцаў, каму патрэбныя такія спецыялісты. Аказалася, што зусім хутка адкрыецца вакансія ў кацельні Краснаяружскага сацыяльна-рэабілітацыйнага цэнтра — якраз тое, што было патрэбна”.

У Алтайскім краі таксама актыўна ўзяліся за працаўладкаванне тых, каму хутка на пенсію, — з пачатку года на студэнцкую лаўку тут села ўжо больш за 1300 чалавек. “У праекце ўдзельнічаюць як працуючыя, так і непрацуючыя людзі перадпенсіённага ўзросту, — паведамілі ва ўпраўленні па працы і занятасці насельніцтва. — Для незанятых мы спачатку падбіраем падыходзячае месца працы і толькі потым накіроўваем на бясплатнае перанавучанне. Таму практычна ўсе ўдзельнікі праекта уладкоўваюцца на працу”.

Часцей за ўсё людзі перадпенсіённага ўзросту выбіра­юць спецыяльнасці, блізкія да іх ранейшай прафесіі. Але ёсць і тыя, хто кардынальна мяняе сферу дзейнасці. Так, Мікалай Тупіцын з Зарынска ў 59 гадоў не пабаяўся пачаць усё з нуля, і з інжынера-механіка з вялікім вопытам кіраўніцкай работы перакваліфікаваўся ў школьнага настаўніка тэхналогіі. “Я працаваў і загадчыкам майстэрні, і галоўным інжынерам, — расказаў ён. — Але з узростам здароўе стала падводзіць, давялося звольніцца. Звярнуўся ў Цэнтр занятасці, дзе мне спачатку шукалі вакансіі па ранейшай спецыяльнасці, а потым прапанавалі змяніць прафесію. Спачатку я нават разгубіўся — ніколі не ўяўляў сябе ў ролі настаўніка. Але дырэктар школы пераканала мяне, што ўжо калі я кіраваў дарослымі, то і з дзецьмі спраўлюся. І вось з 1 верасня вяду ў хлопчыкаў 5—10 класаў тэхналогію, вучу іх карыстацца слясарным, такарным інструментам”. Перад пачаткам заняткаў Мікалай Васільевіч пратэсціраваў існуючы інвентар і станкі, папрасіў аснасціць кабінет камп’ютарам і праектарам. І сёння пад яго кіраўніцтвам хлопцы не толькі засвойваюць тэорыю працы з інструментам, але і вучацца самастойна трымаць у руках рубанкі і лобзікі, габляваць, свідраваць, выпілоўваць. “У мяне практычна кожны дзень па шэсць урокаў. З непрывычкі прыходзіцца нялёгка. Спадзяюся, што калі набяруся вопыту і атрымаю неабходныя навыкі, паступова ўцягнуся ў працоўны рытм”, — кажа наваспечаны настаўнік. Пры гэтым педагог-пачатковец сам пакуль яшчэ студэнт — ён заканчвае дыстанцыйныя курсы ў Алтайскім педуніверсітэце.