Расія: платформа “Расія — краіна магчымасцей” запусціла праект “Час кар’еры”

Платформа “Расія — краіна магчымасцей”, якая адзначае ў пятніцу двухгоддзе з дня стварэння, запускае свой 25-ы праект — “Час кар’еры”, накіраваны на са­дзейнічанне працаўладкаванню і прафесійнаму развіццю студэнтаў і выпускнікоў ВНУ, стварэнне ўмоў для развіцця іх кампетэнцый і канкурэнтаздольнасці, а таксама на аказанне дапамогі кампаніям у падборы кадраў, паведамляе прэс-служба АНА “РСВ”.

Напярэдадні АНА “РСВ”, Мінадукнавукі Расіі і Уральскі федэральны ўніверсітэт, які праводзіў падобную акцыю штогод з 2014 года, арганізавалі дзесяцігадзінны анлайн-марафон, падчас якога былі апрабаваны інтэрактыўныя фарматы ўзаемадзеяння работадаўцаў з маладымі спецыялістамі. Марафон на старонцы праекта “УКантакце” (https://vk.com/timeforcareer) сабраў звыш 500 тысяч праглядаў.

“Кар’ерны чат-бот, анлайн-субяседаванні, майстар-класы аб трэндах рынку працы — усё гэта знайшло водгук у студэнтаў і будзе выкарыстоўвацца і далей. Чат-бот дазваляе падпісацца на прапановы галін, якія цікавяць, і працягне папаўняцца праверанымі прапановамі для студэнтаў. Мы плануем выкарыстоў­ваць некаторыя элементы гэтага фармату восенню ўжо на ўсерасійскім узроўні“, — прывялі ў прэс-службе каментарый генеральнага дырэктара АНА “Расія — краіна магчымасцей ” Аляксея Камісарава.

Удзельнікамі праекта могуць стаць студэнты ВНУ і ССНУ, выпускнікі і маладыя спецыялісты ва ўзросце да 30 гадоў.

“У рамках праекта будуць праводзіцца федэральны конкурс “Залатая стажыроўка” з уручэннем прызоў, а таксама разнастайныя адукацыйныя і кансультацыйныя мерапрыемствы для студэнтаў і выпускнікоў. Паўсотні лепшых удзельнікаў конкурсу змогуць выйграць стажыроўку па сваім профілі ў вядучых расійскіх кампаніях. Прычым гэта будуць не толькі стажыроўкі на стартавых пазіцыях, а некаторыя будуць аплачвацца”, — дадаў А.Камісараў.

Прыняць удзел у “Залатой стажыроўцы” зможа студэнт любой ВНУ Расіі са жніўня, калі будзе дадзены старт конкурсу. Удзельнікаў чакае анлайн-тэст на вы­значэнне ўзроўню агульнакультурнага і прафесійнага развіцця, а пасля — субяседаванне ў кампаніях. Імёны 50 пераможцаў будуць названы ў дзень усерасійскай акцыі “Час кар’еры”. Чакаецца, што акцыя збярэ 200 кампаній-работадаўцаў і каля 60 тысяч зацікаўленых у кар’еры студэнтаў.

Аляксей Камісараў нагадаў, што за два гады існавання АНА “Расія — краіна магчымасцей”, колькасць праектаў, якія рэалізуюцца на платформе, падвоілася, а колькасць іх удзельнікаў перавысіла 3,5 мільёна.

“За гэтыя два гады мы ўжо дапамаглі самарэалізавацца тысячам школьнікаў і студэнтаў, кіраўнікоў і інжынераў, навукоўцаў і медыкаў, фінансістаў і палітыкаў, IT-спецыялістаў і валанцёраў, людзей рабочых прафесій і важатых, атэльераў і тураператараў. Сотні адукацыйных мерапрыемстваў і конкурсных выпрабаванняў, больш як два дзясяткі праектаў і конкурсаў, тысячы гісторый поспеху, звыш 3,5 мільёна расіян, якія далучыліся да нас з усіх куткоў краіны, — гэты шлях мы прайшлі разам. За гэты час больш за 180 “лідараў Расіі” атрымалі новыя назначэнні — сталі губернатарамі, намеснікамі федэральных міністраў, кіраўнікамі кампаній. Тысячы расіян прайшлі навучанне ў нашым адукацыйным цэнтры — майстэрні кіравання “Сенеж”. 830 прататыпаў ІТ-прадуктаў былі створаны ў 2019 годзе ўдзельнікамі “Лічбавага прарыву”, а фінал праекта ўвайшоў у Кнігу рэкордаў Гінеса як самы вялікі хакатон. Больш за тысячу каманд школьнікаў распрацавалі бізнес-праекты дзякуючы ўдзелу ў конкурсе “Мой першы бізнес”, 9 сінглаў выпусцілі ўдзельнікі фестывалю “Расійская студэнцкая вясна”, — адзначыў ён.

Падрыхтаваў Уладзімір МАТУСЕВІЧ.