Расія: падчас асноўнага дзяржаўнага экзамену з 2020 года будуць ставіць доследы і працаваць з прыборамі

- 13:09Паралелі

У 2019/2020 навучальным годзе здаваць выпускныя экзамены ў 9-х класах будуць школьнікі, якія з 5 па 9 клас вучыліся на аснове федэральных дзяржаўных стандартаў, прынятых у 2010 годзе. Гэта запатрабуе ўнясення карэктываў у экзаменацыйныя мадэлі асноўнага дзяржаўнага экзамену.

Новы федэральны стандарт ужо ўвайшоў у жыццё адукацыйных арганізацый, а неўзабаве стане рэальнасцю і новая мадэль падвядзення вынікаў яго асваення, падкрэсліла дырэктар Федэральнага інстытута педагагічных вымярэнняў (ФІПВ) Аксана Рашэтнікава ў сваім выступленні падчас круглага стала, які адбыўся ў інстытуце.

Распрацоўшчыкі дакумента зрабілі акцэнт на так званы сістэмна-дзейнасны падыход. “Гэта значыць, што цэнтр цяжару пры ацэнцы вучэбных дасягненняў школьнікаў будзе перанесены з ведаў на ўменне іх прымяняць: вызначаць, тлумачыць, разважаць, аргументаваць”, — патлумачыла Аксана Рашэтнікава.

У новай рэдакцыі стандарту закладзена таксама паняцце “метапрадметныя вынікі”. Гэта “некаторыя ўніверсальныя ўменні, што выкарыстоўваюцца як падчас навучання па любым прадмеце, так і ў жыццёвай сітуацыі”. Напрыклад, сэнсавае чытанне, уменне выкарыстоўваць маўленчыя сродкі ў адпаведнасці з канкрэтнай камунікатыўнай задачай. Пры гэтым новыя мадэлі кантрольных вымяральных матэрыялаў (КВМ) для АДЭ па рускай мове, матэматыцы, замежных мовах і літаратуры будуць апублікаваны ў 2019 годзе.

Лічбавая трансфармацыя эканомікі патрабуе як высокакваліфікаваных карыстальнікаў, якія не з’яўляюцца ІТ-спецыялістамі, так і вялікай колькасці спецыялістаў у галіне інфармацыйных тэхналогій. “Мы імкнуліся ў новай мадэлі экзамену ахапіць абодва гэтыя сегменты”, — паведаміў кіраўнік Федэральнай камісіі распрацоўшчыкаў матэрыялаў для дзяржакрэдытацыі па інфарматыцы Сяргей Крылоў.

“Ад рэпрадуктыўных заданняў мы сыходзім у бок творчых, што прадугледжваюць вырашэнне пэўных практычных задач, аргументацыю свайго стаўлення да сацыяльных з’яў, апоры на асабісты вопыт сацыяльных узаемадзеянняў. Імкнёмся, каб выпускнікі маглі пры вывучэнні нашага вучэбнага прадмета атрымаць веды, патрэбныя ім для жыцця, а на нашым экзамене паказаць іх”, — патлумачыла Аксана Рашэтнікава.

Так, з’явіўся шэраг заданняў, пры дапамозе якіх можна праверыць, ці могуць выпускнікі карыстацца рознымі вымяральнымі прыборамі, правільна здымаць іх паказанні. Школьнік, які заканчвае 9 клас, павінен мець уяўленне пра ўласны арганізм. “Запыт на здароўе, на правільнае харчаванне, здаровы лад жыцця — гэта цяпер запыт сацыяльны”, — адзначыў кіраўнік Федэральнай камісіі распрацоўшчыкаў матэрыялаў па біялогіі Валяр’ян Рахлоў. Адным з заданняў блока “Чалавек і яго здароўе” стане складанне рацыёну харчавання і высновы па выніках. “Нам удалося звязаць у гэтай мадэлі звычайныя разлікі з пашыранай базай прадуктаў”, — растлумачыў ён.

Многія заданні новай рэдакцыі АДЭ прадугледжваюць работу з кантэкстам. Вось як гэта выглядае на прыкладзе хіміі. Самы хімічна актыўны неметал фтор у некаторых выпадках трактуецца як разбуральнік. З іншага боку, праз рэкламу часам гучыць фраза, што фтор — найважнейшы кампанент зубной пасты.

“Разуменне, чаму ў розных кантэкстах пэўнае слова можа мець розныя значэнні, правяраецца ў адным з першых заданняў нашых матэрыялаў”, — падзяліўся кіраўнік Федэральнай камісіі па распрацоўцы заданняў па хіміі Дзмітрый Даброцін.

Упершыню ў экзаменацыйныя матэрыялы ўключана і праца з рэальнымі інфармацыйнымі паведамленнямі СМІ — інтэрнэт-парталы, інфармагенцтвы.

“Гэта можна ахарактарызаваць як ацэнку агульнай пісьменнасці выпускніка”, — растлумачыў вядучы навуковы супрацоўнік ФІПВ Вадзім Барабанаў. Гэты від пісьменнасці мае на ўвазе ўменне лакалізаваць з’яву ў прасторы, ацэньваць яе, а галоўнае, выкарыстоўваць для рашэння не толькі вучэбных, але і практыка-арыентаваных задач.

Падрыхтаваў Уладзімір МАТУСЕВІЧ.