Расія пачала вывад войск

- 11:24Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін загадаў 15 сакавіка пачаць вывад асноўнай часткі расійскай ваеннай групоўкі з Сірыі. Такое распараджэнне ён аддаў 14 сакавіка на сустрэчы з кіраўніком расійскага абароннага ведамства Сяргеем Шайгу.

“Задача, пастаўленая перад Міністэрствам абароны і Узброенымі сіламі, у цэлым выканана, таму загадваю міністру абароны з 15 сакавіка пачаць вывад асноўнай часткі нашай воінскай групоўкі з Сірыйскай Арабскай Рэспублікі”, — сказаў Уладзімір Пуцін.
Прэзідэнт адзначыў, што пункты базіравання расійскіх Узброеных сіл у Тартусе (марскі) і Хмейміме (авіяцыйны) будуць функцыянаваць у ранейшым рэжыме і павінны быць надзейна абаронены з сушы, мора і паветра. Рашэнне аб пачатку вываду расійскай групоўкі з Сірыі паслужыць добрым сігналам для ўсіх канфліктуючых бакоў і павысіць узровень даверу для мірнага вырашэння канфлікту, лічыць Уладзімір Пуцін. “Прашу Міністэрства замежных спраў інтэнсіфікаваць удзел Расійскай Федэрацыі ў арганізацыі мірнага працэсу па вырашэнні сірыйскай праблемы”, — сказаў ён.
Прэс-сакратар Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі Дзмітрый Пяскоў адзначыў, што Уладзімір Пуцін абмеркаваў гэтае рашэнне з Прэзідэнтам Сірыі.
У сваю чаргу кіраўнік Мінабароны Сяргей Шайгу заявіў аб дасягненні істотнага пералому ў барацьбе з тэрарыстамі ў Сірыі. Ён паведаміў, што пры падтрымцы расійскай авіяцыі сірыйскія войскі вызвалілі 400 населеных пунктаў і больш за 10 тысяч кв. км тэрыторыі. Расійская авіяцыя ў Сірыі знішчыла 209 аб’ектаў нафтаздабычы і перапрацоўкі, якія былі ў руках баевікоў, а таксама 2912 сродкаў дастаўкі нафтапрадуктаў, дадаў Сяргей Шайгу.
У Сірыі з 27 лютага па прапанове Расіі і ЗША дзейнічае рэжым спынення агню, які не распаўсюджваецца на групоўкі, прызнаныя Саветам Бяспекі ААН тэрарыстычнымі.
Расійская ваенная аперацыя ў Сірыі пачалася 30 верасня 2015 года. У гэты дзень Савет Федэрацыі адобрыў выкарыстанне расійскіх войск у гэтай краіне.